Замест АЭС навукоўцы прапанавалі зрабіць у зямлі дзіру ў 2 кіламетры

Будаваць атамную станцыю неэкалагічна і неэканамічна. І пакуль доля атамнай энергетыкі ў свеце ў бліжэйшыя 10 гадоў будзе няўхільна скарачацца, Беларусь робіць памылку, за якую разлічвацца давядзецца і сучаснікам, і нашчадкам. Такое меркаванне выказаў акадэмік Расійскай Акадэміі навук Аляксей Яблакаў, які ўдзельнічае ў грамадскай экалагічнай экспертызе праекту будаўніцтва беларускай АЭС. Паводле яго словаў, замест атамнай станцыі беларусам значна выгадней было б звярнуцца да геатэрмальнай энергетыкі. Гэта ў 4 разы танней, а магутнасць такая ж самая, як у АЭС.

Аляксей Яблакаў: “Ёсць тэхналогіі, якія пакуль што не выкарыстоўваюцца, але ўжо распрацаваныя, — нізкатэмпературныя геатэрмальныя. У якім заўгодна месцы Зямлі можна прасвідраваць дзірку. На глыбіні ў кіламетр ці два ёсць цёплыя пароды ў 100-150 градусаў, запампоўваецца вада альбо, калі гарачая вада ёсць, адтуль бярэцца — і ўсё! У якім заўгодна месцы Зямлі — у Беларусі таксама! Гэта каштуе ў 4 разы танней, чым пабудаваць атамную станцыю. І экалагічна прымальна”.

Як падкрэслівае акадэмік, праектанты беларускай АЭС цалкам ігнаруюць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Хаця сёння развітыя краіны актыўна выкарыстоўваюць энергію ветру, сонца ці, напрыклад, марскога прыбою.

Аляксей Яблакаў: “Яны кажуць, што ў свеце заканчваюцца ці блізкія да вычарпання нафтавыя, газавыя, вуглевадародныя рэсурсы — і таму нічога іншага не застаецца, як атамная энергетыка. Гэта абсалютна не так! Досвед многіх краін сведчыць, наколькі велізарныя рэзервы ёсць для нетрадыцыйных, альтэрнатыўных крыніц энергіі — найперш ветравой і сонечнай”.

Яшчэ адной альтэрнатывай АЭС, на думку акадэміка, мог бы стаць сланцавы газ, вялізныя радовішчы якога да сёння практычна не выкарыстоўваліся. Цяпер на яго актыўна пераходзяць амерыканцы і японцы.

Аляксей Яблакаў:
“Літаральна тыдзень таму Амерыка адмовілася купляць звадкаваны газ у Расіі. Таму што яна пачала выкарыстоўваць сланцавы газ. Ніхто 3-4 гады таму не гаварыў пра сланцавы газ! Але, як выявілася, такія велізарныя рэзервы, што зараз ледзьве не 5-6 адсоткаў амерыканскага энергаспажывання арыентаваныя на сланцавы газ. Амерыка ўвогуле выходзіць з залежнасці і ад Расіі, і ад Арабскіх Эміратаў. За кошт чаго? Сланцавы газ! Тэхналогія, якая была вядомая 150 гадоў! Яна была вядомая, але не выкарыстоўвалася”.

Зрэшты, нават сама атамная энергетыка сёння з’яўляецца ўжо састарэлай тэхналогіяй. Аляксей Яблакаў падкрэслівае, што ў бліжэйшыя 10 гадоў колькасць дзейсных АЭС будзе няўхільна скарачацца: большасць з іх ужо амаль адпрацавалі свой тэрмін. Да таго ж, рост узроўню спажывання энергіі ў свеце паступова стабілізуецца, а дзе-нідзе нават і скарачаецца дзякуючы энергазберагальным праграмам.

Аляксей Яблакаў: “Праектанты зыходзяць з таго, што ў свеце будзе расці спажыванне энергіі. Гэта не так! Ва ўсіх вядучых краінах спажыванне стабілізуецца, а дзе-нідзе і нават скарачаецца. Таму што ўводзяцца новыя энергазберагальныя тэхналогіі. Праектанты зыходзяць з таго, што сусветная тэндэнцыя — гэта развіццё атамнай энергетыкі. Гэта не так! Таму што падлікі сведчаць, што ўсе 444 рэактары, якія ёсць, вельмі старыя. У бліжэйшы час пачнецца іх масавае вывядзенне з працы — на працягу 10 гадоў. І колькі б ні будавалася, агульная доля атамнай энергетыкі ў свеце будзе не павялічвацца, а скарачацца”.

Дарэчы, адзначае акадэмік, у Беларусі энергазберагальныя праграмы, ухваленыя ўрадам, таксама даюць свой плён. Да прыкладу, у нас уведзеныя нормы на выкарыстанне паліва транспартам, а таксама будуюцца энергазберагальныя дамы. Працуе і асветніцкая праграма, якая вучыць беларусаў ашчаджаць энергію на працы і дома.



Фота з www.cleanenergyclassrooms.ca

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі