Заснавальніца сайта “Нашы дзеткі”: Дзеці таксама прыстасоўваюцца да крызісу

Еўрарадыё паразмаўляла з заснавальніцай сайта “Нашы дзеткі” Крысцінай Вітушка пра даступнасць цэнаў на цацкі для звычайных беларусаў, пра іх якасць, пра тое, як дзеці перажываюць цяжкасці, што ўзнікаюць у іх бацькоў.

Крысціна Вітушка: У краіне крызіс... Напэўна ўсе, хто жыве ў Беларусі, усе разумеюць, што адбываецца. Але, тым не менш, не з’язджаюць, а працягваюць гадаваць дзяцей, уваходзіць у нейкі “клуб ананімных аптымістаў”...

Хацелася, каб нашы дзеці мелі паўнавартаснае дзяцінства і абавязковы элемент дзіцячага жыцця — гульні і цацкі. Цацак у крамах шмат, нягледзячы на крызіс — гэта ўсё ж прыбытковы бізнэс. Цацкі ёсць, як традыцыйныя, якія былі ў нашым дзяцінстве, так і нейкія новыя, з новымі магчымасцямі, з электроннымі прыладамі, з нейкімі электрычнымі ўключальнікамі. Цацкі, якія размаўляюць, паўтараюць і ледзьве не ядуць самі, пры гэтым карыстаюцца памперсамі, але маленькія дзеткі па-ранейшаму любяць мыльныя бурбалкі і звычайныя паветраныя шарыкі.

Еўрарадыё: То бок уся гэтая тэхналогія ў цацках — яна дзецям не так цікавая?

Крысціна Вітушка: Старэйшыя дзеткі, якія ўжо пайшлі ў школку, цікавяцца і гэтым. Увогуле, дзецям цікава ўсё, што яны могуць скарыстаць, як цацку. Яны б ахвотна карысталіся і мабільнымі тэлефонамі, і навігатарамі, і любымі дарослымі прыладамі, калі б дарослыя дазволілі лічыць іх цацкамі...

Тое, што ўзніклі нейкія цяжкасці ў бацькоў, зусім не кажа пра тое, што дзеці будуць пры гэтым жыць сумна. Яна прыстасуюць пад цацку ўсё, што патрапіцца ім пад руку, яны сабе нешта намалююць, выражуць. І мне здаецца, што ў гэты складаны час больш цэніцца мастацтва, рабіць цацкі з паперы, з нітак, з любых падручных матэрыялаў. Людзі не выносяць цацкі ў падвал ці на гарышча, а актыўна дзеляцца імі са сваімі сваякамі, са сваімі сябрамі.

Еўрарадыё: Зараз у крамах ёсць шмат цацак, пры чым, як айчыннай вытворчасці, так і замежнай. Ці заўважная розніца паміж іх якасцю?

Крысціна Вітушка: На жаль, айчынных цацак менш, чым цацак прывазных. І, на жаль, да нас прывозяць найперш самыя танныя — тыя цацкі, якія не заўсёды бываюць якасныя. Прывазныя цацкі можна падзяліць на дзве катэгорыі: альбо вельмі вядомыя брэнды, адпаведна якасныя і дарагія, альбо зусім танныя, смярдзючыя і тыя, што хутка ламаюцца. Такіх сярэдніх, якасных цацак у беларускіх крамах мала і іх лягчэй знайсці ў Вільні, у Варшаве.

Беларускіх цацак стала меней. Можа быць, вытворцы не падрыхтаваныя да сезону, можа быць, як заўсёды, для іх зіма падышла раптоўна... Але ёсць і добрыя вытворцы, якія робяць выдатныя цацкі.

Еўрарадыё: А як крызіс адбіўся на коштах цацак?

Крысціна Вітушка: Цацкі падаражэлі вельмі значна. На форуме ў нас абмяркоўвалася, калі ў сувязі са зменамі курсу валют пачалі даражэць цацкі ў інтэрнэт-крамах, там, дзе цэнаўтварэнне больш гнуткае, мабільнае. Абмяркоўвалася, што трэба хутчэй бегчы ў дзяржаўныя крамы, дзе яшчэ не паспелі змяніць кошты на старыя цацкі. Можна было па больш-менш прымальных коштах набыць тое ж самае “лега”, якое цяпер проста недаступнае для большасці беларускіх сем'яў.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі