За піва і вогнішча не ў тым месцы штраф — 35 кілаграмаў шашлыка

У лесе аматараў турызму могуць чакаць дзве непрыемнасці. Па-першае, ўезд у лес можа быць забаронены праз пажарную небяспеку. Па-другое, можна атрымаць штраф за распіцце алкаголю, бо ў пэўных выпадках лес можа стаць грамадскім месцам.

Але як даведацца, што менавіта ў гэты лес заязджаць нельга, Еўрарадыё запыталася ў галоўнага спецыяліста сектара па ахове лесу Міністэрства лясной гаспадаркі Паўла Дземянцея.

Павел Дземянцей: “Першае, на што варта звярнуць увагу, — ці закрытыя на дарозе шлагбаўмы. Гэта першая прыкмета таго, што рашэнне ёсць. На шлагбаўмах усталёўваюцца абвесткі, што высокі ўзровень пажарнай бяспекі і ўезд у лес забаронены”.

Але вогнішча дазволена раскладваць не паўсюль.

“Ёсць участкі, дзе вогнішча забаронена распальваць заўжды на працягу летняга сезона. Гэта маладыя хвойныя насаджэнні вышынёй да 15 метраў. Буралом, месцы з сухой травой, тарфянікі. То бок месцы, дзе ёсць багата гаручага матэрыялу і дзе высокая верагоднасць пажару”, — кажа Павал Дземянцей.

Да вогнішча прыраўноўваецца мангал і барбекю. Дарэчы, касцёр трэба разводзіць на адкрытым месцы: на ўзлеску ці прагалінцы.

“Вогнішча мусіць быць невялікіх памераў. Абавязкова абкапаны па крузе ад травы і дзірвану на 0,25 метра — штык рыдлёўкі”.


Піва ды іншыя алкагольныя напоі распіваць у лесе і можна, і нельга адначасова. Усё залежыць ад таго, ці з’яўляецца гэты лес менавіта цяпер "грамадскім месцам". Бо гэта, як патлумачылі ў брэсцкай міліцыі, панятак пераменны.

“Усё залежыць ад таго, колькі там адпачывае людзей. 1-2 чалавека ў кампаніі, то гэта — не. А калі там шмат кампаній, ёсць маленькія дзеці, то тады ўжо гэта грамадскае месца і распіцце там забароненае”.


Незалежна ад таго, колькі ў кампаніі чалавек, нельга ўжываць алкагольныя напоі ў межах горада. Нават калі гэта густы лес. Таксама не дазволена “ўжываць” у лесе, калі вас бачна з бліжэйшай дарогі — тады лес пераўтвараецца ў грамадскае месца. Калі вы ўсё ж парушылі і напаткалі нарад міліцыі, то могуць выпісаць штраф да 8 базавых велічыняў — 280 тысяч рублёў.

А за вогнішча ў недазволеным месцы можна атрымаць і таго болей — да 12 базавых велічыняў, ці 420 тысяч. То бок за шашлык з півам у лесе можна аддаць 700 тысяч. Гэта 35 кілаграмаў шашлыка.

Паводле інфармацыі на 10 чэрвеня, нельга адпачываць у лясах Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай вобласці, за выключэннем Мінскага раёна. Забарона ўведзеная ў Віцебскім і Полацкім раёнах, у Асіповіцкім, Клічэўскім і Чэрыкаўскім раёнах Магілёўскай вобласці, а таксама ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Гэта звязана з высокай пажарнай небяспекай у гэтых месцах.

Фота: turistuzemli.ucoz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі