Троіца. "Зімачка".

Гэтым разам яны пайшлі па шляху альбома “Сон-трава” і падвоілі ці нават патроілі даўжыню песень. У выніку дзевяць “зімачкіных” песень гучаць больш за гадзіну. Аднак гэты час пралятае незаўважна.  На адным дыханні. Гадзіна разбіваецца на мноства сняжынак, якія заляцелі на беларускую зямлю з розных краёў свету — з Тувы, Турцыі, Чарнагорыі, Іспаніі і нават Кітаю.

Другі бок эксперыментаў “Зімачкі” — вялікая ўвага разгорнутым інструментальным кавалкам. Музычным інструментам, якімі славіцца “Троіца”, нарэшце далі магчымасць выказацца. І яны загаварылі, заспявалі, разышліся, як ніколі. Дзякуючы ім песні набылі большую глыбіню, раскрыліся вочы і чакры, рукі дакрануліся, душа зразумела…

За конт 400 трэкаў, якія склалі альбом, з’явілася 5(!) Кірчукоў і 10(!) Юр! Моцныя і трапныя пачкі на “Зімачцы” нагадваюць старажытныя мужчынскія спевы, вакалізы Івана Іванавіча пераносяць слухача ў касмічныя далягляды, дзе можна сустрэць нашых Продкаў. Менавіта пра іх —  “Зімачка”: пра іх Мудрасць, якая жыве ў вяках і дзякуючы “Троіцы” спрабуе пранікнуць у свядомасць сучаснага беларуса.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай выхаду альбома, музыкі “Троіцы” падкрэслілі, што ўпершыню пісалі дыск на студыі, дзе працуюць “па-даросламу”. “Даросласць” альбома чуецца не толькі ў выдатным празрыстым і амаль ідэальным гучанні (цалкам ідэальным яно ці бывае ўвогуле?), але і ў дзіўнай цэльнасці, падавалася б, розных па жанры і сэнсе песень. Вясельныя, якія на альбоме пераважаюць, хораша суседнічаюць з лірычна-любоўнай “Казачэ” і калыханкай “Котка”.

Чамусьці “Зімачку” не хочацца дзяліць на песні. Хутчэй на нумары аднаго вялікага твора, якому ўласцівы сімфанізм як метад выказвання. Тым больш, што Продкі, чый подых адчувальны ў альбоме “Троіцы”, шапочуць пра адлігу: “Мы ўпэўнены, што калі-небудзь наступіць Адліга(ва ўсім!). Зазвіняць вясновыя карагоды, затрашчаць купальскія вогнішчы і зал’юцца весялосцю восеньскія кірмашы”… Чакаем…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі