Кулінковіч: Пасля такога адказу Лукашэнкі, чорныя спісы пойдуць на поўную

130115_malina_spisy.mp3

Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка двойчы прызнаў, што нічога не ведае пра існаванне ў Беларусі забароненых музыкаў і звярнуўся да намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Радзькова.

“Вы мне калі ласка паведаміце пра гэтыя чорныя спісы! Я хацеў бы ведаць, каму мы тут перашкаджаем спяваць, танцаваць ці што-небудзь іншае. Паверце, я нікому такіх загадаў не аддаваў. Ну, а калі хтосьці, я так мяркую, абпляваў краіну, то хтосьці, напэўна, за гэта заплаціў, дык няхай таму і спяваюць. Хоць я, зноў жа, хацеў бы ведаць пра гэтыя факты, бо яны мне насамрэч не вядомыя”.


Аўтар пытання Аляксандр Кулінковіч, які апошнім часам грае выключна напаўпадпольныя канцэрты, адказам застаўся незадаволены. Нават больш, музыка лічыць, што зараз ціск на “забароненых” яшчэ больш узмоцніцца.

“Ад такога адказу, хутчэй за ўсё, будзе толькі горш, — тлумачыць сваё стаўленне лідар Neuro Dubel. — У нашай краіне ўсе баяцца, таму спісы зараз пойдуць на поўную. Чыноўнікі скажуць: “А мала што!? Вы ж разумееце! А давайце ўсё ж яшчэ раз забаронім!”… Усе ж чыноўнікі разумеюць, што калі прэзідэнт кажа, што нешта дрэнна, то гэта добра, насамрэч… У нас жа ў краіне ўсё наадварот”.


Пагаджаецца з калегам і спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які не адыграў ніводнага паўнавартаснага канцэрта ў 2012-м годзе.

“Я б на месцы Лукашэнкі таксама нічога не ведаў пра “чорныя спісы”, бо калі яшчэ і пра “спісы” ён будзе ведаць, то гэта ўвогуле…” — з сарказмам разважае Зміцер.

Лявон Вольскі, які пасля гучнай забароны мінскай прэзентацыі альбома “Крамбамбулі” ўвогуле адмовіўся ад спробаў выступаць у Беларусі, успрыняў адказ кіраўніка краіны з усмешкай.

“Факт ёсць факт, у нас у краіне існуе забароненая музыка, — кажа Лявон. — А хто што кажа — абсалютна неістотна. Пакуль будзе гэтая ўлада, “спісы” будуць узнікаць з рознай інтэнсіўнасцю. Магчыма, яны будуць знікаць, будзе пэўная адліга, але потым яны з’явяцца зноў”.


Лідар жа гурта “Палац” паставіўся да словаў прэзідэнта аптымістычна. Ён лічыць, што цяпер варта чакаць адказу Радзькова.

“Лукашэнка сцвярджае, што не даваў ніякіх падобных загадаў! Калі гэта праўда, то гэта добра, — разважае Алег Хаменка. — Гэта значыць, што забараняюць людзі ўзроўнем ніжэй. Тады цікава, на падставе чаго, бо гэта відавочнае псаванне іміджу краіны… А значыць, там нехта шкодзіць краіне…”


На думку Алега, гэтае пытанне ўжо ўсе і даўна жадаюць вырашыць і ўлада і музыкі і грамадства, але працэс спыняецца недзе ў сярэдніх шэрагах чыноўнікаў. Таму магчыма,што разбіральніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, калі яно адбудзецца, паўплывае.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял рэдактар “ЕўрарадыёВіталь Зыблюк таксама пацікавіўся ў Аляксандра Лукашэнкі пра забароны канцэртаў і, нават, перадаў раздрукаваны “чорны спіс”, які з’явіўся ў інтэрнэце адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Кіраўнік краіны зноў жа паабяцаў разабрацца, праўда, ніякіх тэрмінаў ці канкрэтыкі не акрэсліў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі