Палецкіс: Апазіцыя выказвае менш песімізму, чым я чакаў

Цягам чатырох дзён у Мінску дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў і апазіцыі. Ці можа ён пасля сустрэч адказаць на пытанні Еўрарадыё пра гатоўнасць Бруселя памірыцца з Мінскам і пра тое, ці пусцяць Макея ў Еўропу, а Лукашэнку — на саміт у Вільню?

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што вы ледзь не “мірную дамову” з Бруселя ў Мінск прывезлі. Наколькі рэальна лічыць ваш візіт знакам “пацяплення”?

Юстас Палецкіс: Казаць пра нейкую “мірную дамову” пакуль заўчасна. Мой візіт — гэта толькі першыя крокі па падрыхтоўцы майго дакладу. Які, дарэчы, будзе калектыўным — любы сябра парламенту можа ўнесці свае папраўкі. І па гэтых папраўках потым ідзе галасаванне. Але ўсё ж я б сказаў, што нейкія пазітыўныя прыкметы ёсць, яны з’явіліся яшчэ да майго прыезду. Калі б гэтых пазітыўных прыкмет не было, то і мне было б складана сюды прыехаць. Ну, а мая задача, наколькі я ўяўляю, — спрыяць развіццю гэтых прыкметаў. У той жа час, па прынцыповых пытаннях ніякага прасоўвання наперад няма — толькі пэўныя абяцанні і прыкметы. Ці гэта неяк ўвасобіцца ў жыццё, зараз сказаць складана.

Еўрарадыё: Даваць абяцанні, калі ім гэта патрэбна, беларускія ўлады умеюць. Наколькі вы гатовыя верыць?

Юстас Палецкіс: Згодны, што ад абяцанняў да іх выканання, асабліва ў поўнай ступені, доўгі шлях. Цалкам згодны, што ўжо былі з гэтым вельмі дрэнныя прэцэдэнты. У той жа час я лічу, што ўсе краіны Еўрасаюза, а асабліва — суседнія з Беларуссю краіны, такія як Літва, Латвія, Польшча, зацікаўленыя ў дыялогу, у выніку якога атрымалі б канкрэтную карысць грамадзяне нашых краін. Найперш я маю на ўвазе і візавыя пытанні, і наладжванне інфраструктуры памежных пераходаў, і абарону навакольнага асяроддзя, пра што мы, дарэчы, зараз мелі размову ў Міністэрстве эканомікі. Калі ўсё гэта нейкім чынам можна прасунуць на карысць людзей, будзе выдатна. А не атрымаецца — вельмі шкада!

Еўрарадыё: Сустрэчы з лідарамі апазіцыі не нарадзілі ў вас адчування непераадольнага песімізму?..

Юстас Палецкіс: Гэты песімізм мне даўно вядомы — я ўжо 9 гадоў у Еўрапарламенце і 9 гадоў у складзе камісіі па адносінах з Беларуссю! У Мінску я не першы раз, не першы раз з імі сустракаюся, так што вялікага песімізму я не адчуў. Адны апазіцыянеры настроеныя даволі рашуча і нават ваяўніча, іншыя больш гатовыя да кампрамісу. Гэта добра, што ёсць розныя меркаванні. Хацелася б толькі, каб дзеянні апазіцыі былі ў большай ступені ўзгодненымі. Я нават скажу, што песімізму было не так шмат, як я чакаў. Яго нават было не вельмі шмат! Але ў мяне яшчэ будуць сустрэчы — магчыма, уражанне памяняецца.



Еўрарадыё: А Брусель у нашай апазіцыі не расчараваўся — колькі гадоў падтрымлівае, а выніку не відаць?

Юстас Палецкіс: Не. Брусель, на мой погляд, заўсёды будзе падтрымліваць апазіцыю. Іншая справа, што трэба пашыраць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ. Садзейнічаць спробам, хай для пачатку і на нізкім узроўні, але сесці за круглы стол з уладамі ў межах “Дыялога для мадэрнізацыі”. Тады і апазіцыі стане лягчэй. Хаця будуць і тыя ў яе асяродку, якія на гэта не пагодзяцца. Тут ужо кожная палітычная партыя, кожны палітык сам хай вырашае, што абіраць.

Еўрарадыё: Еўрасаюз папракаюць, што ў яго нібыта няма пакрокавага плану выбудоўвання ўзаемаадносінаў з нашай краінай. Можа, ваш будучы даклад стане “чарнавіком” такой “дарожнай карты”?

Юстас Палецкіс: У пэўнай ступені, магчыма, так і атрымаецца. Толькі я не зусім згодны, што Еўрасаюз не мае такой “дарожнай краты”, не мае перспектывы. Ёсць такія дакументы. Толькі, магчыма, яны больш закрытага тыпу. А даклад Еўрапарламента будзе адкрытым дакументам, ён будзе апублікаваны. Але наколькі я ведаю, і ў ведамстве Кэтрын Эштан ёсць свая стратэгія па развіцці адносінаў з Беларуссю, камісар Штэфан Фюле таксама мае сваё бачанне. І ў пэўнай ступені гэта яго бачанне рэалізуецца праз “Усходняе партнёрства”, праз новы праект — “Дыялог для мадэрнізацыі”. Праўда, пакуль “кульгае” гэты “Дыялог”. А ўсё таму, што ў ім задзейнічаны толькі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці — было б добра, каб прадстаўнікі афіцыйных уладаў таксама ўдзельнічалі. Бо там жа ідзе гаворка пра мадэрнізацыю Беларусі! Калі пра рэформы будуць размаўляць толькі тыя, хто не мае ніякіх рычагоў улады, то гэта будзе адна справа, а калі яны будуць гаварыць разам з тымі, у каго гэтыя рычагі ёсць, то размова будзе больш канкрэтная. Так што адносіны з Беларуссю — гэта не зусім чысты аркуш.

Еўрарадыё: Дэпутаты беларускага парламента не супраць прыехаць у Брусель, на пасяджэнні Еўрапарламента, каб таксама нешта сваё прапанаваць у гэтым “аркушы” напісаць. Адзін з дэпутатаў днямі ў інтэрв’ю Еўрарадыё так і сказаў: “Запрашайце — прыедзем, мы маем што сказаць!” Вы бачыце сэнс у іх прысутнасці на пасяджэннях Еўрапарламента, у працы Еўранэста?

Юстас Палецкіс: Вельмі шкада, безумоўна, што ў рамках Еўранэста дыялог вядзецца і з Украінай, і з Малдовай, і з краінамі Паўднёвага Каўказа, а беларускія месцы — пустыя. На жаль, у гэтым плане амаль нічога не бачна на небасхіле. Калі ў ліпені ўсё ж адбудзецца візіт у Беларусь дэлегацыі Еўрапарламента, то іх сустрэча з дэпутатамі беларускага парламента магчымая. Але на нейтральнай пляцоўцы. Два гады таму ў нас была такая сустрэча на нейтральнай пляцоўцы: мы сустракаліся ў Даніі, у вельмі эфектным будынку тамтэйшай бібліятэкі. Я сапраўды лічу, што размаўляць і шукаць кропкі сутыкнення трэба. Але з боку Еўрапарламента ёсць пэўныя рашэнні, якія пакуль пераступіць немагчыма.

Еўрарадыё: Наколькі верагодна, што будзе знятая забарона на кантакты еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў з вышэйшым беларускім кіраўніцтвам?

Юстас Палецкіс: Гэта вельмі складанае рашэнне. Для яго прыняцця неабходна згода ўсіх 27, а ў хуткім часе — усіх 28 краін ЕС. Калі хоць адна з краін будзе супраць — гэтага не будзе. Але калі гэта і будзе зафіксавана ў нейкім пагадненні, то неабходна яшчэ будзе згода Еўрапарламента. Так што гэта доўгі шлях, і казаць, што ў бліжэйшы час магчымыя нейкія прарывы, было б заўчасна. Але некаторая мадыфікацыя ў станоўчы бок, я мяркую, праглядваецца.

Еўрарадыё: А як на гэтую “мадыфікацыю” ўплывае наяўнасць палітзняволеных у нашай краіне?

Юстас Палецкіс: Гэта галоўная перашкода.

Еўрарадыё: Гэтым разам Еўрасаюз будзе паслядоўным і не стане адмаўляцца ад свайго патрабавання вызвалення ўсіх палітзняволеных?

Юстас Палецкіс: Так. Тут мы ізноў маем справу з сумесным рашэннем усіх 27 краін, і каб яго змяніць, неабходныя вельмі канкрэтныя крокі з беларускага боку. Але каб стварыць абстаноўку для такіх зменаў, неабходна на ўсіх узроўнях размаўляць, неабходна рабіць хай невялікія крокі, каб знішчыць гэтую галоўную перашкоду. Тым не менш гэта патрабаванне прынцыповае, ад яго ніхто не збіраецца адмаўляцца.

Еўрарадыё: Сярод беларускіх экспертаў ёсць меркаванне, што ўлады маральна гатовыя вызваліць палітвязняў, але хочуць наўзамен атрымаць нейкія гарантыі ды бонусы ад Бруселя. А менавіта Брусель на бонусы не гатовы…

Юстас Палецкіс: Калі такі аптымізм датычна палітзняволеных абгрунтаваны, то я вельмі рады. Што тычыцца крокаў Бруселя ў адказ… Ну, пра гэта можна, відаць, размаўляць, і трэба размаўляць на вельмі высокім узроўні. Але я б так не казаў — што беларускія ўлады маральна гатовыя і ўсё ў бліжэйшы час можа здарыцца. Я размаўляў з рознымі амбасадарамі, яны не маюць такога аптымізму.
На наступным тыдні прыязджае віцэ-міністр замежных спраў Літвы ў Беларусь. А Літва з чэрвеня пераймае старшынства ў Еўрасаюзе, саміт “Усходняга партнёрства” пройдзе ў канцы лістапада ў Вільні… Імкненне Бруселя да паляпшэння адносінаў ёсць — паглядзім, як будзе рэагаваць Мінск.

Еўрарадыё: Вы сустракаліся і з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі, і з памочнікам прэзідэнта — яны не далі вам зразумець, што Мінск гатовы нейкім чынам вырашыць пытанне палітзняволеных?

Юстас Палецкіс: Мае ўражанні ад гэтых сустрэч станоўчыя, але нейкіх канкрэтных абяцанняў, вядома, не было.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна Аляксандр Лукашэнка можа разлічваць на атрыманне запрашэння на саміт “Усходняга партнёрства”?

Юстас Палецкіс: На жаль, Літва не можа даслаць сама такое запрашэнне — гэта могуць зрабіць усе 28 краін, уключна з Харватыяй, даслаць такое агульнае запрашэнне. Ці будзе Літва гэтаму спрыяць? Калі будуць нейкія значныя змены, я не выключаю, што Літва можа зрабіць у гэтым накірунку пэўныя крокі.

Еўрарадыё: А калі міністра замежных спраў Беларусі Макея выкрасляць са спісаў неўязных у краіны Еўрасаюза?

Юстас Палецкіс: Гэта зрабіць значна прасцей. Але і для гэтага неабходна пераадолець пэўныя перашкоды. Прынцып аднагалоснасці, прынцып магчымасці любой краіны накласці вета на рашэнні існуюць. Маё асабістае меркаванне — гэта можа адбыцца ў недалёкай будучыні.

Еўрарадыё: Ці не хацелі б вы падчас гэтага свайго візіту сустрэцца з Лукашэнкам?

Юстас Палецкіс: Дзякуй, але я думаю, што знойдуцца для гэтага прадстаўнікі Еўрасаюза і іншага ўзроўню. У мяне зараз, я лічу, былі сустрэчы добрага ўзроўню. Прыедзе ў ліпені дэлегацыя Еўрапарламента, магчыма, у нас будуць сустрэчы яшчэ больш высокага ўзроўню. Нас чакаюць нялёгкія размовы для абодвух бакоў, але, я лічу, карысныя.

Фота: pilt.delfi.ee www.alfa.lt www.bernardinai.lt
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі