Полька: Калі бегаеш па клубах і кажаш, што вывучаеш беларускую філалогію...

120201 LukashevichS.mp3

Еўрарадыё: Калі ты пачала вучыць беларускую мову, і што цябе да гэтага падштурхнула?

Караліна Лукашэвіч: Мая сустрэча з беларускай мовай адбылася ў 2000-м годзе, калі я паступіла на беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. З таго часу, як я вывучаю мову, прайшло ўжо 11 гадоў.

Еўрарадыё: Чаму беларуская філалогія? Чаму не нямецкая, не французская, ні руская?..

Караліна Лукашэвіч: Па шчырасці, я паступала на япаністыку. Тады бацька сказаў: “Нашто табе так далёка? Тут у нас суседзі такія, якія развіваюцца. Патрэбныя будуць людзі, якія валодаюць мовай, ведаюць краіну…” і тое-сёе. Мы падумалі, вырашылі – і так засталося. Я не думала, што застануся на даўжэйшы час, але захапленне пачалося з першага курсу. Аказалася, што гэта маё захапленне.

Еўрарадыё: Ці не палохала цябе, што беларуская мова не такая папулярная ў самой Беларусі?

Караліна Лукашэвіч: Спачатку засмучвала, што мы пяць гадоў вучым мову, якой самі беларусы не валодаюць. З іншага боку, мы падтрымлівалі адна адну (у нас было больш жанчын): “Слухайце, мы ведаем мову, якой валодае вельмі мала людзей у свеце!..” Гэта такая выключнасць!.. Калі ты, як маладая полька, бегаеш па клубах і кажаш, што вывучаеш беларускую філалогію!.. Ммм, гэта не маркетынг, не кіраванне – гэта штосьці іншае! Пазней надышлі такія часы, што была вялікая патрэба ў людзях, якія валодалі мовай і атрымалася, што можна было зарабляць вельмі добрыя грошы. Таму, усё атрымалася.

Еўрарадыё: Я ведаю, што на мове твая прыгода з беларушчынай не скончылася. Гэта стала для цябе каханнем. Распавядзі, калі можаш, пра гэта.

Караліна Лукашэвіч: Ёсць чалавек, які адыгрывае выключную ролю ў маім жыцці. Я не думала, што ён будзе маім мужам, хаця, ведала, што гэта быў бы найлепшы выбар. Калі я пазнаёмілася з ім, то была ўжо ў адносінах з палякам. Я ведала, што гэта вельмі добры мужчына, але не думала, што ён стане маім выбарам у жыцці. Калі ж я паехала ў Беларусь, працавала там і вярнулася, то зразумела, што каб чалавек зразумеў тваю напалову беларускую душу – ён мусіць быць беларусам. Так, мой муж – беларус, беларускамоўны, мой настаўнік штодзённы. Дзякуючы яму, мая мова пастаянна развіваецца. Спадзяюся, што дзяцей мы будзем гадаваць толькі на беларускай мове.

Еўрарадыё: А што, на тваю думку, павінна змяніцца, каб беларуская мова адрадзілася?

Караліна Лукашэвіч: Я прафесійна займаюся адукацыяй і PR-ам. Таму, думаю, што спалучэнне дзвюх гэтых дзвюх рэчаў паўплывае на адраджэнне мовы. Мова ў школах, добры PR для моладзі, MTV на беларускай мове, розныя файныя часопісы – ад шматлікіх фактараў будзе залежаць тое, што Беларусь, напэўна, пачне карыстацца беларускай мовай. Яна прыгожая і вельмі развітая.

Паўло Зуб'юк: Яны так дрэнна ведалі беларускую мову, што не маглі адрозніць беларускай ад украінскай



120201 ZybjukS.mp3

Еўрарадыё: Што вас падштурхнула вывучыць беларускую мову?

Паўло Зуб’юк: Для мяне беларуская мова была цікавая з дзяцінства. Калі мой бацька ездзіў у справах ў Мінск, ён прывозіў кніжкі на беларускай мове. Вядома, з нараджэння я размаўляў па-руску. У школе я пачаў вывучаць украінскую, і мне было цікава, што беларуская мова вельмі падобная да ўкраінскай. Некаторых словаў я не разумеў, чытаючы тыя кніжкі, але большасць была зразумелая. Мяне вельмі цікавіла тое, што побач ёсць краіна з такой вельмі падобнай да нашай мовай.

Мяне таксама заўсёды здзіўляла, што беларусы сваёй мовы не ведаюць. Памятаю, калісьці мы ехалі цягніком Гомель-Адэса праз Кіеў. У вагоне было шмат дзетак-чарнобыльцаў з Гомеля. Яны ехалі са сваімі настаўнікамі, і ніхто не размаўляў па-беларуску. Я тады ўжо ўмеў размаўляць па-ўкраінску і калі размаўляў з настаўніцай, то яна адказала: “Ой, вы так красиво говорите по-белорусски! У нас тоже есть один мальчик, который говорит по-белорусски.” Мяне гэта вельмі здзівіла, таму што яны гэтак дрэнна ведалі беларускую мову, што не маглі адрозніць беларускай ад украінскай. І ва ўсім класе быў увогуле толькі адзін хлопчык, які ўмеў размаўляць па-беларуску! Тады мяне гэта вельмі здзівіла. Потым з’явіўся інтэрнэт і разам з ім магчымасць слухаць беларускую музыку, пісаць па-беларуску, чытаць, што пішуць іншыя на форумах. Стала намнога лягчэй знайсці беларускамоўных сяброў, паехаць да іх у госці: у Мінску, у Гародню… Мне вельмі спадабаўся гурт Н.Р.М., мы зрабілі ў Кіеве фан-клуб Н.Р.М.. І так, пакрысе, пакрысе – і “ўцягнуўся”.

Еўрарадыё: А ці шмат у вас сяброў у Беларусі?

Паўло Зуб’юк: У Беларусі - шмат. Прыязджаючы ў Мінск, я наведваў розныя тусоўкі. Гэта, часцей за ўсё, былі беларускамоўныя тусоўкі. Таксама, шмат беларусаў прыязджаюць у госці ў Кіеў. Калі ім трэба недзе спыніцца, то яны знаходзяць праз нейкіх сяброў мяне або кагосьці з маіх сяброў. Мы таксама можам пагуляць па горадзе, пагутарыць. Таксама ў мяне шмат беларускамоўных сяброў у Польшчы. Сярод іх ёсць і беларусы, якія вучацца па праграме Каліноўскага, і палякі з беларусістык, якія вывучаюць беларускую мову. З Пётракам Багдановічам, напрыклад, мы – ён паляк, я ўкраінец – размаўляем па-беларуску заўсёды. Беларусам вельмі падабаецца, калі яны бачаць, як паляк з украінцам размаўляюць па-беларуску.

Еўрарадыё: Гадоў дваццаць таму сітуацыя ва Украіне была прыблізна падобная. Грамадства не ўжывала актыўна украінскую мову. Што трэба зрабіць для таго, каб сітуацыя з беларускай мовай наблізілася да сітуацыі з украінскай? Яна ўжо моцна ўгрунтавалася і яе становішча цяжка было б парушыць.

Паўло Зуб’юк: Сітуацыя была крыху іншая. Па-першае, была заходняя Украіна, дзе ўсе размаўлялі па-ўкраінску. Па-другое, украінская правінцыя – вёскі, мястэчкі Вінніцкай, Чаркаскай вобласці – размаўлялі, можа, і крыху сапсаванай, але украінскай мовай. А тое што ў Кіеве, у вялікіх гарадах мала размаўлялі па-ўкраінску – гэта праўда. Сітуацыя змянілася таму, што ўкраінская мова засталася адзінай дзяржаўнай. Дзяржава функцыянуе па-ўкраінску. Сфера афіцыйнасці – тая сфера, якую за гады незалежнасці ўкраінскай мове ўдалося апанаваць. Акрамя таго, было дастаткова энтузіястаў, якія адраджалі родную мову – у Беларусі гэта не будзе праблемай. Галоўнае, каб была дзяржаўная падтрымка гэтых энтузіястаў. Спадзяюся, што хутка так будзе.

***

Бразільянка Андрэа Джыавана спявае па-беларуску

Моладзь больш як з 20 краінаў свету спявае "Пагоню" Багдановіча па-беларуску

Фота Алеся Лукашэвіча, Аўгіні Манцэвіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі