Ва Украіне пачалася кампанія па выратаванні азёраў ад беларусаў

22 жніўня ва ўкраінскім горадзе Луцку адбылася прэзентацыя грамадскай кампаніі па выратаванні азёраў. Ініцыятарам кампаніі выступіў дэпутат Валынскай абласной рады Ігар Гузь і Цэнтр "Супрацоўніцтва без межаў". Арганізатары ініцыятывы прэзентавалі сайт кампаніі ды распавялі пра бліжэйшыя планы.

Да кампаніі па выратаванні Шацкіх азёр і самага глыбокага возера Украіны Свіцязь яны плануюць далучыць еўрапейскіх палітыкаў і дэпутатаў. У якасці старту кампаніі чатыры актывісты кампаніі сёння паспрабуюць пераплысці возера Свіцязь. Ім давядзецца пераадолець шлях у 4,5 кіламетра.

Нагадаем, украінскія навукоўцы заяўляюць, што ад распрацоўкі Хаціслаўскага кар'ера ў Брэсцкай вобласці на тэрыторыі Украіны могуць змяльчэць і знікнуць Шацкія азёры. Спецыялісты лічаць: ёсць падставы казаць аб парушэнні Беларуссю шэрагу міжнародных канвенцый, якія забараняюць дзеянні, што могуць прывесці да негатыўных зменаў экалогіі. Беларускі бок у сваю чаргу заяўляе, быццам уся рызыка ад здабычы крэйды ў кар'еры ўлічаная і мінімізаваная.

Хаціслаўскае радовішча размешчана за 30 кіламетраў ад Шацкіх азёраў і знаходзіцца каля дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Яго распрацоўкай займаецца блізкі да Аляксандра Лукашэнка бізнэсовец Юрый Чыж, фігурант "чорнага спісу" Еўрасаюза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі