На судзе па справе Жукаўца з'явіліся “мёртвыя душы”

Сёння павінны былі распачацца відэа-допыты сведкаў, якія знаходзяцца ў іншых краінах і не маглі прыехаць на суд у Польшчу. Аднак выявілася, што 4 з 6 сведкаў увогуле не існуюць у прыродзе. Аб гэтым Еўрарадыё паведаміў сам Андрэй Жукавец.

Беларускі бок, які патрабуе выдачы Жукаўца, перадаў у Польшчу дакументы неаднаразовых допытаў  гэтых  людзей у Латвіі. Беларусь быццам бы атрымала ад гэтай краіны дакументы допытаў у межах двухбаковай юрыдычнай дапамогі. З дакументаў допытаў вынікае віна Жукаўца. Аднак прадстаўнік рыжскага суду сёння заявіў, што такія людзі ў Латвіі не дапытваліся і яны ўвогуле не пражываюць у краіне.

На судзе, аднак, былі дапытаныя два іншых сведкі. Гэта былыя дырэктары прадпрыемства "Рочэстэр імпарт-экспарт" Сяргей Мамаеў і Валянціна Заікіна. Паводле беларускага боку, праз гэту фірму Жукавец і здзяйсняў злачынствы ў Беларусі. Аднак Мамаеў сказаў, што ўвогуле не ведае, хто быў уладальнікам прадпрыемства, а Заікіна заявіла, што ўладальнікам фірмы на той час быў яе зяць і вядомы ў Беларусі бізнэсмэн Аляксей Жукаў.

Адзначым, што цяпер Аляксей Жукаў, генеральны дырэктар кампаніі "Алютэх" займае 20 месца ў спісе найбольш паспяховых і ўплывовых беларускіх бізнэсмэнаў.


Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў "Малады фронт" і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з'ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. У Беларусі на той час супраць Жукаўца была распачатая крымінальная справа.

Беларускі бок дамагаецца выдачы Жукаўца. У Польшчы суд над палітуцекачом цягнецца амаль 12 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі