Ваенны эксперт: Новыя санкцыі ЗША — палітычны сігнал кіраўніцтву Беларусі

130211_luka6uk_sankcui.mp3

Эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемстваў "КБ Радар” і “ТМ Сэрвісіз” увялі ЗША за парушэнне пунктаў амерыканскага закона аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння. Але ці насамрэч яны такую зброю вырабляюць?

Асноўная прадукцыя “КБ Радар” — сродкі лакацыі і радыёлакацыйнага падаўлення. А гэта, тлумачыць ваенны аглядальнік газеты “Беларусы і рынак” Аляксандр Алесін, зброя абарончая. І ні пад якія санкцыі не трапляе. Пры жаданні таму ж Ірану Беларусь магла б іх пастаўляць на законных падставах. А таму і сэнс санкцый эксперт бачыць у жаданні амерыканскіх вайскоўцаў адпомсціць беларусам за іх тэхніку.

Аляксандр Алесін: “У снежні 2011-га і ў 2012 годзе іранцы пасадзілі па “беспілотніку”. Быў вялікі скандал, і ў расійскіх СМІ былі паведамленні, што гэтыя “пасадкі” былі здзейсненыя з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій, якія вырабляе “КБ Радар”, — сродкі падаўлення спадарожнікавай навігацыі і сродкаў сувязі, якія маглі парушыць сувязь гэтых “беспілотнікаў” з базай у ЗША”.

Не менш дзіўнай выглядае і сітуацыя з кампаніяй “ТМ Сэрвісіз”. Яна спецыялізуецца на тэлекамунікацыйных тэхналогіях, праграмных прадуктах, размеркаваных сістэмах збору дадзеных і гэтак далей. Адзінае, у 2011 годзе з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікі гэтай фірмы спрабавалі набыць у расіян тэхналогіі, якія могуць быць скарыстаныя для сістэм навігацыі ракет. Ніякіх юрыдычных доказаў гэтай спробы не было, але гэта не зашкодзіла ўнесці “ТМ Сэрвісіз” у “чорны спіс” ЗША.

Аляксандр Алесін: “Я мяркую, што гэта палітычны сігнал кіраўніцтву Беларусі, што Злучаныя Штаты памятаюць пра гэту краіну і дэманструюць сваё негатыўнае да яе стаўленне”.

Тым больш што ніякіх адчувальных эканамічных страт ад гэтых санкцый беларускія прадпрыемствы не будуць мець. Самі яны ў ЗША нічога не прадаюць, а калі нешта захочуць у іх набыць, то зрабіць гэта можна і праз фірму “сяброў”.

Ускосна пацвярджае гэта і досыць абыякавая рэакцыя на новыя санкцыі ЗША з боку беларускага МЗС.

“Санкцыі ЗША — гэта аднабаковыя санкцыі, гэта звычайная практыка Злучаных Штатаў Амерыкі, і ў гэтым для нас няма нічога новага. Таму мы проста прынялі гэта рашэнне да ведама”, — паведамляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных.


Але, не выключае эксперт, гэта можа быць проста прэвентыўны ўдар амерыканскіх і ізраільскіх вайскоўцаў.

Аляксандр Алесін: “Калі нашы тэхналогіі ў галіне СПА, радыёлакацыі і радыёлакацыйнай барацьбы патрапяць у рукі Ірана, то тады задача паветранага ўдару Ізраіля і ЗША па іранскіх атамных аб’ектах будзе вельмі ўскладненай. Але гэтыя санкцыі паказваюць, што яны сапраўды распрацоўваюць такую аперацыю і хочуць аблегчыць сабе задачу”.

Як нагадвае Радыё “Свабода”, эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 года супраць двух прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім". У красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у яго склад: ААТ “Белшына”, “Гродна Азот”, “Гроднахімвалакно”, “Нафтан”. У жніўні 2010 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў з іранскім капіталам — ЗАТ "Онэрбанк" і "Банк гандлёвы капітал". У сакавіку 2011 года ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрна "Беларуснафта" — за яго дзейнасць у Іране. У траўні 2011 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаній "Белтэхэкспарт" і "БелОМА".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі