“Колькасць беларусаў, якія хочуць атрымаць польскую візу, вырасла ўдвая”

У параўнанні з мінулым годам колькасць жадаючых атрымаць візу ў польскім консульстве павялічылася на 100% і таму электронную рэгістрацыю супрацоўнікі блакуюць. З чым гэта звязана, а таксама чаму амбасаду Польшчы высяляюць з арэндаванага будынка, як зменяцца адносіны Польшчы і Беларусі пасля таго, як яна прыме старшынства ў ЕС і на іншыя пытанні слухачоў Еўрарадыё адказаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

З 1 ліпеня Польшча прыме старшынства ў ЕС. Як гэта можа паўплываць і ці паўплывае на адносіны з Беларуссю?

Лешак Шарэпка: Не думаю, што наша старшынства паўплывае на адносіны з Беларуссю. Бо мяч на баку Беларусі. Усё залежыць ад беларускіх уладаў. Наколькі яны будуць адкрытымі да дыялогу і наколькі будуць прыслухоўвацца да нашых аргументаў. І калі будуць прыслухоўвацца, то мы будзем спрыяць таму, каб паглыбляць нашы адносіны. Але калі водгуку не будзе, то, мяркую, усё застанецца як цяпер.

А ці будзе Польшча мець больш магчымасцяў, каб уплываць на палітыку Еўропы ў дачыненні да Беларусі?

 

Лешак Шарэпка: У нейкім сэнсе, так. Але б я не перабольшваў гэтай магчымасці, бо пасля Лісабона сітуацыя крыху змянілася. Ёсць пастаянны старшыня Еўрапейскага Савета спадар Рампей, які накшталт прэзідэнта Еўрапейскага Саюза. Ёсць баранеса Эштан, якая кіруе знешняй службай. Яны працуюць на пастаяннай аснове. Мы і так, як адна з 6 самых вялікіх краін ЕС, маем вялікі ўплыў на тое, што адбываецца ў ЕС. У нас заўжды быў істотны ўплыў і гэта трэба ўлічваць.

Прадстаўнікі партыі РіS (Права і справядлівасць – Еўрарадыё) прапанавалі адклікаць амбасадара Польшчы ў Беларусі ў тым выпадку, калі Андрэю Пачобуту суд прызначыць турэмнае пакаранне. Як вы ставіцеся да такой прапановы?

Лешак Шарэпка: Я дзяржслужачы, і ўсе рашэнні нашага кіраўніцтва прымаю без спрэчак. Але я не думаю, што гэта будзе зроблена. Дыпслужба мае асаблівыя задачы. Яна павінна падтрымліваць сувязь у залежнасці ад таго, якія актуальныя ўзаемаадносіны паміж краінамі. Яна павінна шукаць магчымасці паляпшэння гэтых адносін. Можна, зразумела, ісці на такі радыкальны крок і крыху знізіць ранг прадстаўніцтва. Але я не думаю, што гэта спрацуе ў гэты момант.

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка называў Польшчу разам з Германіяй адным з галоўных арганізатараў “плошчы”. Ці цяжка вам у такіх умовах выконваць свой галоўны абавязак – наладжваць добрыя ўзаемаадносіны?

 

Лешак Шарэпка: Увогуле, хлеб дыпламата не лёгкі – у нас заўсёды ёсць шмат праблем. Нас спрабавалі звязаць з нейкай змовай, і тады мы папрасілі беларускія ўлады падаць нам дакументы, звязаныя з гэтай змовай. І мы нічога не атрымалі. А зараз вы бачыце, што афіцыйныя СМІ змянілі пункт гледжання і ўжо не кажуць пра нейкія змовы, а шукаюць праціўнікаў на іншых накірунках.

Дарэчы, пра змовы. Апошнім часам амбасаду Венгрыі ў Беларусі скалыхнулі два сэксуальныя скандалы. Венгерскія СМІ пісалі, што гэтыя скандалы арганізавала беларускае КДБ, і што звязаныя яны менавіта са старшынствам Венгрыі ў ЕС. Не баіцеся, што пасля таго, як старшынёй ЕС стане Польшча, такія скандалы абрынуцца на вашу амбасаду ў Беларусі?

Лешак Шарэпка: У нас людзі правераныя і ведаюць, дзе працуюць і ў чым сутнасць іх працы. На гэтыя ж скандалы была рэакцыя Еўрасаюза. ЕС папрасіў Беларусь не злоўжываць спецслужбамі ў дачыненні да дыпламатыі.

ЗА ГОД КОЛЬКАСЦЬ ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ ХОЧУЦЬ АТРЫМАЦЬ ПОЛЬСКУЮ ВІЗУ, ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ ЎДВАЯ

Два пытанні ад аднаго нашага слухача: Чаму так складана трапіць у консульства па візу? Калі жыхары памежных раёнаў змогуць свабодна ездзіць у Польшчу?

Лешак Шарэпка: Наконт першага пытання. У нас у Беларусі тры консульствы – у Брэсце, Гродне і пры амбасадзе ў Мінску. У Беларусі працуе 26 супрацоўнікаў консульства. З беларускага боку ў Польшчы – 12. У нас шэнгенская сістэма, і мы павінны выдаваць візы ў адпаведнасці з пэўнымі працэдурамі. І ніякіх паскарэнняў чакаць нельга, бо трэба ўсё правяраць. І ў параўнанні з мінулым годам, з гэтым самым перыядам пачатку года, колькасць людзей, якія хочуць атрымаць польскую візу, павялічылася на 100%. І гэтыя дадатковыя 100% мусяць абслугоўваць тыя ж людзі, якія працуюць у консульствах Мінска, Брэста і Гродна. Мы звярталіся да ўладаў Беларусі з просьбай павялічыць наш штат, колькасць консульскіх супрацоўнікаў, з тым, каб аблегчыць долю беларускіх грамадзян, якія спрабуюць атрымаць візу. Нам адказалі, што і так ёсць дысбаланс і не трэба яго павялічваць.

Што тычыцца малога памежнага руху, то ёсць вялікая колькасць каментарыяў на гэтую тэму. Але я скажу так: мы падпісалі гэта пагадненне ў лютым мінулага года. І мы завяршылі працэс яго ратыфікацыі ў верасні мінулага года. 17 верасня мы перадалі ноту беларускаму боку. І каб гэты дакумент набыў моц, мы павінны атрымаць такую ж ноту з беларускага боку. Праз месяц пасля гэтага дамова набывае моц. З верасня мінулага года мы чакаем ноту з беларускага боку. Не так даўно мы даслалі ноту з мэтай высветліць лёс гэтай дамовы. На сакавік у нас былі запланаваныя кансультацыі для вырашэння розных тэхнічных пытанняў. Але беларускі бок і ад гэтых кансультацый адмовіўся. І тут мяч на беларускім баку. Наш прэзідэнт прыязджаў у Кузніцу і там казаў, што ён прыхільнік гэтай дамовы. Заклікаў беларускі бок хутчэй прыняць і ратыфікаваць гэтую дамову. Але адказу няма.

Я думаю, што гэта вельмі добрая дамова. Яны зрабіла б лягчэйшым лёс многім жыхарам Беларусі. З беларускага боку ў гэтую 35-кіламетровую зону трапляюць Гродна і Брэст – а гэта буйныя гарады. Але гэта пытанне да беларускіх уладаў – чаму яны не хочуць, каб пагадненне запрацавала.

Ходзяць такія чуткі, што ў Беларусі зачыняць консульствы Польшчы ў Брэсце і Гродне, а застанецца толькі консульства ў Мінску. Ці праўда гэта?

Лешак Шарэпка: Я пра такія планы не чуў. Беларускі бок у Польшчы мае больш консульскіх устаноў, чым мы ў Беларусі – у іх ёсць тры плюс сталіца, а ў нас – два плюс сталіца. Гэта былі б, напэўна, нейкія двухбаковыя рухі, але пра такія я не чуў.

Да 1 ліпеня, некалькі месяцаў, не было запісу на тое, каб падаць дакументы на візу. Якая прычына? І ці не чакаецца, што калі адновіцца гэты запіс, будзе вельмі вялікі наплыў?

 

Лешак Шарэпка: Мы прымаем заяўкі праз інтэрнэт. Але справа ў тым, што мы не можам прымаць усе заяўкі адразу. Мы спрабуем паступова прымаць заявы на наступныя перыяды, каб наша праца не была дэзарганізавана, і не было чэргаў. Каб людзі проста маглі запісацца і паехаць у Польшчу. У нас няма той колькасці консулаў, якая патрабуецца. І ў нас абмежаваныя магчымасці выдаваць візы. Мы блакуем на нейкі час прыняцце заявак, каб даць усім роўныя шансы.

КАРТУ ПАЛЯКА АТРЫМАЛІ БОЛЬШ ЗА 20 ТЫСЯЧ ГРАМАДЗЯН БЕЛАРУСІ

Слухач піша: “Пан амбасадар! Працэдура атрымання карты паляка занадта складаная і бюракратызаваная. Ці не лічыце вы, што трэба спрасціць працэдуру яе атрымання?”

Лешак Шарэпка: Я не думаю, што там вельмі бюракратызаваная працэдура. Там галоўнае – размова з консулам, якая цягнецца 15-20 хвілін. А потым працэдура ідзе сваім шляхам, і шмат залежыць ад таго, як паводзіць сябе чалавек, які гэтую карту просіць. І я не бачу магчымасці спрасціць гэтую працэдуру. Чалавек, які атрымаў адмову можа звярнуцца ў савет, які ёсць у Польшчы, і аспрэчыць рашэнне консула. У чалавека ёсць магчымасць у рэшце атрымаць гэтую карту.

Колькі людзей атрымалі карту паляка з 2008 года?

Лешак Шарэпка: За гэты час карту паляка атрымала больш за 20 тысяч чалавек.

 

Я ТАК ДУМАЮ, ШТО Ў НАС НЕ ЗУСІМ ПРАВІЛЬНАЕ РАЗУМЕННЕ ТАГО, ЧЫМ БЫЛО ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ І ЧЫМ БЫЛА РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ

 

 

Яшчэ адзін слухач расказаў гісторыю пра тое, што нібыта было праведзена даследаванне генаў рускіх, палякаў, беларусаў, украінцаў, літоўцаў і латвійцаў, якое паказала, што генатып палякаў і беларусаў амаль не адрозніваецца – мы практычна адзін народ. І робіць выснову, што беларусам без усялякіх умоў, прапісаных у адпаведным польскім законе, Польшча магла б выдаваць карту паляка...

Лешак Шарэпка: Палякі і беларусы вельмі блізкія ў культурным і моўным плане народы. Але давайце вернемся да таго, якая была мэта заснавання гэтай карты. Гэта дапамога палякам, якія засталіся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Каб у іх была магчымасць лягчэй кантактаваць з польскай культурай. Мы не хочам некага паланізаваць, кагосьці сілай да нас прыцягваць. І нават пра спрашчэнне візавага рэжыму размовы не ішло. Бо зараз шмат хто хоча атрымаць гэтую карту, бо думаюць, што лягчэй будзе атрымаць візу. Але галоўнае для нас – дапамагчы тым, хто мае польскія карані, спрычыніцца да польскай культуры. І мы імкнёмся гэта рэалізаваць. Сама ідэя карты паляка нарадзілася тут. А напярэдадні прыняцця гэтага закона прыехала шмат людзей з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і зладзілі пікет перад Сеймам у яго падтрымку.

Як вядома, Беларусь, Польшча і Літва ўваходзілі ў свой час у склад Вялікага Княства Літоўскага. З гэтай нагоды пытанне ад слухача: “Ці мае супольная беларуска-польска-літоўская гісторыя нейкае значэнне пры распрацоўцы канцэпцыі развіцця двухбаковых стасункаў з Беларуссю?”

Лешак Шарэпка: Я па адукацыі гісторык, і для мяне гісторыя – важная рэч. Я шмат на якія рэчы гляджу праз гісторыю. Калі мы кажам пра агульную дзяржаву ў мінулым – гэта павінна дапамагаць у супрацоўніцтве. Але, напэўна, не дапамагае. Я так думаю, што ў нас не зусім правільнае разуменне таго, чым было Вялікае Княства Літоўскае і чым была Рэч Паспалітая. Зараз кажуць, што гэта было дзяржаўнае ўтварэнне, якое палякі выкарыстоўвалі для таго, каб паланізаваць Усход. Але гэта не так, і тады нацыянальнае пытанне не было існым. Тады больш мела значэнне рэлігійнае пытанне. Таму нельга казаць пра паланізацыю. У гэтай дзяржаве ўжывалі польскую мову. Для мяне зараз галоўная задача – сумесна папрацаваць над пытаннямі агульнага мінулага. Каб гісторыкі мелі магчымасць сустракацца, абменьвацца меркаваннямі, разам працаваць з дакументамі. Каб яны выпрацавалі агульны пункт погляду. Не, пункт гледжання ніколі не будзе толькі адзін, але трэба дамовіцца пра нейкія прынцыпы. І калі мы здымем нейкі прапагандысцкі налёт з гэтага пытання, нам гэта ў будучым будзе дапамагаць у супрацоўніцтве.

Ужо не першы год у Польшчы працуе праграма Каліноўскага. А пасля падзей 19 снежня яна атрымала новы штуршок. Пытанне слухача: “А ці аказвае дапамогу Польшча рэпрэсаваным беларусам, якія не з’яўляюцца студэнтамі?”

Лешак Шарэпка: Кожны выпадак індывідуальны. Вы ведаеце, што Еўрасаюз заснаваў фонд, які займаецца дапамогай людзям, якія з’яўляюцца ахвярамі палітычных рэпрэсій. Мне цяжка адказваць на гэтае пытанне, не ведаючы падрабязнасцей. Бо тут трэба разглядаць кожны выпадак індывідуальна, але, напэўна, у нас ёсць установы, якія ў стане дапамагчы людзям, якім такая дапамога патрэбная. Сыходзячы толькі з гуманітарнага пункту гледжання.

Ці могуць студэнты навучацца па праграме Каліноўскага дыстанцыйна?

Лешак Шарэпка: Гэта было б складана ажыццявіць. Наколькі я ведаю, у гэтай праграмы няма такой магчымасці.

Акрамя Варшавы, дзе яшчэ могуць навучацца студэнты праграмы Каліноўскага?

 

Лешак Шарэпка: Праграма Каліноўскага – гэта не толькі Варшава. У праграме бяруць удзел розныя вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы. Наколькі мне вядома, па праграме Каліноўскага ў Варшаве навучаецца найменшая колькасць студэнтаў. Шмат навучаецца ў Гданьску, у Кракаве

Слухач пытаецца: За актыўны ўдзелу ў акцыях супраціву, яго бацькі, відаць, прыхільнікі дзеючага прэзідэнта, адмаўляюцца аплачваць яго вучобу ў ВНУ. Няма аплаты – няма вучобы, яго адлічаць. Ці мае ён права нейкім чынам патрапіць у праграму Каліноўскага?

 

Лешак Шарэпка: Гэта пытанне да тых асобаў, якія займаюцца прыёмам людзей на гэтую праграму. Я такіх падрабязнасцяў не ведаю.

 

Я НЕ ДУМАЮ, ШТО МЫ НЕЯК ІСТОТНА БУДЗЕМ МЯНЯЦЬ СВАЕ АДНОСІНЫ ДА БЕЛАРУСІ

Ці будзе Польшча і далей падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі, нягледзячы на складаныя адносіны паміж нашымі краінамі?

Лешак Шарэпка: Не думаю, што мы будзем рэзка мяняць сваю палітыку. Яна заснаваная на еўрапейскіх прынцыпах. Гэта галоўнае ў нашай знешняй палітыцы, каб кіравацца еўрапейскім прынцыпам. А галоўнае ў еўрапейскіх прынцыпах – правы чалавека. Я не думаю, што мы неяк істотна будзем змяняць свае адносіны да Беларусі. Наша палітыка не кан'юнктурная, яна заснавана на каштоўнасцях.

Пытанне пра незразумелы інцыдэнт, які здарыўся ў Польшчы падчас чэмпіянату Еўропы па баскетболе, калі ахоўнікі прымусілі гледачоў, беларусаў, згарнуць бел-чырвона-белы сцяг...

Лешак Шарэпка: Я не ведаю, у чым сутнасць гэтай справы. Магчыма, гэта была просьба ад вашых спартсменаў, каб прыбраць сцяг. Наколькі я ведаю, на спартовыя мерапрыемствы прыходзяць людзі з рознымі сцягамі і гэта не выклікае ніякай рэакцыі арганізатараў. На жаль, дакладнай інфармацыяй я не валодаю.

Я НЕ АМАТАР РОКА. БОЛЬШ ЛЮБЛЮ МУЗЫКУ БАРДАЎ

Вы нядаўна ў Мінску. Як вам першыя ўражанні ад Мінска, ці атрымалася наладзіць працу, можа прывезлі сюды сям'ю?

 

Лешак Шарэпка: Шмат цякучых пытанняў паміж Беларуссю і Польшчай, таму я адразу ўключыўся ў працу. Але ў нас шмат лагістычных пытанняў. Мы зараз шукаем іншы будынак. Гэта не наш выбар, гэта выбар беларускага боку. Я зараз мушу знайсці сабе рэзідэнцыю. Таму мы з жонкай дамовіліся, што, калі ў мяне будзе пастаяннае месца жыхарства тут, то яна прыедзе.

А чаму вас высяляюць з будынку пасольства?

Лешак Шарэпка: Нам кажуць, што скончылася арэнда. У іх ёсць іншыя планы, звязаныя з гэтым будынкам.

З якой праграмай вы сюды прыехалі, чаго вы хочаце дасягнуць?

Лешак Шарэпка: Я б хацеў, каб адносіны паміж Польшчай і Беларуссю былі такі ж, як паміж Польшчай і Чэхіяй або Славакіяй. Калі я пабачу, што ёсць рух у гэтым напрамку, я думаю, што гэта будзе праграма максімум на бліжэйшыя 4 гады.

Дзе вы праводзіце свой адпачынак?

Лешак Шарэпка: Я люблю чытаць. Я спрабую як ёсць час, гэтым займацца. Бегаю часам пасля працы. Я люблю горы. Калі у мяне больш доўгі адпачынак, то я спрабую трапіць у горы, у Польшчы. Я ўсіх запрашаю ў польскія горы, у Закапанэ, там шыкоўная магчымасць адпачыць.

Ці плануеце наведаць фестываль “Басовішча”?

Лешак Шарэпка: Я не аматар рока. Ведаю, што там гэты тып музыкі дамінуе. Я больш люблю музыку бардаў.

Лешак Шэрэпка ўзначаліў польскую дыпмісію ў Беларусі 20 лютага 2011 года. Дагэтуль працаваў кіраўніком групы па даследаваннях пытанняў міграцыі, межаў і дэмаграфіі на тэрыторыі СНД у Цэнтры ўсходніх даследаванняў у Варшаве; аўтар даклада на тэму дэмаграфічнай сітуацыі ў Расіі; суаўтар кнігі "Міграцыйныя выклікі ў дзяржавах усходняга суседства ЕС". Быў намеснікам кіраўніка місіі і кіраўніком Палітычнага аддзела ў Пасольстве Польшчы ў Кіеве. Перад прыездам у Беларусь спадар Шарэпка працаваў галоўным спецыялістам у Цэнтры ўсходніх даследаванняў у Варшаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі