Мацей Радзівіл: Нас ніхто не запрашаў на адкрыццё Нясвіжскага замка

Інтэрнэт ускалыхнула навіна: Лукашэнка запрасіў Радзівілаў на адкрыццё
Нясвіжскага замка 11 снежня. А граф Прушынскі, разам з Някляевым і Шушкевічам
напісалі адкрыты ліст да “Нясвіжскага ардыната Караля Радзівіла” – просячы яго
паставіць умову: прыедзем толькі калі вызваляць палітвязняў. Князь Мацей
Радзівіл у інтэрв’ю Еўрарадыё раставіў усё на свае месцы.

Той самы ліст Някляева-Шушкевіча-Прушынскага. Здымак svaboda.org

 

Мацей Радзівіл: “Мы не
атрымлівалі ніякага запрашэння ад беларускага Міністэрства культуры ці ад замка”.

 

Пра само адкрыццё Мацей Радзівіл таксама нічога пэўнага не ведае – афіцыйна
ніхто Радзівілаў не запрашаў.

Мацей Радзівіл

 

Мацей Радзівіл: “Была
інфармацыя 3-4 тыдні таму, што 11 снежня будзе адкрыццё замка. Мы збіраліся
прыехаць, у тым ліку мае дзеці, дзеці Караля. Думалі нават замовіць аўтобус,
каб прыехаць усім разам. Але потым нам сказалі, што не будзе ніякага адкрыцця.
І мы не ведаем, ніхто не ведае, калі будзе адкрыццё музея”.
 

 

Дык а што ж тады з адкрытым лістом, каб Радзівілы патрабавалі вызвалення
палітвязняў?

 

Мацей Радзівіл: “Гэты ліст
мы бачылі толькі ў інтэрнэце – ён прыйшоў на мэйл Караля Радзівіла, майго
сваяка. Я вельмі незадаволены, што яны напісалі ліст толькі да Караля і
называюць яго “ардынатам Нясвіжскім”. Граф Прушынскі не можа вырашаць, хто
цяпер з’яўляецца ардынатам”.

 

Рэч у тым, што Караль Радзівіл паходзіць увогуле з іншай лініі Радзівілаў –
Алыцкай (цяпер гэта Валынская вобласць Украіны). Нясвіжскага ж ардыната сёння
афіцыйна няма, хоць некаторыя лічаць такім Марціна Радзівіла, чый бацька Антоні
быў пахаваны ў нясвіжскім касцёле ў 2000 годзе.

Мацей Радзівіл лічыць гэты ліст вельмі палітычным.

 

Мацей Радзівіл: “Мы
ніколі не ўмешваемся ў беларускую палітыку, бо мы жывем у Польшчы. Я думаю і я
ведаю з майго польскага досведу ў часы камунізму, што культурныя сувязі вельмі
важныя. Не для палітыкаў, а для ўсіх людзей, якія бяруць удзел у культурным
жыцці краіны”.

За апошнія тры гады Радзівілы бывалі ў Нясвіжы шэсць разоў. У цэнтры: пані Эльжбета, пан Мацей, пан Мікалай

 

Аднак ці плануюць Радзівілы браць удзел у адкрыцці замка – калі яно нарэшце
будзе прызначана?

 

Мацей Радзівіл: “Я
яшчэ не вырашыў, што я буду браць удзел. Я думаю, што наш прыезд у Беларуь і
ўдзел у адкрыцці – ці рашэнне аб байкатаванні – гэта не з’яўляецца важным. Мы
не настолькі знакамітыя і важныя людзі. Калі я напішу ліст, што магу прыехаць у
Беларусь на адкрыццё замка толькі калі вызваляць усіх вязняў – гэта будзе
смешна. Я ж не прэзідэнт Злучаных штатаў, каб ставіць такія ўмовы”.

 

Тым не меней, Радзівілы ў Нясвіж едуць… у гэтую суботу! Аб 11-й гадзіне там
адбудзецца асвячэнне замкавай капліцы – якое правядзе сам мітрапаліт Тадэвуш
Кандрусевіч. Мацей Радзівіл кажа, што яны лічаць капліцу найважнейшай часткай
замка. І яе асвячэнне – гэта і ёсць сімвалічнае адкрыццё адноўленага замка ў
разуменні сям’і.

 

Мацей Радзівіл: “Мы
хочам прыехаць у гэтую суботу, каб прыняць удзел у рэлігійным свяце – асвячэнні
замкавай капліцы. А потым будзе імша ў нясвіжскім касцёле за ксяндза Рыгора
Каласоўскага, вельмі важнага чалавека для Нясвіжа, для людзей, якія жылі і
жывуць там”.

 

Да асвячэння капліцы князь Мацей яшчэ год таму падрыхтаваў годны падарунак
– прафесійную копію абраза Маці Божай Нясвіжскай, якая ў суботу сімвалічна
вернецца на сваё месца ў алтары капліцы.

Радзівілы вяртаюць Маці Божую ў замак. Злева направа Мацей Радзівіл, экс-дырэктар замка Валеры Сталярчук, Мікалай Радзівіл. 2010 год.

 

Мацей Радзівіл: “У
аднаго з маіх сваякоў ёсць арыгінал абраза Маці Божай Нясвіжскай. І я замовіў
найлепшай капіістцы Польшчы Барбары Брэтынгер копію гэтага абраза. Калі я
паказаў арыгінал і копію майму сваяку Каралю – той не адрозніў, дзе што. Год
таму я падараваў гэты абраз замку, каб ён вярнуўся на сваё месца ў капліцы”.

Маці Божая Нясвіжская

Вяртанне абраза ў 2010 годзе адбылося ў сямейнай крыпце Радзівілаў у Фарным касцёле Нясвіжа

 

Ідэя падараваць замку арыгінал не разглядалася, бо яшчэ Радзівіл Рыбанька
на адвароце абраза напісаў сваёй рукой, каб “усе Радзівілы да канца света
маліліся гэтай Божай Маці, і каб абраз заўсёды заставаўся ў сям’і”.

Ужо пасля нашай размовы з князем Мацеем раптоўна з'явілася інфармацыя, што асвячэнне капліцы пераносіцца ў "сувязі з просьбай нясвіжскага музея". Абвешчана гэта за два дні да ўрачыстасці, у якой мусіў браць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ці не таму, што Радзівілы едуць -- хоць іх не запрашалі?..

Даведаўшыся гэта, сваю паездку Радзівілы таксама адмянілі.

Капліцу аднаўлялі хутка: так яна выглядала ўсяго два месяцы таму.

А так мусіць выглядаць у выніку (здымак пачатку ХХ стагоддзя)

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Праўладныя арганізацыі правялі ў Курапатах суботнік. Фота: БЕЛТА