Васілевіч: Упаўнаважаны па правах чалавека зможа наведаць любую калонію

Еўрарадыё: Вы распрацавалі канцэпцыю стварэння такога нечаканага для нашай краіны інстытута ўлады, як упаўнаважаны па правах чалавека. Гэта ваша ўласная ініцыятыва ці “дзяржзаказ”?

Рыгор Васілевіч: Гэта выключна мая асабістая ініцыятыва.

Еўрарадыё: Менавіта зараз саспела неабходнасць з’яўлення ў нас упаўнаважанага па правах чалавека?

Рыгор Васілевіч: Ідэя была яшчэ ў сяброў першага складу Канстытуцыйнага суда. Калі я быў старшынёй КС, гэта пытанне ізноў узнімалася. А менавіта цяпер надышоў спрыяльны час — значная колькасць чыноўнікаў скарачаецца, вызваляюцца пэўныя грашовыя сродкі, якія можна накіраваць на фінансаванне апарату ўпаўнаважанага па правах чалавека, які мусіць быць не вельмі вялікім — 20-30 чалавек на першым этапе. Калі хочаце, гэта спрыяла б стварэнню новай прававой культуры, фармаванню разумення каштоўнасці правоў і свабод чалавека. Не толькі эканамічных, сацыяльных і культурных правоў і свабод, але і палітычных.



Еўрарадыё: Вопыт суседніх краін у вашай канцэпцыі ўлічаны?

Рыгор Васілевіч: У аснову пакладзеныя падыходы, якія рэалізаваныя ў скандынаўскіх дзяржавах. Улічана практыка і заканадаўства еўрапейскіх краін. А таксама вопыт краін, якія зусім нядаўна стварылі такія ўстановы.

Еўрарадыё: Давайце пачнём з, бадай, самага важнага: якой кампетэнцыяй будзе валодаць беларускі ўпаўнаважаны па правах чалавека?

Рыгор Васілевіч: Я прапаноўваю замацаваць за ім такія паўнамоцтвы, як: права звяртацца ў Канстытуцыйны суд з прапановай праверкі адпаведнасці Канстытуцыі тых ці іншых законаў альбо нарматыўных актаў, якія тычацца правоў і свабод чалавека, у Палату прадстаўнікоў — наконт афіцыйнага тлумачэння Канстытуцыі і законаў. Дарэчы, за апошнія, здаецца, 16 гадоў у нас быў толькі адзін выпадак тлумачэння канстытуцыйнай нормы Палатай прадстаўнікоў. Апроч таго, я прапаную надаць упаўнаважанаму права патрабаваць ад дзяржаўных асоб правядзення праверак дзейнасці падпарадкаваных ім устаноў і прадпрыемстваў. Права наведвання ў любы (!) час месцаў утрымання асуджаных, месцаў папярэдняга зняволення, следчых ізалятараў, месцаў прымусовага лячэння і перавыхоўвання, псіхіятрычных клінік і гэтак далей. Павінна ва ўпаўнаважанага быць і права накіравання актаў рэагавання ў выпадку выяўлення парушэнняў правоў і свабод грамадзян. А калі акты, рашэнні і рэкамендацыі ўпаўнаважанага неналежным чынам чыноўнікамі разглядаюцца і выконваюцца, то караць іх — ажно да адміністрацыйнай адказнасці.

Еўрарадыё: Не менш важнае — як будуць станавіцца ўпаўнаважаным па правах чалавека?

Рыгор Васілевіч: Гэта службовая асоба можа прызначацца прэзідэнтам. Але пажадана, каб быў задзейнічаны парламент, каб прэзідэнт прызначаў упаўнаважанага з папярэдняй згодай Палаты прадстаўнікоў. Сваіх намеснікаў упаўнаважаны можа прызначаць сам, пры ўзгадненні з прэзідэнтам і парламентам.



Еўрарадыё: І якія ў вашага ўпаўнаважанага будуць гарантыі незалежнасці? У нас і пра парламент кажуць, што там усе прызначаныя прэзідэнтам…

Рыгор Васілевіч: Найперш, я прапаную, каб кандыдатаў на гэтую пасаду абавязкова было некалькі. Каб звесткі аб гэтых кандыдатах, іх біяграфіі былі апублікаваныя, і каб грамадства магло выказацца па гэтых кандыдатурах. І выбраць трэба з улікам меркавання грамадзянаў. А каб упаўнаважаны дзейнічаў непрадузята, у адпаведнасці з Канстытуцыяй і нормамі міжнароднага права, прапаноўваецца, каб чалавек займаў гэтую пасаду толькі адзін тэрмін — да прыкладу, 7 гадоў. І гэта павінен быць чалавек, які нечага ў жыцці дасягнуў, не маладзейшы за 50 гадоў. І не абавязкова гэта мусіць быць юрыст — гэта можа быць праваабаронца, які гэтай дзейнасцю займаецца, не маючы юрыдычнай адукацыі. І праца ўпаўнаважанага павінна быць публічнай — штогод ён мусіць рыхтаваць даклады аб сваёй дзейнасці, даводзіць інфармацыю аб сваёй дзейнасці да грамадскасці. Упаўнаважаны — нібыта званочак, які прыцягвае ўвагу грамадскасці да нейкіх праблем у галіне правоў і свабод чалавека. І з дапамогай грамадскай думкі, якая — вялікая сіла, вырашае набалелыя праблемы.

Еўрарадыё: Гэта можа быць незалежны праваабаронца, той жа Гулак ці Бяляцкі?

Рыгор Васілевіч: Варыянты могуць быць самыя розныя, галоўнае, каб чалавек быў апалітычны. Права і палітыка, безумоўна, ідуць побач, і ў нас, бадай, усё наўкол пранізанае палітыкай, але на першым этапе ўпаўнаважаны павінен быць апалітычным. Праўда, ёсць два патрабаванні: абавязковае валоданне на добрым узроўні дзвюма дзяржаўнымі мовамі — беларускай і рускай. І каб гэты ўзровень правярала адмысловая камісія. І каб прэтэндэнт паабяцаў, што пасля заканчэння яго паўнамоцтваў ён не будзе займацца палітыкай — браць удзел у, да прыкладу, парламенцкіх выбарах. Гэта для таго, каб пазбегнуць палітызаванасці гэтага інстытута ўлады. Прынамсі, такое патрабаванне павінна быць хаця б на першым этапе дзейнасці.

Еўрарадыё: Уявіце: прыязджае ўпаўнаважаны па правах чалавека ў турму, дзе ўтрымліваюць, да прыкладу, Мікалая Статкевіча ці Змітра Дашкевіча, якія распавядаюць яму пра невыносныя ўмовы ўтрымання, стаўленне адміністрацыі, правакацыі і здзекі. І што канкрэтна можа зрабіць у сённяшняй Беларусі гэты ўпаўнаважаны, калі хаця б палова расказанага палітвязнямі пацвердзіцца?

Рыгор Васілевіч: Незалежна ад палітычных поглядаў, расавай прыналежнасці — ва ўсіх ёсць правы, зафіксаваныя ў Канстытуцыі. Таму, незалежна ад прозвішча, іх правы павінны быць забяспечаныя. І ўпаўнаважаны павінен дзейнічаць так, як патрабуе Канстытуцыя. Асаблівым клопатам упаўнаважаных, скажам шчыра, павінна стаць наша пенітэнцыярная сістэма. Праблем там, сапраўды, вельмі шмат: і ўмовы ўтрымання, і… і іншыя праблемы.



Еўрарадыё: Часам старшыня любога рай- ці аблвыканкама прывык адчуваць сябе на месцы царом і Богам адначасова — а тут прыязджае нейкі незразумелы ўпаўнаважаны па нейкіх там правах чалавека і нешта ад яго пачынае патрабаваць…

Рыгор Васілевіч: Такое ў нашых чыноўнікаў сапраўды ёсць. І каб такога не было, неабходна ўзмацніць кантрольную функцыю органаў прадстаўнічай улады — мясцовых саветаў дэпутатаў. Яны былі б стрымліваючым пачаткам у адносінах да гэтых чыноўнікаў. Да ўсяго, калі ўпаўнаважаны будзе прызначацца прэзідэнтам пры згодзе парламента, то гэта значна павялічвае яго статус.

Еўрарадыё: Толькі шчыра: вы сапраўды верыце, што ў нашых сённяшніх палітычных умовах інстытут упаўнаважанага па правах чалавека зможа вынікова функцыянаваць?

Рыгор Васілевіч: Не бывае так, каб раз — і ўсё на сто адсоткаў памянялася. Важна крок за крокам ствараць культурны пласт. Нават калі за год ён здолее зрабіць карысці на адну кроплю — гэта будзе новы ўзровень.

Еўрарадыё: Ці накіравалі вы ўжо куды сваю канцэпцыю?

Рыгор Васілевіч: Я пайшоў па вертыкалі: накіраваў у Міністэрства адукацыі з тым, каб яны накіравалі далей — у Міністэрства замежных спраў.



Еўрарадыё: У вас жа, напэўна, засталося шмат знаёмых, якія па-ранейшаму ва ўладзе — чаму было не аднесці адразу, да прыкладу, намесніку старшыні парламента Гумінскаму ці яшчэ некаму?

Рыгор Васілевіч: Я, безумоўна, пастараюся давесці інфармацыю да ведама як мага большай колькасці высокіх асоб. А далей — рашэнне за імі. Асабіста я лічу, што гэта пытанне трэба вырашаць як мага хутчэй. Да прыкладу, у наступным годзе мы будзем адзначаць 20-годдзе прыняцця Канстытуцыі, і было б добра, каб інстытут упаўнаважанага па правах чалавека запрацаваў да гэтай даты. Пры станоўчым развіцці падзей цягам года ўсё неабходнае можна зрабіць — і законапраект на падставе гэтай канцэпцыі распрацаваць, і прыняць яго, і ўпаўнаважанага прызначыць. Але ўсё ж дзейнічаць так, як вы прапаноўваеце, ісці на персанальныя кантакты, — я не лічу, што гэта трэба.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі