Ці пусцяць у Беларусь амбасадараў ЕС?

120319 Luka6uk Dyplamaty.mp3

Вяртанне амбасадараў краін ЕС у Мінск да 23 сакавіка палітолаг Вадзім Гігін лічыць пытаннем вырашаным і называе “ганебнай капітуляцыяй” Брусэля. Паводле яго слоў, Еўрасаюзу неабходныя людзі, якія будуць каардынаваць дзеянні беларускай апазіцыі падчас парламенцкіх выбараў.


Вадзім Гігін: “Многія паслы Еўрасаюза выступаюць у ролі фактычных каардынатараў дзеянняў беларускай апазіцыі — менавіта праз іх вядзецца інструктаж тых сіл, якія супрацьстаяць Аляксандру Лукашэнку, менавіта амбасады гэтых краін ажыццяўляюць фінансаванне беларускай апазіцыі наўпрост. Яны вызначаюць стратэгію на будучых парламенцкіх выбарах, таму было відавочна, што яны вернуцца”.


І дадае, што прыехаць назад у Беларусь яны пры жаданні могуць у любы час.


Вадзім Гігін: “Што іншых амбасадараў Еўрасаюза (апроч амбасадара Польшчы і амбасадара ЕС — Еўрарадыё), амбасадара Швецыі, амбасадара Францыі, амбасадара Нямеччыны Беларусь высылала, ці што? Таму ён (прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных — Еўрарадыё) і казаў: “Вяртайцеся, калі ласка, ніхто вас нідзе не затрымлівае”.


Між тым 15 сакавіка кіраўніца аддзела прэс-службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына заявіла: вызначацца наконт таго, ці хочуць у Беларусі бачыць амбасадараў ЕС, наша кіраўніцтва будзе пасля 23 сакавіка. Нагадаю, у гэты ў гэты дзень Савет міністраў краін ЕС мусіць разглядаць пытанне пашырэння санкцый.


“Давайце дачакаемся гэтай даты, а ўжо потым мы будзем вызначацца, у тым ліку і адносна вяртання амбасадараў”, — сказала Ваньшына.


Атрымліваецца, што амбасадары не могуць вярнуцца, нават калі ў ЕС прымуць такое рашэнне? Але кіраўнік прэс-службы МЗС Андрэй Савіных ухіляецца ад простага адказу на гэта пытанне.


Андрэй Савіных: “Пазіцыя беларускага боку была агучаная і пакуль нічога не змянілася”.


Як такія пытанні вырашаюцца ў свеце цывілізаванай дыпламатыі, Еўрарадыё цікавіцца ў выкладчыка кафедры дыпламатычнай і консульскай службы Факультэта міжнародных адносінаў БДУ Георгія Міхалкевіча. Тут, лічыць ён, шмат сапраўды залежыць ад рашэння, якое прымуць еўрачыноўнікі 23 сакавіка.


Георгі Міхалкевіч: “Раз не было ініцыятывы беларускага боку на выезд еўрапейскіх амбасадараў, то хто ім можа замінаць вярнуцца назад? Але беларускі бок можа заявіць заўтра, што “знаходжанне еўрапейскіх амбасадараў у сувязі з увядзеннем санкцый лічыцца немэтазгодным”. І ўсё, і перакрылі дарогу”.


Між тым, у самім Брусэлі яшчэ не вырашылі, ці вяртацца амбасадарам краін ЕС у Мінск, паведамілі Еўрарадыё ў Прадстаўніцтве ЕС у Беларусі.


Прадстаўніцтва ЕС: “Мы ведаем толькі тое, што стала вядома прэсе — што вядуцца кансультацыі на гэты конт. Адзінае, што мы ведаем, — яны будуць прытрымлівацца адзінага і скаардынаванага падыходу да вяртання ўсіх амбасадараў Еўрасаюза”.


Калі ж яны вярнуцца, то гэта будзе ніяк не “ганебная капітуляцыя”, а вынік альбо рацыянальных разважанняў, альбо — дамоўленасцяў, дадае Георгі Міхалкевіч.


Георгі Міхалкевіч: “Я так разумею, што гэта стане вынікам альбо рацыянальных разважанняў з боку еўрапейцаў, альбо, я не выключаю, нейкія дамоўленасці. Тут можна толькі здагадвацца, але казаць у такой рыторыцы, што “капітуляцыя” — гэта смешна”.


Тое, што і ад’езд амбасадараў ЕС, і іх магчымае вяртанне ў Мінск да 23 сакавіка стане вынікам дамоўленасці паміж Мінскам і Брусэлем, не выключае і палітолаг Юры Чавусаў. І тычыцца гэтая дамоўленасць будзе найперш вызвалення кагосьці са знакавых палітвязняў. Прычым, да 23 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі