Палажанка: Сэрца жанчыны перш за ўсё паклікана да сям’і

120307 Palazanka_site_0.mp3

Еўрарадыё: Як дзяўчына ў вашым узросце адчувае сябе ў палітыцы?


Наста Палажанка: У беларускай палітыцы мне досыць няўтульна, таксама як і няўтульна мужчынам у беларускай палітыцы, бо такой, якой мы хацелі б яе бачыць, яе пакуль няма. Але ў прынцыпе, у любой сферы грамадскага і палітычнага жыцця як мужчына, так і жанчына могуць развівацца аднолькава. Усё залежыць ад таго, якія задачы пастаўленыя, якія ёсць жаданні, якія таленты да гэтага. Мне здаецца, што ўсе дзверы адчыненыя для ўсіх.


Еўрарадыё: Але ці няма такога, што мужчыну на старце трактуюць больш сур’ёзна?

Наста Палажанка: Безумоўна, штосьці такое ёсць. Гэта звязана з традыцыямі ў нашай краіне, гэта звязана з пэўнымі стэрэатыпамі, якія засталіся нам з савецкіх часоў. Я ніколі не скажу, што для жанчыны на першым месцы павінна стаяць кар’ера, як, зрэшты, і для мужчыны. Але я б вельмі хацела даваць нейкую карысць гэтай краіне і рабіць справы, якія б уплывалі на яе лёс, мне хацелася б мець вялікую сям’ю, шмат дзяцей – я б не хацела раздзяляць гэтых паняццяў. Калі мяне спытаюць, што ж з гэтага важнейшае, я, як жанчына, адказала б, што гэта, безумоўна, сям’я. Гэта сапраўды важнейшае. Да гэтага паклікана жаночае сэрца. Але ніхто не кажа, што ў жанчыны няма магчымасці развівацца ў нейкіх іншых сферах, няма таленту ці пакліканняў да нечага большага. Я перакананая, што ў гэтым і унікальнасць жанчыны, што яна найвыдатнейшым чынам здольная гэта ўсё сумясціць, а шматлікім мужчынам пры неабходнасці “уцерці нос”.


Еўрарадыё: У вас ніколі не ўзнікала праблем у кантактах з палітыкамі мужчынамі? Ці не аддаюць перавагу палітыкам-мужчынам з таго ж Маладога фронту?


Наста Палажанка: Безумоўна, такія моманты існуюць. Малады фронт – досыць кансерватыўная арганізацыя і само кіраўніцтва Маладога фронту не спрыяла таму, каб жанчына выходзіла на нейкія лідуючыя ролі. Такая кансерватыўнасць, часам, на карысць, але, часам, і не вельмі. Але – гэта справа працы, часу. Ты становішся на тую ж ступеньку не таму, што нешта некаму даказваеш, а таму, што даганяеш здольнасцямі. У беларускай палітыцы ёсць такі фактар – мужчыны лічаць, што гэта “мужчынскія размовы”, сур’ёзная справа, што можа нашкодзіць “слабаму полу”. Але пытанне, што ёсць “слабы пол” у палітыцы?.. Гэта залежыць абсалютна ад асобы. Бо і мужчын “слабага полу” у нас хапае.


Еўрарадыё: Магчыма, было б лепш, калі б наша грамадства не было такім кансерватыўным і болей слухала жанчын, якія маюць, што сказаць, але праз мужчынскі погляд на “мужчынскія справы” адсунутыя ад рашэнняў.


Наста Палажанка: Кансерватызм – гэта ж не кепска, калі паглядзець на некаторыя рэаліі Еўрапейскага саюза. Гэта не пытанне кансерватыўнасці грамадства – гэта пытанне дэмакратычнасці грамадства, дэмакратычнасці поглядаў людзей. Пытанне, ці цікавяць цябе асобы вакол, ці ты глядзіш не на іх знешнасць,  а на тое, што яны здольныя рабіць, і ці слухаеш ты іх. І таму, безумоўна, важна, каб жанчыны не азіраліся на нейкі скепсіс з боку мужчын. Калі ты здольная гэта рабіць, то ідзі і рабі. Таксама, калі жанчыны вырываюцца наперад, то гэта сведчыць пра тое, што мы нарэшце сталі слухаць, пра што гавораць людзі. Гэта цікава і для чалавека са спажывецкага свету. Ён цікавіцца, як гэта так, чаму жанчына, што яна сказала, што выйшла наперад… Гэта – цікавостка для беларускіх рэаліяў, для беларускай палітычнай сферы. Можна прыгадаць, з якой цікавасцю ўвесь свет глядзеў на Юлію Цімашэнка, як яна сябе паводзіла падчас Аранжавай рэвалюцыі… Сапраўды – гэта цікава. Што адбываецца ў краіне, калі жанчыны ідуць і абганяюць жанчын. Магчыма, гэта праблемы ў грамадстве, што жанчыны робяцца мацнейшымі, а, магчыма, гэта нарэшце сапраўдны ўзровень разумення роўнасці поглядаў. Але я пагаджуся, што праблема існуе – жанчынам складаней зрабіць рывок.


Еўрарадыё: Вы верыце, што ў Беларусі можа быць прэзідэнтка?


Наста Палажанка: Так. Абсалютна веру і нават перакананая, што будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі