Праваабаронца Андрэй Юраў: у справе Беларусі мы кантактуем наўпрост з ААН

Менавіта гэтага правабаронцу, кіраўніка міжнароднай назіральніцкай місіі ў Беларусі, дырэктара па развіццю Маскоўскай Хельсінскай групы, 16 сакавіка ўлады выдалілі з Беларусі, калі ён займаўся маніторынгам сітуацыі. Гутарку Еўрарадыё са сп. Юравым слухайце на прайгравальніку справа. 

Еўрарадыё: Прадстаўнікі ААН выказалі гатовасць супрацоўніцтва з Камітэтам міжнароднага кантролю. Што гэта дасць?

Юраў: “Па-першае, сам Камітэт міжнароднага кантролю  і Міжнародная назіральніцкая місія былі створаны менавіта для аб’ектыўнага і незалежнага інфармавання міжнародных арганізацый, такіх як ААН, АБСЕ, Савет Еўропы і г.д. У гэтым сэнсе нам важныя дадатковыя кантакты з людзьмі, якія працуюць па краіне, альбо ў асобных механізмах, спецдакладчыкі па свабодзе слова, спецдакладчыкі па абароне праваабаронцаў, па незалежнасці суддзяў і адвакатаў. Для нас таксама важна задзейнічаць усе гэтыя механізмы, каб казаць пра ўзнаўленне нармальных стандартаў правоў чалавека ў Беларусі”.

Еўрарадыё: Значыцца, Вы выйшлі на ўпраўленне вярхоўнага камісара  ААН па правах чалавека, і цяпер з ім ў вас будзе прамы кантакт?

Юраў:  “Так, у нас ёсць прамы кантакт з цэлым шэрагам яго памочнікаў, якія напрамую займаюцца ўсімі гэтымі механізмамі. Сітуацыя цяпер і з журналістамі, і з праваабаронцамі, і з адвакатамі  цяжкая і мы размаўлялі пра тое, каб своечасова інфармаваць ААНаўскія структуры і ў тым ліку гаварылі пра тое, каб гэтыя структуры прымалі больш жорсткія меры, чым раней”.

Еўрарадыё: Гэтая дамоўленасць дазволіць дабіцца ад уладаў Беларусі сістэмных зменаў, якія б змаглі стаць асновай для выхаду краіны з крызіса? Вы сапраўды верыце, што ААН можа неяк паўплываць на кіраўніцтва Беларусі, каб пачаліся нейкія змены да лепшага? 

Юраў: “Зараз ідзе сесія Савета па правах чалавека і менавіта сёння ў кулуарах будзе абмяркоўвацца сітуацыя па Беларусі. Мы таксама будзем удзельнічаць у гэтым абмеркаванні. Гэта можа быць вельмі сур’ёзны акт, можа быць прыняты дакумент, якім будуць кіравацца іншыя органы ААН, у тым ліку і фінансавыя”. 

Еўрарадыё: Якую пазіцыю будзеце адстойваць вы? Што павінна быць уключана ў рэзалюцыю па Беларусі?

Юраў: “Перадусім мы будзем адстойваць свабоду грамадзянскіх правоў на Беларусі: тое, што тычыцца нармальнага існавання праваабарончых арганізацыяў, незалежных адвакатаў і гэтак далей. Структуры ААН павінны аказваць ціск на Беларусь дзеля перамогі справядлівасці”.

Еўрарадыё: Зараз вы скептычна ставіцеся да сітуацыі на Беларусі з правамі чалавека, з незалежнымі журналістамі, адвакатамі і праваабаронцамі. Вы будзеце і надалей заклікаць МВФ не выдзяляць крэдыт беларускім уладам?

Юраў: “Мы будзем выступаць за тое, каб крэдыты былі звязаныя з міжнароднымі стандартамі па правах чалавека. Мы не супраць крэдытаў, але важна, каб яны выдаваліся на ўмовах нармальнага дэмакратычнага існавання грамадства. Гэта ясная пазіцыя любога донара: забяспечыць празрыстасць таго боку, якому мы прадастаўляем крэдыт”.

Еўрарадыё: Як вы, як праваабаронца, адносіцеся да таго, што суд над журналістам “Газеты Выборчай” Анджэем Пачобутам будзе закрытым? 

Юраў: “Лічу, што гэта непрымальна.  Закрыты суд над журналістам – гэта поўны здзек над ідэяй правасуддзя. Мы вельмі засмучаныя гэтым фактам і лічым гэта грубым парушэннем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі