Па ўсёй Беларусі прайшлі маўклівыя акцыі, ёсць затрыманыя

23.00 Таксама адпусцілі ўсіх затрыманых у Мінску. Паводле твітэра idealirony затрыманых збівалі. Сярод 17 затрыманых у Мінску былі збітыя як мінімум двое хлопцаў: Андрэй Андрасенка і Ўладзімір Лапцэвіч, піша твітэр idealirony са спасылкай на аднаго з затрыманых Алега Савіча.

А 21 гадзіне выпусцілі ўсіх затрыманых у Гродна, у тым ліку Надзею Крапівіну жонку палітвязня Алеся Кіркевіча.

22.50 Усіх затрыманых у Гомелі выпусцілі, а Руслана Усціменка павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

21.36 Карэспандэнта Еўрарадыё Паўла Свярдлова выпусцілі з Цэнтральнага РУУС. Па яго словах, разам з ім былі затрыманыя 17 чалавек. Сярод іх — адзін бяздомны.

“Мяне затрымалі прыкладна ў 20:15 на рагу вуліцы ля гатэля "Еўропа". Затрыманне здзяйснялі двое ў цывільным. Выцягнулі з натоўпу, у якім, дарэчы, былі і іншыя журналісты, праз тое, што я "прымялькаўся". Завялі ў аўтобус, пасля адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Там нядоўгі час пратрымалі тварам да сцяны (увогуле ў РУУС я правёў прыкладна 45 хвілінаў).

У калідоры РУУС стаялі тварам да сцяны і астатнія затрыманыя. Было шмат міліцыянтаў, яны бралі пашпарты ў тых, у каго яны былі пры сабе, і з іх дапамогай запаўнялі паперы. Адной з іх была папера на абавязковую дактыласкапію – у тых, хто яе не праходзіў, "адкатвалі пальчыкі". Паколькі я гэтую працэдуру праходзіў раней, мяне гэта не датычылася.

Пасля са мной правялі кароткую "выхаваўчую размову", сцерлі ўсе файлы з камеры. Прыкладна ў 21:30 я выйшаў з РУУС”, — паведаміў Павел.

21.01  Затрыманых у Мінску і іншых гарадах пачалі адпускаць. Але журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў па-ранейшаму ў пастарунку. Адпусцілі Паўла Батуева і ўсіх затрыманых у Салігорску і Маладзечна, а таксама Пятра Кузняцова з Гомеля.

 

19.55 Каля гума людзі ў цывільным затрымалі аднаго з удзельнікаў акцыі. Да яго проста падышлі паднялі і зацягнулі ў машыну

19.50 Людзей адціснулі  ўздож Гума. Плошча свабоды паранейшаму ачэпленая, хаця там нікога няма.

На галоўнай плошчы ў Маладзечне сабралася каля 100 чалавек. Пасля заканчэння акцыі з яе ўдзельнікамі гутарылі супрацоўнікі міліцыі.

 

Гомель: На галоўнай плошчы Гомеля сабралася каля 100 чалавек, але амаль імгненна іх колькасць узрасла да 500 чалавек. Адразу ж прыехаў аўтазак, з якога выйшлі міліцыянты і спрабавалі разагнаць людзей. Тады людзі пабудаваліся ў чаргу за квасам. Атрымалася доўгая чарга з удзельнікаў акцыі. Хутка "кропку" закрылі кропку. Цяпер людзі збіраюцца на ўваходзе ў парк. побач ходзіць нарад амапу.

У Гомелі больш за 5 затрыманых. Вядома імя аднаго з іх — Руслан Усціменка.

19.10 Машыны, што праязджаюць міма, сігналяць удзельнікам акцыі. Людзі пляскаюць у далоні, не разыходзяцца.

Светлагорск: На галоўнай плошчы горада сабралася каля 40 чалавек.

У Брэсце пачаліся затрыманні ўдзельнікаў акцыі. Там на галоўнай плошчы горада сабралася каля 300 чалавек.

19.00 Супрацоўнік міліцыі заклікае людзей разыйсціся і не збіраць натоўп. Міліцыянты перакрылі падыход да “Кастрычніцкай” ля Макдоналдса на перакрыжаванні Леніна і праспекту. Адтуль можна толькі выйсці, а ўвайсці – нельга. Людзі ходзяць разрознена, большасць (чалавек 200) сабраліся на скрыжаванні Энгельса і праспекту. Ідзе даволі шчыльны рух на выхад. Некаторыя ўдзельнікі танчаць пад рытмы "We will rock you" гурта "Queen".

Гродна: На галоўнай плошчы Гродна цяпер пачаўся канцэрт БРСМ. Людзі збіраюцца таксама ў Мазыры.

Магілёў: Студэнтаў Магілёўскага дзяржуніверсітэту папярэдзілі наконт сённяшняй акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, якая мае адбыцца сёння а 19.00 на магілёўскай плошчы Леніна. Там, па словах студэнтаў, будуць прысутнічаць выкладчыкі МДУ на чале з рэктарам. Студэнтам было сказана, што КДБ будзе фіксаваць удзельнікаў на відэакамеры. Тыя маладыя людзі, якіх заўважаць на акцыі, будуць мець праблемы, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Акцыя ў Магілёве скончылася. Галоўная плошча была закрыта, таму людзі збіраліся праз дарогу ў скверы. Усяго ў Магілёве сабралася каля 150 чалавек. 

18.40 На Кастрычніцкай плошчы “закрылі” прыпынкі грамадскага транспарту і станцыю метро. Не спыняюцца маршруткі, 100-ы аўтобус і метро. Пасажыраў нават не пускаюць на станцыю метро “Кастрычніцкая”. Па словах міліцыянтаў, яна закрытая па тэхнічных прычынах.

18.30 Каля Палацу прафсаюзаў стаіць некалькі чалавек сталага веку. На саму плошчу людзей не пускаюць, нават журналістаў, якія маюць пасведчанні супрацоўнікаў СМІ. Карэспандэнту Еўрарадыё паведамілі, што патрапіць на рэпетыцыю параду можна толькі па спецыяльным дазволе сталічнай міліцыі. Тым часам на плошчы сапраўды адбываюцца нейкія рэпетыцыі – людзі ходзяць з шэрага ў шэраг пад каманду.

18.20 Паміж Ратушай і праваслаўным Саборам стаяць аўтобусы з міліцыянтамі. Каля Нямігі таксама ставяць турнікеты, каб не пусціць людзей на Кастрычніцкую плошчу. Міліцыянты кажуць, што праходзяць вучэнні.

18.00 На плошчы таксама стаіць машына з гукаўзмацняльнай апаратурай. А студэнты рэпетуюць парад да 3 ліпеня.

17.20 Сама плошча пакуль не цалкам ачэпленая, але на ёй вельмі шмат міліцыянтаў са спецназу. У двары ўніверсама "Цэнтральны" журналіст Еўрарадыё ўбачыў вялікі міліцэйскі аўтобус. У ім былі міліцыянты ў шлемах і са шчытамі.

Нагадаем, што на 19 гадзінаў на плошчы прызначаная мірная акцыя "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", якую арганізоўвала суполка на сайце "Ўкантакце". Арганізатары заклікаюць прыходзіць на галоўныя плошчы сваіх гарадоў без сцягоў, транспарантаў ды сімволікі. Не крычаць палітычныя лозунгі, а проста стаяць і размаўляць на плошчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі