За год сацыяльнае малако падаражэла на 100%!

120813 Savich Pradukty.mp3

Прадаўцы шмат якіх мінскіх крам на пытанне Еўрарадыё "Дзе ў вас сацыяльна значныя прадукты?" перапытваюць адзін аднаго, што за чорт такі — “сацыяльныя прадукты”?

У іншых узгадваюць: “Малако, хлеб — вунь вашыя сацыяльныя прадукты”. Паводле версіі прадаўцоў, сацыяльныя прадукты “каштуюць капейкі” — таму і сацыяльныя.

Згодна з падлікамі Еўрарадыё, “капеечныя сацыяльныя прадукты” ўсяго за год выраслі ў коштах удвая і болей!

“Малако 0.9 літра і тлустасцю 3,7 % каштуе цяпер 5 400 рублёў, а ў снежні мінулага года літр малака тлустасцю 3,6 % каштаваў 2580”, — распавядаюць ва ўніверсаме “Віцебск”.

Атрымліваецца, менш як за год літр малака падаражэў болей чым ў два разы, ці больш чым на 100%! Такая ж коштавая гісторыя і з хлебам. Калі зараз хлеб жытні 850 грамаў ў гэтай краме каштуе 5 450 рублёў, то летась за гэтую суму можна было купіць два такія боханы. Зноў прырост коштаў на 100%!

Сацыяльныя батон і кефір у параўнанні з мінулым годам падаражэлі ў сярэднім на 60-90%. А вось тушкі куранят-бройлераў і ўвогуле патаннелі — зараз каштуюць 24 550 за кілаграм, а ў 2011 годзе трохі больш за 25 000 рублёў.

Дарэчы, са жніўня на сацыяльнае малако гандлёвая накрутка не павінна перавышаць 8%.

“Я ж хаджу па крамах, бачу кошты, і яны перыядычна адрозніваюцца ад нашых, а значыць, трохі больш накруцілі, — кажуць ва ўніверсаме “Віцебск”.Калі гэта выкрыецца, гандлёвая кропка будзе аштрафаваная з канфіскацыяй тавару. Гэта ж сацыяльныя тавары!”

Як даведалася Еўрарадыё, спіс сацыяльна значных тавараў зараз пашыраны да 27 пазіцый толькі прадуктаў. У спісе засталіся малако, хлеб, мяса. Але прапалі гуркі і памідоры, яблыкі, бананы, апельсіны і лімоны, і нават бульба знікла з “сацыяльна значнага спісу”.

Дзеля эксперыменту цікаўлюся, колькі ж каштавала і каштуе цяпер не “сацыяльна значная бульба”.

“Бульба цяпер каштуе 3180, а ў мінулым годзе… Ну, давайце разважаць, прыкладна 2 500 рублёў, ну максімум тры”, — разважаюць у гандлёвым доме “Палессе”.

Атрымліваецца, бульба — не сацыяльны прадукт — за год падаражэла ўсяго на 27%! Вось табе і не сацыяльная.

Дарэчы, карыстальнікі твітара і сябры Еўрарадыё ў сацсетках з самых сацыяльна значных тавараў называюць прэзерватыў! На другім месцы — малако і хлеб, а на трэцім — пладова-ягадныя віны.

Жартуюць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі