Класкоўскі: Ніякая апазіцыя не зробіць цуд, калі грамадства не саспела

110819 KlaskouskiS.mp3

У лісце Мілінкевіч падае тры сцэнарыі магчымага развіцця падзеяў. Робіць выснову: "Апазіцыя не ў стане сёння аб’яднацца на чале з адзіным лідарам, але яна абавязаная гаварыць адным голасам адносна дыктатуры, мець адзіную тактыку барацьбы за свабоду. Палітычныя і грамадскія лідэры, журналісцкая і экспертная супольнасці ўсе разам мусім выпрацаваць стратэгію магчымага круглага стала з уладай у пераходны перыяд. Сёння ён нерэальны, але сітуацыя непрадказальная і вельмі дынамічная. Мусім быць гатовыя, калі хочам быць у рэальнай палітыцы. Для старой апазіцыі такія крокі — адзіны шлях да рэабілітацыі. Адным словам — рэабілітацыя або смерць".


Пра праблемы, выкладзеныя ў лісце Мілінкевіча, Еўрарадыё гутарыць з Аляксандрам Класкоўскім.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, Аляксандр Мілінкевіч сваім адкрытым лістом хоча вярнуцца ў палітыку?

Аляксандр Класкоўскі: Я думаю, што кожны палітык любой заявай пазіцыянуецца і заяўляе пра сябе. У гэтым сэнс палітыкі. Але ёсць і аб’ектыўная сітуацыя. Сам час, сам набор праблем, сам стан грамадства патрабуе ад апазіцыі выразна фармуляваць, што рабіць далей. Прайшоў даволі значны час пасля шоку 19 снежня, і пры тым, што апазіцыя атрымала моцныя ўдары, ад якіх цяжка акрыяць, але разам з тым абмяжоўвацца толькі лозунгам вызвалення палітвязняў недастаткова, таму што жыццё працягваецца. Людзі апынуліся ў віры эканамічных праблем, і што рабіць – невядома. Уладная прапаганда не дзейнічае, таму што яна ўжо абсалютна разыйшлася з рэальнасцю і людзі, як ніколі, хочуць пачуць альтэрнатыву. Таму, я думаю, Мілінкевіч спрабуе даць свой варыянт адказу.

Еўрарадыё: Але наколькі дзейсныя гэтыя заявы Мілінкевіча? Калі апазіцыя ніяк не можа аб’яднацца, можа і не трэба яе аб’ядноўваць?

Аляксандр Класкоўскі: У гэтым сэнсе Мілінкевіч не арыгінальны. Рытарычна ўсе апазіцыйныя палітыкі выступаюць за аб’яднанне, але разам з тым – і ў гэтым між іншага драматызм Плошчы –адзінага плану тады не было і ў пэўнай ступені атрымалася “падстава” для тысяч людзей, якія выйшлі на плошчу і трапілі ў пастку. У пытанні таго, што адзін рух ладзіць шырокія акцыі па краіне, а другі – не, ёсць аб’ектыўныя прычыны, але ёсць і банальнае пытанне рэсурсаў. Мы ведаем, што летась Мілінкевіч спачатку пракламаваў, што пойдзе на выбары, а потым у верасні раптам стала вядома, што ён перадумаў. Ёсць розныя гіпотэзы, але я думаю, банальны чыннік рэсурсаў мог адыграць галоўную ролю. Не сакрэт, што беларуская апазіцыя абмежаваная ў рэсурсах, за іх ідзе канкурэнцыя. І натуральна што замежныя донары, каб не распыляць рэсурсы, робяць стаўку на адну галоўную фігуру і раскручваюць яе. Магчыма, Мілінкевічу летась не пашанцавала і дасюль гэты чыннік адбіваецца на дзейнасці руху "За свабоду". Зразумела, што гэта толькі мая версія.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, ці сапраўды, як піша Мілінкевіч, памылкай апазіцыі было тое, што на выбары пайшлі дзевяць кандыдатаў?


Аляксандр Класкоўскі: Так, мне здаецца што хіба была ў тым, што апазіцыя пайшла некалькімі калонамі. Любы адзіны кандыдат быў бы значна лепей. Натуральна, што лепей біць кулаком, чым растапыранымі пальцамі.

Еўрарадыё: А ці хоча цяпер Мілінкевіч ачоліць апазіцыю?


Аляксандр Класкоўскі: Гэта таксама пытанне невідавочнае. Палітыка рэч такая, што двойчы ў адну раку цяжка ўвайсці. Канешне, Мілінкевіч дасюль не растраціў свой рэйтынг, які быў даволі значны пасля выбараў 2006 года, але без рэальных кампаній і, адпаведна, без рэсурсаў штучна гэты рэйтынг цяжка падтрымліваць. Тым больш, што ў Беларусі палітыкі паўнавартаснай няма і паміж выбарчымі кампаніямі палітыкам няма як сябе выявіць. Фактычна яны па-за сістэмай, яны на маргінэсе, гэта ў заходніх краінах віруе жыццё — дыскусіі ў парламентах і гэтак далей. Беларуская апазіцыя загнаная ў андэграўнд, рэйтынгі апазіцыйных лідэраў адрозніваюцца на сотыя долі адсоткаў, адсюль гэтая тузаніна, кожны лічыць сябе лепшым. Таму я б не зводзіў гэта да фігуры Мілінкевіча, кожны апазіцыйны лідэр цягне ў свой бок.

Еўрарадыё: Ці сапраўды асноўная праблема беларусаў у тым, што ў нас дыктатура ў галовах, як сцвярджае Мілінкевіч?


Аляксандр Класкоўскі: Лёс дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі залежыць і ад знешніх чыннікаў, і ад унутраных, і ніводнага нельга абсалютызаваць. З аднаго боку, сапраўды, паколькі ў краіне перакрыты кісларод для апазіцыі, без заходняй падтрымкі, без донарскіх уліванняў, тут бы заглухла любое палітычнае жыццё. З іншага боку, спадзявацца, што “заграница нам поможет” — таксама няправільна, таму што чыннік гатоўнасці грамадства да пераменаў — галоўны, Еўропа не пойдзе за нас на барыкады. Ніякая апазіцыя не зможа зрабіць цуд, пакуль унутраныя чыннікі не саспелі. Дасюль усё ж рэжым Лукашэнкі карыстаўся даволі вялікай падтрымкай, пакуль былі вялікія датацыі ад Масквы і раслі заробкі. А цяпер, калі ўсё ляснулася, змяняецца свядомасць і гэта менавіта той момант, калі апазіцыі трэба каваць жалеза. Аднымі рытарычнымі заклікамі тут не абмяжуешся. Пабачым, што будзе, апазіцыя абяцае гарачую восень. Цяпер акурат крызіс такі, што ніхто нават не чакаў, і гэта магчымасць для апазіцыі праявіць сябе і ажыццявіць свае лозунгі.

ЛІст Мілінкевіча быў апублікаваны на сайце naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі