Эксперт: Шуганіна ў адукацыі сведчыць пра непісьменнасць чыноўнікаў

120327 MackevichS.mp3

Еўрарадыё: Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што з новага навучальнага года беларускія ВНУ пяройдуць на чатырохгадовую сістэму навучання. Нас аднойчы ўжо не ўзялі ў Балонскі працэс. Ці пераход на чатыры гады нам дапаможа?


Святлана Мацкевіч: Перавод на чатыры гады навучання не надта дапаможа. Гэта адно тэхнічная мера, што дазваляе наблізіць беларускую адукацыю да еўрапейскай паводле тэрмінаў навучання. Гэта зусім не значыць, што змены набліжаюць нашую адукацыю да еўрапейскай паводле якасці і тых асноўных прынцыпаў, якія Беларусь павінна прытрымлівацца, каб уступіць у Балонскі працэс.

Асноўныя прынцыпы – гэта акадэмічная свабода, універсітэцкая эканомія, студэнцкае самакіраванне. Перш-наперш трэба абмяркоўваць гэтыя пытанні, а не тэрміны, тэхналогіі… Пытанне тэрмінаў – гэта адно тэхналогія адукацыі. Яно, вядома ж, уплывае на многія працэсы, што адбываюцца ў адукацыі: ашчаджае фінансаванне, дазваляе так ці інакш мадэрнізаваць змест адукацыі, прыбраць з сістэмы навучання ўсё непатрэбнае, пакінуць неабходнае для падрыхтоўкі спецыялістаў. Але прынцыповых пытанняў такога кшталту дзеянні не вырашаюць.

Еўрарадыё: Ці не пагоршае нашая адукацыя, калі часу на навучанне стане яшчэ менш?

Святлана Мацкевіч: Я не надта магу прадугледзець стан адукацыі. Дык і не можна даваць нейкіх катэгарычных ацэнак. Трэба рабіць адпаведныя даследаванні. Сёння не зусім зразумела, якая рэальная ў нас якасць адукацыі. ВНУ ў нас самыя рыхтуюць спецыялістаў да самыя ацэньваюць. Міжнародная ж сістэма ацэнкі якасці мае незалежную ацэнку якасці. Гэтак, калі якасць спецыяліста ацэньвае працадаўца ці іншы ўніверсітэт. Або сам спажывец можа нейкім чынам ацаніць якую адукацыйную паслугу ён атрымаў. У нас сістэма незалежнай ацэнкі адсутнічае, таму, нам застаецца адно здагадвацца пра рэальны стан якасці адукацыі. Мы час ад часу прапаноўваем еўрапейскім структурам, каб яны рабілі такую ацэнку ў нас у Беларусі. Але ж каб зрабіць такую ацэнку трэба дазвол уладаў, дазвол універсітэтаў – тут мы сутыкаемся з шэрагам цяжкасцяў, каб адэкватна ацаніць якасць адукацыі.

Перавод на чатырохгадовую адукацыю змяняе тэхналогію адукацыі, але паводле гэтага фактару, казаць, ці зменіцца адукацыя, мы не можам. Якасць залежыць перш за ўсё ад зместу, што транслююць у адукацыі: якая мадэль спецыяліста бяруць за аснову, якія дысцыпліны ўводзяцца, якія выкладчыкі працуюць і г. д. Сістэма адукацыі – гэта даволі складаная сістэма. І толькі паводле тэрмінаў навучання прагназаваць якасць мы не можам.

Еўрарадыё: Што мінулым разам перашкодзіла перайсці на сістэму чатырох гадоў бакалаўрыяту і двух магістратуры?

Святлана Мацкевіч: Я думаю, што такая шуганіна кажа пра тое, што Міністэрства адукацыі не мае дакладнай канцэпцыі, што рабіць з адукацыяй. Адзінае, што ўмеюць рабіць нашыя чыноўнікі – гэта або памяншаць, або павялічваць тэрміны навучання. А працаваць на ўзроўні адукацыйнай палітыкі, міжнародных адносін, мадэрнізаваць сістэму – яны не навучаныя. Гэта і вядома. Бо хто вучыць нашых чыноўнікаў рэфармаваць гуманітарныя сферы дзейнасці? Ніхто не вучыць. Ні ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, ні ў іншых структурах. Вучыць рэфарматараў – гэта нашмат складаней, чым потым збіраць ніву самой рэформы. Гэта вялікая праблема. Нашых чыноўнікаў трэба пасадзіць за парту і навучаць іх новым метадам працы ў гуманітарных сферах. Такіх метадаў праектавання, праграмавання, вядзення перамоваў на розных узроўнях. Гэтаму трэба вучыць.

Еўрарадыё: Кіраўнік дзяржавы сказаў, што гуманітарных дысцыплінаў зашмат. Да чаго можа прывесці такое стаўленне да гуманітарных дысцыплінаў?

Святлана Мацкевіч: Гэта прывядзе да страты грамадзянскага элементу ў якасці адукацыі. Гуманітарызацыя адукацыі неабходная для таго, каб людзі пасля курсу па гуманітарызацыі маглі ўладкоўваць сваё жыццё. Маглі ўладкоўваць жыццё ў грамадстве, жыццё з іншымі людзьмі, уладкаваць дзяржаву. Мець нейкую грамадзянскую пазіцыю, мець ясную пазіцыю, уваходзіць у перамовы ў камунікацыю з іншымі людзьмі, з людзьмі іншых культур і г. д. Гэта вельмі важны элемент у якасці адукацыі. І калі гуманітарызацыя адукацыі пачне скарачацца, мы трапім… Мы даўно ўжо трапілі ў такі трэнд – страты грамадзянскасці і страты нацыі як такой.

Тэндэнцыя на дэгуманітарызацыю была пачатая даўно – яшчэ ў сярэдзіне 90-ых гг. І цяпер гэтая тэндэнцыя канчаткова ўмацоўваецца. У выніку мы будзем мець гуманітарна непісьменных людзей, якімі вельмі лёгка кіраваць. Ад якіх не чакаюць наяўнасці ўласнай пазіцыі, ўласных поглядаў, уласнага меркавання пра тое, як трэба будаваць нашую краіну. Вось і ўсё. Гэта вялікая трагедыя для адукацыі. Нават калі мы зменшым на 20% гуманітарную падрыхтоўку – гэта прывядзе да вельмі сур'ёзных наступстваў. Для жыцця людзей у грамадстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі