Шаўцоў: Апазіцыя не магла арганізаваць такі тэракт

Еўрарадыё: Якую палітычную выгаду маглі мець арганізатары тэракту?

Шаўцоў: “Я думаю, што гэта крок да дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Мне ўвогуле падаецца, што ў нас апошнія некалькі месяцаў ідзе мэтанакіраваная кампанія па дэстабілізацыі краіны звонку”.

Еўрарадыё: Звонку — з Усходу ці з Захаду?

Шаўцоў: “Дзе ён знаходзіцца, я не ведаю. Але ўнутры краіны няма такіх палітычных сілаў, якія маглі б зарганізаваць такі прафесійны тэрарыстычны акт, як учора”.

Еўрарадыё: На вашую думку, палітычныя сілы мусяць мець да гэтага дачыненне?

Шаўцоў: “Безумоўна, палітычныя. Тут прафесійны тэрарыстычны акт. Тэракт — гэта не проста забойства людзей, а гэта дыверсія ў інфармацыйным абшары”.

Еўрарадыё: Палітычныя сілы Беларусі — гэта як апазіцыя, так і ўлада?

Шаўцоў: “Апазіцыя – гэта ўвогуле не сілы. Я маю на ўвазе сапраўдныя палітычныя колы, якія маюць грошы, уладу, маёмасныя інтарэсы. Апазіцыя — гэта ўсяго толькі нейкая багема палітыканствучая. Гэта не палітычная сіла”.

Еўрарадыё: Каму можа быць выгаднай дэстабілізацыя ў Беларусі?

Шаўцоў: “Я не хачу будаваць версій далей, бо тыя людзі, якія спланавалі гэты тэракт, яны і далей плануюць інфармацыйны паток. Мне б не хацелася быць аб’ектам маніпуляцый гэтых сіл”.

Еўрарадыё: Ёсць дзве міжнародныя падзеі. Сёння ПАСЕ павінна была разглядаць пытанне па Беларусі. Таксама — крэдыт у тры мільярды долараў ад Расіі, выдача якога зацягваецца. Ці адаб’ецца тэракт на гэтых падзеях?

Шаўцоў: “Думаю, так. Не ведаю, наколькі моцна адаб’ецца, але псіхалагічны фон вакол Беларусі зараз склаўся добры. Таму абавязкова адаб’ецца і на тых фактах, пра якія вы кажаце... Якое будзе прынята рашэнне з расійскім крэдытам, мы пабачым літаральна на днях. Калі Беларусі не дадуць гэтага крэдыту, тады саюзнікі будуць выглядаць дрэнна. Бо ў такі складаны момант атрымаецца, што складанасцяў у краіне яны дадалі”.

Еўрарадыё: На вашую думку, які псіхалагічны фон будзе ўнутры Беларусі пасля гэтага?

Шаўцоў: “Адбудзецца, безумоўна, нейкая трансфармацыя ў сілавым сектары. Хутчэй за ўсё, новая кансалідацыя вакол дзяржавы і вакол прэзідэнта. З апазіцыяй нічога не будзе, яе практычна няма. Усе “шалёныя” або затрыманыя, або з’ехалі. Таму на лёсе апазіцыі гэта ніяк не адаб'ецца”.

Фота: embassybel.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі