Украінскі журналіст: Тут ніхто не страляе, але працаваць нашмат складаней

Еўрарадыё: На жаль, беларускія незалежныя СМІ не маюць магчымасці накіроўваць сваіх журналістаў сачыць за падзеямі ў рэвалюцыйных краінах Паўночнай Афрыкі. Падзяліся вопытам, ці складана там працаваць? Ці мае значэнне, з якой ты краіны?

Рыгор Жыгалаў: Насамрэч, не мае значэння – адкуль ты прыехаў. Проста трэба заўсёды цвяроза ацэньваць сітуацыю і разумець, што, да прыкладу, туды сёння лепш не совацца. Калі паўсюль на вуліцы – людзі з аўтаматамі, то журналісцкае пасведчанне – не абарона ад кулі. Заўсёды можна на нешта напароцца. Ці пралічваеш, што тут можна рызыкнуць, можна паехаць, зняць рэпартаж. Заўсёды ў такіх месцах трэба свае дзеянні пралічваць на некалькі крокаў наперад. Быў выпадак, калі дзве здымачныя групы з Украіны пайшлі рабіць рэпартаж на Тахрыр. І я свайму аператару сказаў, што мы камеры пакідаем у гатэлі. А калегі камеру ўзялі. У выніку калегі нікуды не прайшлі і рэпартаж не знялі, а мы знялі рэпартаж на мабільны тэлефон. Дзякуй Богу, у нас зараз такія тэхналогіі, якія дазваляюць здымаць на ўсё, што заўгодна: на мабільныя тэлефоны, на міні-відэакамеры, на камп’ютар... Мы ўвогуле часта выходзім у эфір проста праз скайп!



Еўрарадыё: Пасля Тунісу, Егіпта і Лівіі ты прыехаў у Беларусь. Логіка ў выбары такога маршрута прысутнічае?

Рыгор Жыгалаў: Гэта проста рэдакцыйнае заданне, адна з камандзіровак. Тым больш, што я з Беларуссю знаёмы. Хаця звычайна ў гэтым накірунку езджу не я – у нас ёсць вельмі прафесійны журналіст, які спецыялізуецца на Беларусі і шмат тут працаваў. Але так атрымалася, што гэтым разам паехаў я.

Еўрарадыё: Наяўнасць вопыту працы ў гарачых кропках, відаць, улічвалася?

Рыгор Жыгалаў: Не думаю. Рэдактар сыходзіў з таго, хто з журналістаў ў яго ёсць вольны, і хто лепш справіцца ў якім месцы. Але мне самому цікавая беларуская тэма. Хацелася дзесьці і параўнаць з ужо бачаным. Але толькі для сябе параўнаць – журналісты звычайна свой пункт гледжання трымаюць пры сабе. У сваіх рэпартажах я свой пункт гледжання трымаю пры сабе і заўсёды стараюся аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю. Дзе б не знаходзіўся.

Еўрарадыё: Але ж і едучы ў Беларусь ты не аграгарадкі планаваў здымаць, а меў канкрэтную мэту...

Рыгор Жыгалаў: Безумоўна. Бо ёсць канкрэтная падзея, якая адбываецца ў Беларусі. Ёсць напружанасць у грамадстве і шмат хто кажа, што тут нешта нараджаецца: рэвалюцыя – не рэвалюцыя, у двукоссі ці без двукоссяў – не важна. Ёсць толькі адзін сродак для журналіста даведацца, што адбываецца ў той ці іншай краіне, у той ці іншай сітуацыі – паехаць і паглядзець сваімі вачыма. Каб потым расказаць сваім тэлегледачам. Тут тое ж самае: мы атрымліваем “карцінку” ад агенцтваў, на якія мы падпісаныя. Але журналіст, які прыехаў на месца падзей, больш поўна і цікава раскажа пра тое, што насамрэч адбываецца. Больш глыбока будзе разбірацца. Так, я прыехаў на гэту падзею, на гэтыя акцыі.

Еўрарадыё: І якія ўражанні, якую атмасферу ты адчуў?

Рыгор Жыгалаў: У сераду 6 ліпеня, калі я спрабаваў працаваць на гэтай акцыі, вельмі дзіўныя адчуванні былі. Безумоўна, часта бываюць такія сітуацыі, калі журналістам перашкаджаюць працаваць. Такое бывае амаль паўсюль. Але тут я спачатку нават не разумеў, як мне паступаць. Мы прыехалі па Палаца Спорту, дзе павінны былі збірацца нязгодныя. Але амаль ніхто не прыйшоў. Не, там былі нейкія людзі, але можа яны баяліся нават рукі з кішэняў дастаць. І мы разумеем, што нам тут як журналістам, па вялікім рахунку, рабіць няма чаго – тут нават здымаць няма чаго. Але падыходзіць вялікая колькасць людзей у цывільным, якія кажуць: “Тэрмінова адсюль сыходзьце – тут сядзець нельга!”, “Што вы тут робіце – вы нічога не здымеце!” Любому нармальнаму чалавеку і там выдатна зразумела, што я тут нічога не здыму! Чаго вы да мяне падыходзіце?! Я нават не ведаў, як на гэта рэагаваць. З аднаго боку, мы праз дзве хвіліны маглі адтуль сыходзіць, бо нікога няма. І вечарам выйшаў бы рэпартаж, што сённяшняя акцыя не адбылася. Але пасля таго, як нас пачалі разганяць, мы разумеем, што, відаць, нешта ёсць, нешта трэба шукаць. Да таго ж, сітуацыя дзіўная тым, што нас, журналістаў, спрабавалі зрабіць нейкімі ўдзельнікамі пратэстаў. Але ж мы проста не маем права: мы ўсяго -- назіральнікі!



Еўрарадыё: Расказваючы пра сваю працу ў рэвалюцыйных краінах ты казаў пра неабходнасць пралічваць свае дзеянні на некалькі крокаў наперад. Ці можаш ты зараз пралічваць свае дзеянні падчас працы на беларускіх маўклівых акцыях?

Рыгор Жыгалаў: Я і тут пралічваю тое, што магу пралічыць. Калі я ехаў на акцыю ў сераду, то патэлефанаваў на “базу” і сказаў, што еду выконваць заданне, але каб мелі на ўвазе, што магу быць арыштаваны. І каб яны мелі запасны план, сыходзячы з гэтага. Можа, здабыць дзесьці ў іншым месцы відэа. Тут я дамовіўся з калегамі, каб яны, калі са мной такое здарыцца, перадалі тое відэа, якое ў мяне ёсць, на Кіеў. І ўжо там большая праца па падрыхтоўцы матэрыялу будзе адбывацца. Безумоўна, у нас ёсць пэўныя хітрыкі і, маючы пэўныя навыкі, іх можна ўжываць і ў Беларусі. Не мне вам расказваць! Я глядзеў, як працуюць беларускія журналісты – яны больш дасведчана і прафесійна здымалі гэтую акцыю, чым я! Я быў збіты з панталыку ў першы дзень і таму быў крыху разгублены.

Еўрарадыё: Ты ходзіш па вуліцах гарадоў Лівіі – там час ад часу страляюць. Тут не страляюць. Але ці ёсць адчуванне небяспекі?

Рыгор Жыгалаў: Ёсць адчуванне, што тут нашмат складаней працаваць. Там усё проста і зразумела: калі чалавек з аўтаматам, то ён можа стрэліць. Тут ніхто не страляе, але тут шмат незразумелых людзей у цывільным, якія не прадстаўляюцца, могуць падыйсці і забраць проста так. І таму працаваць нашмат складаней. Асабліва разумеючы, што ты робіш звычайную працу – наша задача аб’ектыўна расказваць пра сітуацыю. І гэта тое, што мы спрабуем рабіць максімальна блізка да ўсіх канонаў журналістыкі.

Еўрарадыё: Ці хацеў бы яшчэ прыехаць у Беларусь і папрацаваць на чарговых маўклівых акцыях, калі яны будуць працягвацца?

Рыгор Жыгалаў: У Беларусь я заўсёды з задавальненнем прыязджаю. Так, працаваць тут складана. Нашмат складаней, чым паехаць і зняць рэпартаж, да прыкладу, у Рыме. Але гэта цікава і гэта вялікі вопыт. Я малады журналіст. А мы ўсе пастаянна вучымся і гэты тыдзень у Беларусі для мяне – вялікі прафесійны вопыт.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі