Дзіма Ску прадставіў "Вэб 3-0 праект з будучыні"

110815 Malina_SKU.mp3

Па словах Дзімы Ску, яго праект існуе паўгода. За гэты час ён пісаў песні і разам з аднадумцамі Іллём (бубны) і Сяргеем (бас) прыдумваў і рэалізоўваў ідэі па здымках будучага відэа.

"Альбом пісаўся вельмі хутка, літаральна на каленках. Мы спрабавалі зрабіць усё як мага хутчэй, і не заўсёды, вядома, якасна атрымлівалася – асабліва для якіх-небудзь прафесіяналаў" – смяецца Дзіма Ску.

16 трэкаў хлопцы запісалі літаральна за 3 дні.

Дзіма Ску: "Па мерках прафесійных музыкантаў, якія будуць глядзець згары і пляваць у мой бок, гэта можа здавацца дзіцячым садком. Але гэта нічога! Можа быць, гэта такі пераходны перыяд. Гэта не азначае, што мы ўсё жыццё будзем так рабіць. Вось гэтыя сырасць і энергія і ўвасобленыя на альбоме. Але мы гралі нажыва, усе разам і толькі накладвалі нейкія бэк-вакалы. Мне, напрыклад, вельмі падабаюцца харавыя падпеўкі, якія там ёсць. Яны так зараджаюць! Я сам хаджу, слухаю".


Канцэпцыя альбома вельмі простая, кажа Дзіма, – бяры, што пад рукой і стварай што-небудзь.

"А дакладней – выкарыстоўвай тое, што пад рукой і не шукай сабе іншае! А яшчэ наш падыход – гэта сола на выбівалцы, то бок усё павінна быць проста, хутка і ніякай нудоты. Талент важнейшы за вінцікі".

Песні ды кароткія вясёлыя вершыкі для альбома нібыта пісаліся самі сабой, распавядае Дзіма. Некаторыя фразы і нататкі часам з’яўляліся ў яго ЖЖ, іншыя Дзіма запісваў на сурвэтках ці паперках.

Часцей за ўсё ідэя будучай песні "скакала" ад тэкстаў – то бок ад лібрэта, удакладняе аўтар.

Дзіма Ску: "І ўся музыка проста з’яўляецца надбудовай. Усе нашы музыканты значна лепшыя музыканты, чым я, і яны самі дадумваюць свае партыі. А ў выніку атрымліваецца вельмі добра! Я б назваў гэты праект "Вэб 3-0 праект з будучыні", таму што ў будучыні ўсе будуць так адно з адным узаемадзейнічаць".

Колькасць удзельнікаў каманды пакуль змяняецца, а паспрабаваць сябе ў ролі музыканта для "Соло на выбивалке" можа кожны жадаючы.

"Так, кожны чалавек можа стаць удзельнікам! – запрашае Дзіма Ску - Для мяне гэта пакуль уяўны аркестр, і ён можа ўключаць у сябе любога чалавека, які бац – прыйшоў і сыграў! То бок каб я не тлумачыў яму, якую партыю граць і нічога не прыдумваў за яго. А чалавек прыйшоў, натхніўся ўсім гэтым нашым зарадам і на гэтым зарадзе сыграў сваю партыю".

Дарэчы, сам Дзіма вельмі ганарыцца тым, што бубнач і басіст каманды – сапраўдныя музыканты.

"І пры гэтым, напрыклад, бубнача не абламвае граць на чамадане і двух жалезных кубках! - смяецца Дзіма Касцяк каманды – гэта я. Калі мяне прыбраць – то нічога не застанецца. А я магу граць з адным бас-гітарыстам, з адным бубначом, ці з усімі разам. Трэба, каб мы проста знаходзілі агульную мову".

На пласцінцы вы не знойдзеце "медлякоў" ці тужлівых філасофскіх кампазіцый. Бо ўсе песні на ёй – не прыдуманыя, а пражытыя. Відаць, жыццё ў Дзімы Ску – суцэльны пазітыў.

"Часта музыканты кажуць, што тэксты пішуцца, калі ім дрэнна. А мне наадварот – я пішу тэксты, калі мне добра. І калі я іх пішу – мне робіцца яшчэ лепш. І спадзяюся, што людзям, якія не зашораныя стандартамі кшталту "якасць- не шыпець-вакаліст павінен трапляць у ноты", таксама будзе добра. Гэта не нанасное, не выдумка – мне насамрэч добра жыць".

Тым часам музыканты працуюць над працягам праекта. Але, хутчэй за ўсё, гэта будзе не канцэртная дзейнасць, а новы альбом.

Дзіма Ску: "У мяне няма нейкіх жорсткіх планаў кшталту тура. Неяк усё арганічна складзецца, створыцца склад. Для таго, каб існаваў праект, мне трэба самому існаваць. А ўсе астатнія людзі знаходзяцца самі. Знаходзяцца камеры, інструменты, памяшканні. Мне застаецца толькі некалькі слоў сказаць і запісаць гэта на відэа".

"Соло на выбивалке" можна спампаваць тут. А па арыгінальную пласцінку трэба звяртацца непасрэдна да Дзімы Ску.

"Я пакуль не вырашыў, як гэтай дыстрыб’юцыяй займацца – тлумачыць Дзіма. – Можна мне пісаць, напрыклад, у соцсетках, і я буду высылаць пласцінкі альбо наўпрост сустракацца з людзьмі. Мы надрукавалі сто дыскаў. Яны такія прыгожыя, каляровыя. На іх нарэзана дарожка ў аўдыё – каб слухаць у звычайным магнітафоне, і дарожка ў mp3".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі