Таццяна Процька: Сэнс посту — думаць пра любоў да бліжняга

Еўрарадыё: Чаму ў хрысціянаў былі ўведзеныя пасты?

Таццяна Процька: Гісторыі посту не існуе. Калі мы глядзім на габрэйскую рэлігію, то бачым, што ў габрэяў былі пасты. Падчас посту чалавек ахвяруе нейкімі сваімі звычкамі, а есці — гэта адзін з найбольш значных чалавечых інстынктаў. Чалавек сябе абмяжоўвае, каб паказаць, што ён любіць Бога, што дзеля Бога ён можа абмежаваць сябе. І ў гэтым галоўны сэнс посту. І другі важны сэнс посту ў тым, што людзі не проста не павінны есці. Па вялікім рахунку, Богу абыякава, што мы ядзім, калі мы ядзім і колькі мы ядзім. У Новым запавеце гэта сказана — “Субота для чалавека, а не чалавек для Суботы”. Важна, каб мы помнілі пра Бога. Трэба, каб за гэтыя 40 дзён мы сябе ачысцілі. На жаль, у грамадстве людзі чысцяць толькі свой арганізм фізічна: абмяжоўваюць тлушч, абмяжоўваюць салодкае, іншую ежу — у праваслаўных жорсткія пасты. А мы павінны ачысціць сваю душу за гэты час. Думаць пра любоў да бліжняга, думаць пра добрыя ўчынкі — у гэтым галоўны сэнс посту. Не на тое пост, каб мы з сумнымі тварамі хадзілі, схуднелі, нічога не еўшы. Цяпер людзі любяць худнець, дык ім той пост можа быць проста на пахуданне.

Еўрарадыё: Якая розніца паміж праваслаўным і каталіцкім постам?

Таццяна Процька: У сэнсе посту розніцы няма. Але ёсць пэўныя звычаі. Нават Праваслаўная царква — яна ж не адна. У кожнай праваслаўнай краіне ёсць свае звычаі трымаць пост. Мы ўжо прызвычаіліся і гаворым пра Рускую праваслаўную царкву. Руская праваслаўная царква прыхільная больш да старых звычаяў. Сучаснае ж грамадства больш мякка ставіцца да посту. І ў католікаў гэта відаць. Напрыклад, каталікі посцяць не ўсе 40 дзён, а толькі серадамі і пятніцамі. Трэба падкрэсліць, што ёсць пэўныя каноны, але мы самі вырашаем, як мы сябе абмяжоўваем дзеля таго, каб паказаць сваю любоў да Бога. Паказаць самым сабе ў першую чаргу. І трэба вычысціць сваю душу ад таго паганства, якім секулярызаванае грамадства запаўняе нас увесь час. Людзі бяруць сабе пэўныя абмежаванні. Напрыклад, я бяру сабе — не гуляць у камп'ютарныя гульні. Іншыя людзі бяруць нейкія іншыя абмежаванні. І гэта таксама пост.

ЕўрарадыёЯк зразумець, што пост не прайшоў дарэмна? Што ў ідэале павінен адчуць чалавек перад надыходам Вялікдня?

Таццяна Процька: Радасць. Светлую радасць. Вялікдзень — гэта самае светлае свята. Абмежаванні посту дае чалавеку той прасветлены дух. Усе людзі, якія трымаюць пост не толькі фізічна, але і духоўна — яны заўсёды выходзяць з гэтага абноўленыя, радасны.

Еўрарадыё: Але ж гэта цяжка… Нельга абстрагавацца ад жыцця на 40 дзён. Праблемы і стрэс застаюцца.

Таццяна Процька: У жыццёвых умовах, калі мы трымаем пост, — мы ўзмацняем свой дух. Гэта не проста абмежаванне ежы, гэта яшчэ і разважанні наконт тых духоўных праблем, якія мае нашае грамадства.

Еўрарадыё: А іх шмат…

Таццяна Процька: Так. Маральнасць нашага грамадства вельмі слабая. А што ж тады казаць пра рэлігійнасць, пра веру, пра любоў адзін да аднаго… Зайздрасць. Нянавісць. Нават у інтэрнэце гэта заўважна. Я люблю паглядзець форумы — жудасна. Проста жудасна робіцца.

Еўрарадыё: Вы таксама трымаеце пост?..

Таццяна Процька: Так, але не так жорстка, як у праваслаўных. Мы посцім усёй сям’ёй — і малыя, і старэйшыя — па серадах і пятніцах.

120227 Prac

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі