“Дзякуй Богу, яны не прыстаюць з палітычнымі размовамі!”

121227_lukashuk_cikava.mp3

2012 год быў багаты на падзеі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія гэтыя падзеі каментавалі. Так, ад пачатку года грамадства ўсё яшчэ было пад уражаннем ад смяротнага прысуду Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву за тэракт у метро. Былы Генпракурор Рыгор Васілевіч з гэтай нагоды ў інтэрв’ю Еўрарадыё заявіў, што для адмены смяротнага пакарання не абавязкова праводзіць рэферэндум — дастаткова аб’явіць мараторый. А вось яго словы наконт самога прысуду.


Рыгор Васілевіч: “Я адкажу так. Ёсць старшыня Вярхоўнага суда спадар Сукала. Які ўсе гады знаходзіцца за спінамі сваіх падначаленых. Я перанакіроўваю гэта пытанне яму. Гэты чалавек цалкам можа даць каментарый. Я заўсёды быў на пярэднім флангу. А гэты таварыш хай таксама пакажа сябе. А то вось так у цяні, за спінамі невыязных суддзяў, знаходзіцца працяглы час, напэўна, не вельмі карэктна ў адносінах да сваіх падначаленых”.



Беларускія пратэсты 2010-2011 гадоў у годзе 2012 перакінуліся ў Расію. І ўзначалілі іх такія нечаканыя асобы, як, да прыкладу, Ксенія Сабчак. Яе тлумачэнне Еўрарадыё свайго ўдзелу ў “Маршах мільёнаў”:


Ксенія Сабчак: “Я разумею, што часам людзям бывае складана зразумець, што існуюць яшчэ нейкія каштоўнасці, акрамя талеркі супу і цёплай канапы. Часам гэта вельмі важна разумець, хаця, насамрэч, разумее гэта мала хто. У гэтым сэнсе людзям значна прасцей зразумець такую сітуацыю, калі гэта бунт людзей абяздоленых, чым калі гэта — сапраўды змаганне за ідэі”.


А потым і Беларусь пачала рыхтавацца да парламенцкіх выбараў. Але сюрпрызаў ад іх не чакалі нават за мяжой — прынамсі старшыня камітэта па міжнародных справах сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс.


Эмануэліс Зінгерыс: "Беларусы — гэта выбітныя людзі, якія нейкім дзіўным чынам ізноў апынуліся за бортам гістарычных магчымасцяў. Маючы якасці еўрапейскага народа, з’яўляючыся блізкімі і зразумелымі нам людзьмі, яны патрапілі ў незвычайны эксперымент, калі для такіх светлых людзей аднаўляюць скульптуры Дзяржынскага, перад вачыма якіх стаяць помнікі гэтаму забойцу рускага, беларускага ды іншых народаў — Леніну. Гэты эксперымент па вяртанні вас у мінулае да такой ступені нагадвае раманы Франца Кафкі і Оруэла!”



І ў гэты ж час невыязная старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына нечакана для сябе трапіла ў Вену на канферэнцыю АБСЕ. Па вяртанні падзялілася з Еўрарадыё ўражаннямі і надзеямі.


Лідзія Ярмошына: “Вена ўжо ёсць — Парыжа не хапае. Але Вена мне вельмі спадабалася... Было ўсё тое, што я люблю: шпацыраваць, прысаджвацца ў вулічныя кавярні, піць кубачак кавы, глядзець на жыццё”.

Еўрарадыё: У Duty Free аэрапорта заходзілі? Што набылі?

Лідзія Ярмошына: “Абавязкова! Гэта святое! Набыла парфуму, якая мне падабаецца. Называецца яна Light Blue ад Dolce & Gabbana”.



Адначасова сваё развітальнае “Амбасовішча” ладзіў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. Перад ад’ездам ён пагаварыў з Еўрарадыё.


Майкл Скэнлан: “Я спадзяюся, што ў мяне ніколі больш не будзе такой сітуацыі, калі я патраплю ў такую краіну, дзе я буду вымушаны стварыць такое мерапрыемства. Каб людзі, дзеля таго, каб мець магчымасць паказаць свой талент, павінны для гэтага прыходзіць у амерыканскую амбасаду. Бо яны не маюць магчымасці рабіць гэтага ў сваёй краіне. Кожная краіна павінна цаніць сваё самае галоўнае багацце — свой народ і яго талент. Павінна падтрымліваць і рабіць усё, каб гэты талент працаваў на карысць людзей і грамадства”.



А Аляксандр Саладуха нарэшце прызнаўся, як запаўняе залы на свае канцэрты:

Аляксандр Саладуха: “За 3-4 дні я абтэлефанаваў усе прадпрыемствы Гродна! А для мінскага канцэрта нарыхтаваў тэлефоны 445 прадпрыемстваў! Ну што зробіш — пяцітысячнік [8 сакавіка Саладуха прэзентаваў новую праграму “Берагі” ў сталічным Палацы спорту]. Трэба адбамбіць і адпачываць!”.

Выбары скончыліся чакана: ніводнага апазіцыянера ў парламенце, непрызнанне міжнароднымі структурамі. А гэтым часам сыходзіць з пасады кіраўнік самага страшнага для апазіцыянераў Фрунзенскага РУУС сталіцы. У апазіцыю…


Алег Гайдукевіч пра сябе — начальніка РУУС:

“Я лічу, што я быў прыстойным начальнікам РУУС. І чалавекам, які заўсёды выконваў закон і дзейнічаў паводле закона. І па справядлівасці. Я лічу так…


…і пра сябе — апазіцыйнага палітыка:


“Мяне гэта не бянтэжыць абсалютна. Я свядома іду ў Ліберальна-дэмакратычную партыю, якая з’яўляецца канструктыўнай апазіцыяй. І я нармальна да гэтага пераходу стаўлюся”.


Падвёў вынікі выбараў у размове з Еўрарадыё і Зянон Пазняк.


Зянон Пазняк: “Ім нічога ўжо не дапаможа, ім канец, яны поўныя банкруты! Не кажучы пра тое, якую вялікую шкоду яны зрабілі для Беларусі. Гэты рэжым трэба змятаць, разам з яго апазіцыяй. І ён будзе змецены разам з гэтымі прадажнымі людзьмі, якія прадалі і Беларусь, і палітыку, і Народны фронт, і нават Еўропу, якая ўсадзіла ў іх столькі мільёнаў. Раскралі, праелі, прафукалі і нічога не зрабілі. І Еўропа ад іх адвярнулася. Гэта адпрацаваны матэрыял… Яны ўжо сто разоў прадаліся і яшчэ нешта пілікаюць! Яны будуць на галаву станавіцца, казаць, што КДБ злівае, а Пазняк не разабраўся…”


І сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, які пасля абвяшчэння гэтых вынікаў нават у грамадскую лазню хадзіць не баіцца!


“Я — чалавек пазнавальны, і найлепшым паказчыкам гэтага з’яўляецца гарадская лазня. У Малінаўцы нядрэнная лазня, і яе пастаянныя наведвальнікі добра ведаюць, хто я такі. Дзякуй Богу, яны не прыстаюць з палітычнымі размовамі! Калі ўзнікне нейкае пытанне, то без нейкай палітызацыі пацікавяцца меркаваннем. Размовы, як ва ўсіх: пра паляванне, рыбалку, дачу. Калі ў каго і ёсць да мяне палітычныя прэтэнзіі як да супрацоўніка ЦВК, то яны не выказваюцца ў рэзкай форме".



А вось цяпер ужо былы ўладальнік кандытарскіх фабрык “Камунарка” і “Спартак” Марат Новікаў не такі смелы. І да Лукашэнкі на нараду, дзе ў яго фабрыкі “адбіралі”, не паехаў.


“Я цяпер рады, што не паехаў! Калі слухаў ўсё, што там было, тут — я смяяўся. А калі б я выслухаў гэта там! Ды калі б мяне яшчэ пачалі абражаць і прыніжаць, ды казаць, што я нічога не варты.... У мяне б, напэўна, здарыўся б інфаркт і мяне б прывезлі назад у металічнай скрыні”.


Не хоча бачыцца з Лукашэнкам і былы журналіст АНТ, найлепшы журналіст Украіны па выніках 2012 года Сяргей Дарафееў.


Сяргей Дарафееў: “У Аляксандра Рыгоравіча апошнім часам так часта і так шмат журналістаў рабілі інтэрв’ю, што я, шчыра кажучы, нават не ведаю, якія б пытанні я яму задаў. Напэўна, я б у пытаннях паўтарыўся, і беларуская аўдыторыя з майго інтэрв’ю не даведалася б нічога новага. Таму я не бачу сэнсу ў сваім інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Мы б нічога новага не даведаліся. А пачуць тыя ж словы і атрымаць тыя ж дзеянні… Сэнсу няма ў такім інтэрв’ю”.


Безумоўна, гэта не ўсё цікавае, што было на Еўрарадыё ў 2012 годзе. Але не менш цікавостак абяцаем вам і ў годзе надыходзячым.

Фота: Змітра Лукашука, Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі