У Беларусь прыязджае столькі ж людзей, колькі выязджае з Польшчы

“Я належу ды тых людзей, якім не моцна важна з’ехаць з краіны. І як ні дзіўна, да такіх людзей падобныя прапановы прыходзяць самі па сабе. Напэўна, я з’ехаў таму, што вельмі настойліва прапаноўвалі”, — расказвае Аляксандр Кузняцоў, праграміст з Мінска, які ўжо тры з паловай гады жыве і працуе ў Лондане.

121128_pilecki_emigranty.mp3

Аляксандр быў адным з 21 чалавека, якія паводле афіцыйнай статыстыкі ў 2009 годзе з’ехалі з Беларусі ў Вялікабрытанію. Агулам, у той год за мяжу з’ехала амаль сем тысяч беларусаў. На фоне нашых паўночных суседзяў літоўцаў гэта няшмат. Літва штомесяц “губляе” 4 тысячы жыхароў.

За 9 месяцаў 2012 года з краіны выехала 34 тысячы чалавек. У 2011 годзе літоўцаў у Літве яшчэ было 3 мільёны. Цяпер — менш. Нават у Вільні насельніцтва скарачаецца – на 2 тысячы за год.

У палякаў з краіны таксама выязджае больш людзей, чым прыязджае. У 2010 годзе на 17 тысяч эмігрантаў прыпала 15 тысяч імігрантаў.

У Расіі цалкам адваротная сітуацыя. У мінулым годзе ў краіну прыехала 191 тысяча чалавек, а выехала — толькі 34 тысячы. Падобная карціна і ў Беларусі. У мінулым годзе з нашай краіны з’ехала за мяжу 8 тысяч чалавек. А прыехала — 18 тысяч.

Праграміст Аляксандр расказвае, што вялікіх праблем з адаптацыяй у яго не ўзнікла. У Вялікабрытаніі даволі вялікі рускамоўны асяродак, а аб’яднанне беларускіх эмігрантаў працягвае сваю дзейнасць яшчэ з часоў пасляваеннай эміграцыі. Прычым, настолькі паспяхова дзейнічае, што абыякавыя да нацыянальнай культуры беларусы пасля пераезду ў Лондан пачынаюць хадзіць на святкаванне Купалля.

“Хто ў Беларусі на такое ходзіць? Ніхто практычна. Ну навошта, жывучы ў Беларусі наведваць такія традыцыйныя беларускія мерапрыемствы. А тут — экзотыка. Нават для нас. Ну як можна не прыйсці”.

Вяртацца праграміст не хоча. Прынамсі, у бліжэйшыя дзесяткі гадоў. І нават не дзеля сваёй прыватнай утульнасці, а для ўтульнасці сваіх дзяцей.

“Цяпер я не хачу вяртацца. І нават не столькі па прычыне сябе самога, колькі па прычыне свайго дзіцяці і будучых дзяцей. Таму што ўсё ж для дзіцяці нарадзіцца тут і гадавацца тут — нашмат лепш. Тут няма ціску не толькі з боку ўлады, але і з боку грамадства. Бо ў Беларусі грамадства ўсё ж моцна атручанае”.

Атручанае грамадства, альбо не — пытанне спрэчнае. Для тых 18-ці тысяч чалавек, якія прыехалі ў Беларусь у мінулым годзе, беларуская “атрута”, відавочна, значэння не мае. Сярод іх амаль 10 тысяч чалавек прыехалі з Расіі, яшчэ 2500 — з Украіны. На трэцім месцы Літва — амаль 900 чалавек.

“Хто ў Беларусі на такое ходзіць? Ніхто практычна. Ну навошта, жывучы ў Беларусі наведваць такія традыцыйныя беларускія мерапрыемствы. А тут — экзотыка. Нават для нас. Ну як можна не прыйсці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі