Рыгор Барадулін распавёў, як яго вербаваў КДБ

Журналіст і даследчык беларускай літаратуры Сяргей Шапран выдаў унікальную кнігу гутарак з Рыгорам Барадуліным – “Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным”. Кніга выйшла ў выдавецтве “ЛогвінаЎ” у серыіі “Кнігарня “Нашай Нівы”. На 350 старонках Шапран распытаў Барадуліна пра ўсё. Журналіст кажа, што незададзеных пытанняў не засталося. У кнігу ўвайшлі як друкаваныя раней гутаркі (Сяргей працаваў некалі ў газетах “Имя” і “Белорусская деловая газета”), гэтак і зробленыя спецыяльна для гэтай кнігі.
Сяргей Шапран у 2003 годзе пакінуў журналістыку і цалкам прысвяціў сябе даследванню жыцця і творчасці Быкава і Барадуліна

Спадар Шапран вядомы нам найперш як руплівы даследчык жыцця і творчасці Быкава – пасля смерці пісьменніка Шапран пакінуў журналістыку і цалкам аддаўся збору такой інфармацыі. Вынікам стала двухтомная энцыклапедыя “Васіль Быкаў” агулам на 1500 старонак – як “Біблія”! Літаральна месяц таму выйшла кніга невядомых твораў Быкава “Гарадзенскі архіў”, раней – яшчэ колькі кніг... Паралельна Шапран даследуе жыццё і творчасць Барадуліна – дзякаваць Богу, маючы магчымасць звяртацца да самога народнага паэта. За гэты час выйшлі кнігі ліставання Барадуліна з Быкавым, ліставанне Барадуліна з мамай. А на кнігу гутарак з народным паэтам Шапрана падштурхнула тое, што сам пісьменнік не асабліва рупіцца аб напісанні мемуараў.
Сяргей Шапран распавядае, як стваралася кніга.
   
Сяргей Шапран: “Шмат гутарак рабілася ў Мінску. Але пра нешта з дзядзькам Рыгорам мы гутарылі і ва Ушачах, нават уначы. Там ёсць момант, дзе мы гутарым пра аднаго з найлепшых сяброў Барадуліна – Уладзіміра Караткевіча. Размова ідзе пра “Ладдзю Роспачы”, якая прысвечаная Барадуліну, пра Гервасія Выліваху. І вось гэтая размова адбылася аднойчы вясной уначы ва Ушачах”.

За доўгія гады знаёмства адносіны Барадуліна і Шапрана з працоўных перараслі ў сяброўскія

Некаторыя гутаркі рабіліся адмыслова для кніжкі. Даследчык прыгадвае, што гаварылі з Дзядзькам Рыгорам па... 5 гадзін!
Сяргей Шапран: “Было б не надта шчыра даваць толькі старыя адказы на пытанні, што ўжо друкаваліся. Шмат пытанняў раней ці не было нагоды, ці не было магчымасці задаць – і мы з ім сустракаліся. Першая такая сустрэча працягвалася 5 гадзін. Пяць гадзін запар мы з Барадуліным размаўлялі! Прычым, дзядзька Рыгор не надта добра сябе адчуваў, не надта добра гаварыў... І мне падалося, што нічога сёння не атрымаецца з гэтай нашай сустрэчы. Але недзе гадзіны праз тры Рыгор Іванавіч ужо і гаварыў добра, і выглядаў добра!.. Праз пяць гадзін пытанні скончыліся, я сяджу такі разгублены. А дзядзька Рыгор кажа: “Падумайце, спытайце яшчэ пра нешта”!

Адное з самых нечаканых прызнанняў Барадуліна ў кнізе: "Я і да гэтага часу лічу, што, можа, я не паэт"

Шапран кажа, што напачатку былі пытанні, задаваць якія было цяжка, няёмка, нетактоўна. Але ён перасіліў сябе, бо хацеў, каб кніга атрымалася як мага паўнейшай.
Сяргей Шапран:  “Адно з іх – гэта пытанне пра смерць. Ці думае Рыгор Іванавіч пра свой сыход? Я не мог не запытацца, бо на мой погляд, тэма смерці проста пануе ў творчасці Барадуліна цягам апошняга 10-годдзя. Я пытаўся, ці думае Рыгор Іванавіч, што сустрэнецца там са сваёй мамаю, са сваімі бліжэйшымі сябрамі? Так, дзядзька Рыгор пра гэта думае. І адказы на гэтыя пытанні ў кніжцы ёсць”.

Як ёсць адказы і на шмат якія іншыя. Напрыклад, паэт распавёў (ці не ўпершыню!) як яго спрабаваў вербаваць КДБ, як яму ўдалося не падпісаць ліст супраць Сахарава і Салжаніцына, чаму ён і цяпер часам не лічыць сябе паэтам.
Прэзентацыя кнігі “Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным” пройдзе 10 траўня (чацвер) у кнігарні “Логвінаў” (пр. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 19.00. Уваход вольны.
За гады знаёмства Шапран зрабіў больш за тысячу здымкаў Барадуліна

Гэты здымак Сяргея стаў ужо хрэстаматыйны

Апроч паэзіі, у кнізе Барадулін распавядае і пра сваю сям'ю

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі