Віцебскі аблвыканкам купляе “неслужбовае аўто” за 46 тысяч долараў

130409_savich_auto.mp3

На сайце дзяржзакупак — чарговы аўкцыён на набыванне аўтамабіляў. Віцебскі аблвыканкам купляе аўтобус — Volkswagen Caravelle Comfortline ці аналаг. 

“Другі раз ужо спрабуем купляць...”, — скардзяцца ў Віцебскім аблвыканкаме.

Цікава, што ненабытае аўто ўжо “ўпісана” ў губернатарскі гараж. На пытанне Еўрарадыё, ці ведаюць чыноўнікі пра прэзідэнцкі ўказ пра ліміт на кошт службовага аўто, у аблвыканкаме кажуць, што гэта пакупка як бы і не падпадае пад азначэнне "службовы".

“Вы ведаеце пра прэзідэнцкі ўказ? Пра які клас аўтамабіляў — пра службовыя!  Дык гэта ж не службовы! Вы разумееце розніцу паміж службовым аўтамабілем і мікрааўтобусам?” — цярпліва тлумачыць чыноўнік.

Еўрарадыё: Дык каго будзе вазіць гэты аўтобус? Дзяржслужачых? 

Віцебскі аблвыканкам: Так. Менавіта, чыноўнікаў. Ёсць куды ездзіць — і на паседжанні ў Мінск, і ў вобласці, і ў Расію, і з Расіі... 

Адказ чыноўніка здзіўляе. Чыноўнікі будуць ездзіць па дзяржаўных справах, але аўтамабіль не службовы? Да таго ж каштуе такая цацка ад 46 тысяч долараў у афіцыйнага дылера. Кошт мультывэна з кандыцыянерам нашмат перавышае ліміт на закупку службовага аўтамабіля.

Азначэнне службовага аўтамабіля Еўрарадыё шукае разам з Камітэтам дзяржкантролю, які адсылае нас у Мінтранс, а ўжо адтуль у Дзяржстандарт. У Дзяржстандарце знаходзяць пастанову Саўміна, дзе дакладна гаворыцца пра службовыя аўтамабілі.

“Службовы аўтамабіль — легкавы аўтамабіль, прызначаны для выканання работнікамі службовых абавязкаў”. 

У Віцебскім аблвыканкаме кажуць, што загвоздка ў тым, што аўтамабіль не легкавы:

“У нас у гаражы і трактар ёсць, і грузавы аўтамабіль, але ён не службовы”.

Атрымліваецца,  для чыноўнікаў, нягледзячы на прэзідэнцкі ўказ, застаецца добры пралаз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі