Вадзім Галыгін і "Лепрыконсы". "Подарок"

111118 Agljadacha.mp3

У пласцінку ўвайшло 9 песень аўтарства Галыгіна і 3 – гурта Лепрыконсы.

Да нядаўняга часу Галыгін быў вядомы ўсё ж сваімі немузычнымі дасягненнямі. І заўжды быў больш чым абласканы ўвагай СМІ і простых гледачоў за сваю нястрымную актыўнасць: паспяховы шоўмэн, КВЗшнік, рэзідэнт Comedy Club, “містар падключацель” ды і проста самы вядомы барысаўчанін. І вось зараз ён заяўляе пра сябе яшчэ і ў ролі сінгер-сонграйтера.

І тут адразу ўзнікае пытанне: навошта “Подарок” увогуле спатрэбіўся Галыгіну і “Лепрыконсам”? Рэспекту ім хапала і ў фармаце сваіх асноўных відаў дзейнасці. Хіба што пасцябацца. Паспрабуем раскрыць “Подарок”, каб зразумець, што за цукерка хаваецца пад чырвоным фанцікам.

Назва альбома цалкам дакладна перадае яго сутнасць. “Подарок” – гэта і таму, што альбом можна бясплатна спампаваць у інтэрнэце, а які ж падарунак за грошы? І таму, што, па словах музыкантаў, любая з песень “Подарка” магла б увайсці ў рэпертуар розных музыкантаў. То бок альбом ствараўся і як альбом-прысвячэнне таму ці іншаму выканаўцу.

Так, па песнях можна з лёгкасцю вылічыць, што слухаў Вадзім Галыгін апошніх 10 гадоў. У адной песні, калі пастарацца, можна пачуць “Кіно”, у другой – “Тэхналогію”, у трэцяй – “Мумій Троля”. Ды і музыканты абсалютна сур’ёзна лічаць, што ў альбоме таго ці іншага музыканта магла б лёгка быць адна з гэтых песень.

Так электронная і лірычная песня “Не было” – падарунак Галыгіна гурту “Тэхналогія”. Над аранжыроўкай да гэтага “нелепрыконсаўскага” трэка папрацаваў Андрэй Сланчынскі, вядомы па працах з гуртамі "Рэфлекс", сучасным Шатуновым ды іншымі расійскамі зоркамі. Атрымалася “Не было” прасякнутай ці то нейкім пахмельным смуткам, ці то рэфлексіяй-медытацыяй.

ne bilo.mp3

“Вось гэту песню Вадзік сам найграваў на сінтэзатары”, – смяецца наконт просценькага клавішнага сола “Не было” Ілля Міцько.

“Так, і яна для мяне перажыта-выпакутаваная, - дадае Галыгін. – І гэта чысты класічны падарунак. Мне падаецца, яна магла быць на новым альбоме “Технологіі”.

Дарэчы, Ілля Міцько даслаў гурту “Технологія” спасылку на песню. Цікава, як музыканты адкаментуюць кампазіцыю. Але , падаецца, настолькі ўпэўнены, што яго песні-прысвячэнні спадабаліся б музыкантам, што ўжо зараз думае, як зладзіць сумесны канцэрт з той жа "Тэхналогіяй" ці "Мумій Тролем". Ды не проста паклікаць музыкантаў у якасці гасцей імпрэзы, а каб яны самі выканалі ягоныя кампазіцыі. Што ж, амбіцый Галыгіну не займаць.

Той факт, што Вадзім піша песні для некаторых вядомых расійскіх музыкантаў насамрэч наклаў адбітак на альбом. У нейкі момант узнікае адчуванне, што песні альбома і былі напісаныя для кагосьці, але ў апошні момант Галыгін проста перадумаў і вырашыў пакінуць іх сабе.

У выніку ў тандэма атрымалася самаіранічная пласцінка, якая падкупляе хіба што сваёй прастатой і адсутнасцю пафасу. Аматары няхітрых песенек не застануцца расчараванымі і астатнім матэрыялам дыску: раздзяўбайскай песняй у стылі рэгі “Только ты”, крыху мутнай “Рашн Модэлс” (запісанай пры ўдзеле жонкі Галыгіна, вакалісткі гурта "Топлес" Вольгі Вайніловіч) аднаскладовай, але з заразлівай рамантыкай “Купе” і “Птіца счастья”.

Безумоўнымі “шлягеркамі” “Подарка” выступаюць, бадай, “Только ты” і “Красота”.

У “Только ты” да вас абавязкова прычэпіцца прыліпчывы прыпеў, які, як не дзіўна, не з тых, што раздражняюць.

tolko ty_0.mp3

“Красота” – бадай, самы пазнавальны трэк, які ўжо пэўны час мусоляць радыёстанцыі.

krasota.mp3

Песня, якая прымушае нават разгубіцца, гэта “Гусі-лебедзі” з яўным пераборам па тэксце. Незразумела, ці то гэта сцёб такі, ці то сапраўдная праўда жыцця шансанье. І застаецца загадкай, каму з каралёў шансону гэта песня прысвячалася. Паспрабуйце адгадаць!. 

gusi.mp3gusi.mp3

У агульным і цэлым “Подарок” усё ж аддае самалюбаваннем. І калі Вадзіму Галыгіну калі-небудзь надакучыць займацца гульнёй у шоў-мэна, ён, цалкам магчыма, зможа знайсці сабе месца ў шэрагах паэтаў-песеннікаў. Як прызнаецца сам аўтар, галоўнае, каб музыка была гатовая, а тэкст ён напіша за адзін прысест.

“Я не ведаю, адкуль гэта, - прызнаецца Галыгін. - Але я не думаю над тэкстамі. Я саджуся пісаць верш і амаль адразу пішу фінальны варыянт. На гэта ў мяне ўходзіць хвілін 20”.

І хоць Вадзім Галыгін і кажа, што па шляху спевака рухацца ён не збіраецца, але тут жа сам сабе супярэчыць – і яшчэ два альбомы запісаць хацеў бы, і дуэт-праект для жонкі Вольгі зрабіць, і музыку на вершы сястры Міцько Юліі напісаць.

У выніку неяк не зусім атрымалася ў хлопцаў перадаць на альбоме той іскрысты гумар, на які багатыя абодва музыканты. Крыху рамантыкі, крыху сонечнага рэгі, крыху прэтэнзій на рок і электроншчыну, НЕ крыху турыстычна-ваяжных напеваў, пра ўсе прывабнасці якога Галыгін і Ко ведаюць, гледзячы па ўсім, не па чутках. Тут і ваяж у Сочы, і на Гоа, і Эміраты, Нью-Йорк, і Багамы - карацей, цэлая мапа свету.

Прыязная радыйная папса ў падарункавай упакоўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі