Па планах чыноўнікаў вуліца Быкава з’явіцца ў Мінску ў 2030 годзе

Пра гэта сёння падчас ўскладання кветак да магілы пісьменніка заявіў лідэр кампаніі, паэт Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў: “З 9 траўня, з Дня Перамогі, мы пачынаем збор подпісаў у падтрымку гэтай акцыі. І завершым яе 22 чэрвеня — у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Салдатам і пісьменнікам, летапісцам якой быў Васіль Быкаў”.



На думку паэта, улада да гэтага часу нічога не зрабіла для таго, каб ушанаваць памяць генія, імя якога ведаюць ва ўсім свеце.

Уладзімір Някляеў: “Васіль Быкаў — гонар нацыі. Для сённяшніх беларусаў ён найпершы, найгодны сын свайго народа. Для ўсіх беларусаў, апроч улады, якая нічога не зрабіла дзеля таго, каб ушанаваць памяць найслыннага сына Беларусі. Бо Васіль Быкаў адпачатку не прыняў гэтую ўладу з-за яе антынацыянальнасці і антыбеларускасці. На яго магіле нават камень фінскі!”



У наступным годзе Быкаву спаўняецца 90 гадоў. Да гэтай даты імя славутага пісьменніка хочуць даць адной з вуліц Хельсінкі, дзе ён пражыў крыху больш за год. А ў Мінгарвыканкаме, кажа Някляеў, паабяцалі, што ў сталіцы Беларусі вуліца Быкава з’явіцца ў 2030 годзе.

Уладзімір Някляеў: “Там сказалі: “Пачакайце, будзе!”. Мой чалавек спытаў: калі? А вось, кажуць, у Ждановічах ёсць яго вуліца, і калі Ждановічы ўвойдуць у межы Мінска — тады і ажыццявіцца вашая мара і будзе Быкаўская вуліца. А калі гэта будзе? Сказалі, што недзе прыблізна ў 2030 годзе”.



Але ў кампаніі “Гавары праўду!” столькі чакаць не жадаюць і таму абвясцілі пра збор подпісаў. Да 22 чэрвеня іх плануецца сабраць 50 тысяч — столькі, колькі людзей прыйшло ў дзень пахавання Быкава на развітанне з пісьменнікам. Калі ж, кажа, воля столькіх людзей будзе ўладай праігнараваная, то яны збяруць і 100 тысяч подпісаў, і мільён.

Прынёс 7 траўня кветкі на магілу пісьменніка і падпісаўся пад заклікам назваць вуліцу ў гонар Быкава і паэт Генадзь Бураўкін. Паводле яго словаў, улады мусяць прыслухацца да меркавання людзей. І пералічыў тыя вуліцы ў цэнтры Мінска, якія можна было б перайменаваць.

Генадзь Бураўкін: “Дастаткова шмат у самым цэнтры Мінска вуліц, названых імёнамі не толькі далёкіх ад Беларусі людзей, але нават імёнамі людзей, якія не любілі і нават ненавідзелі нашу Беларусь. Я маю на ўвазе і Кнорына, і Мяснікова, і іншыя ёсць. Таму калі б ўлада захацела, то яна б знайшла магчымасць. Але я не веру, што такое жаданне ў чыноўнікаў нашых ёсць”.





Згодны з паэтам і старшыня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы.

Генадзь Грушавы: “Ёсць у цэнтры такія вуліцы, як Камуністычная, Савецкая, як Куйбышава, як Фрунзэ — вуліцы, што носяць імёны людзей, якія толькі зло рабілі на гэтай зямлі. Гэтыя вуліцы і трэба называць імёнамі нашых герояў”.



Пакуль іншыя казалі словы пра Быкава і пра неабходнасць назваць у гонар яго вуліцу, жонка пісьменніка Ірына Міхайлаўна ціха стаяла збоку. Яна не хацела нічога казаць, сарамліва адварочвалася ад фотакамер і толькі падзякавала ўсім, што яны не забываюцца на яе Васіля. І пажадала ўсім моцнага здароўя. А на пытанне Еўрарадыё, ці не крыўдна ёй, што вуліцы Быкава ў Мінску дагэтуль няма, адказала каротка.

Ірына Міхайлаўна: “Асабіста мне зразумела, чаму да гэтага часу ў Мінску няма ні вуліцы, ні чагосьці іншага”.

ЕРБ: “І чаму?”

Ірына Міхайлаўна:
“Мне падаецца, што той, у каго хоць нейкія думкі ёсць, — ён таксама разумее”.



Усклаўшы кветкі да помніка, людзі рушылі да выхаду з Усходніх могілак. А сталая жанчына разам з праваабаронцай Таццянай Процькай засталіся, каб прыбраць магілу і працерці помнік.







Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі