Еўрарадыё на Тахрыры! (ФОТАРЭПАРТАЖ)

Вас чакае серыя рэпартажаў з Егіпта, а для пачатку — экстрэмальны шпацыр па Тахрыр-скверы, дзе ўжо больш за тыдзень працягваюцца масавыя пратэсты. Першыя дэмакратычныя выбары ў парламент прызначаныя на панядзелак і аўторак, а нагодаў для незадаволенасці шмат: законы мяняюць "на бягу", у апошнія дні і гадзіны перад выбарамі, кадры на месцах не гатовыя да новай формы выбараў. Празрыстых скрынак не будзе, як і не будзе кантроля за падлікам галасоў і за звычайнай матэматыкай на ўчастку: колькі прагаласавала, колькі бюлетэняў, колькі сапсаваных і колькі разоў галасаваў чалавек. Усё гэта падрабязней — у наступным рэпартажы.

Тахрыр не сустрэў гасцінна: было загадзя папярэджанне не хадзіць адным, асабліва дзяўчынам, асабліва — прыезжым, і гэтая атмасфера нахлынула ад першых крокаў па агароджанай самаарганізаванымі "блок-пастамі" плошчы. На ўваходзе моладзь, гадоў па 17-18, правярала дакументы і сумкі на наяўнасць зброі. Дарэчы, зброя цяпер прадаецца тут на кожным кроку за 10 долараў, таксама можна лёгка набыць супрацьгаз і маску на вочы ад слёзацечнага газу (па 2 долары). Маргарэт і Джона, амерыканскіх незалежных назіральнікаў, ледзь не абстралялі на адной з турыстычных вуліц: гандляры з суседніх крамаў не падзялілі тэрыторыю і сталі перастрэльвацца. "Гэта не нармальна, у нас такога раней не было", — кажа Мосры, праваабаронца з Каіра. — "Але ж не дзіўна, бо паліцыі не да злачынцаў, уся паліцыя пільнуе Тахрыр".

Від з вакна гатэля, дзе жывуць журналісты міжнародных тэлеканалаў.

На плошчы ў вечар шпацыру было каля 40.000 чалавек: у розных кутах агітавалі за розныя партыі і за розных кандыдатаў, з усіх бакоў чуліся воклічы праз гукаўзмацняльнікі, тут і там ляжалі людзі на бетонных пастаментах у коўдрах, у цэнтры пляцоўкі стаяла некалькі дзесяткаў вялікіх белых намётаў. "Многія людзі спынілі на час пратэстаў сваю вучобу і працу і жывуць тут, а некаторыя прыходзяць сюды адразу пасля сваіх справаў днём і сыходзяць позна ўночы", — кажа Ахмед, адзін з актывістаў.

"Трымайцеся групай! Зараз ваенныя правакуюць і такім чынам праганяюць замежную прэсу з плошчы, вы ж чулі гісторыі пра згвалтаваных журналістак і збітых аператараў?" — кажа Мосры, егіпцянін, які пагадзіўся суправадзіць на Тахрыры карэспандэнтку Еўрарадыё, а таксама праваабаронцу з Эстоніі і журналіста брытанскага радыё. У цэнтры плошчы нас атачылі мясцовыя і сталі крычаць нешта Мосры па-арабску. Чалавек 30 падбеглі і зашчамілі яго ў кола. "Навошта ты іх сюды прывёў?" — крычалі маладзёны. — "Гэта наша плошча! Тут ім не месца! Толькі егіпецкія журналісты могуць знаходзіцца тут, нам не патрэбныя шпіёны!". Натоўп гудзеў і павялічваўся, а мы не ведалі, куды кінуцца, бо да любога з краёў плошчы было даволі далёка, а вакол занадта шмат цікаўных і агрэсіўных людзей. У рэшце рэшт, пасля доўгіх перамоваў, натоўп адпусціў нас і загадаў зараз жа сыходзіць.

Паабапал плошчы знаходзяцца палявыя шпіталі: адзін у будынку мячэці, адзін у школе, яшчэ некалькі, у тым ліку адзін быў у хрысціянскім храме, прычым яго паліцэйскія абстралялі слёзацечным газам ў момант аднаго з сутыкненняў. "Людзі не любяць, калі чужынцы здымаюць іх, гэта плошча для іх — нешта вельмі інтымнае...", — кажа доктар аднаго з палявых шпіталёў.

Недалёка ад Тахрыра, па дарозе да ўзбярэжжа Ніла, знаходзіцца спалены гмах партыі Мубарака, былога прэзідэнта. Пратэстоўцы кажуць, што будуць прасіць новую ўладу не рамантаваць і не зносіць дом, а пакінуць у якасці помніка рэвалюцыі і для застрашэння дыктатараў усяго свету.

Працяг будзе + у панядзелак слухайце жывыя ўключэнні з Егіпта!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі