Дзіма Ску і “Чтобы-чтобы”. “Сделать за месяц 10 песен”

130412_agljadacha.mp3

Спачатку няспынны баранавіцкі дызайнер Дзіма Ску разам з сябрамі — музыкамі Іллём і Сяргеем запісаў 27-хвілінны экзерсіс “Соло на выбивалке”. Потым Сяргей адправіўся ў творчы адпачынак, а Ілля з Дзімам прыдумалі гурт “Чтобы-чтобы”.

Іх першы опус — міні-альбом “Всегда лето” — стаў 11-хвілінным мастком між акустычнай “выбівалкай” і наступным альбомам — электронным “Сделать за месяц 10 песен”. Казу і ўкулуле, як водгукі “выбівалкі”, тут яшчэ спрабавалі перашкодзіць Дзіму канчаткова сысці ў кухонныя біты. Але ён не здаўся. Як заўжды ў Дзімы Ску, “Сделать за месяц 10 песен” — гэта “міні-EP”. Альбом гучыць 13,5 хвілін. Для таго, каб максімальна дакладна апісаць стан “невыноснай лёгкасці быту”, гэтага дастаткова. Калі больш — гэта ўжо белетрыстыка.

Суцэльны пазітыў “Сола на выбивалке” і хіп-хопавыя абстракцыі “Всегда лето” — другога альбома Дзімы Ску (ён жа першы альбом “Чтобы-чтобы”) — тут мяжуюць з праўдай рэчаіснасці. “Свой нос бульбай трымай па ветру, сёння ты пачатковец, а заўтра ты – мэтр” з “Всегда лето” тут пераходзіць у “Нажраться и блевать, когда тебе 45, об этом печально одноклассникам расказать. Если, конечно, одноклассники живы”. Ску уздымае тэму дэматыватара-інтэрнэту, які перамог Цвятаеву і Бальмонта, кранае прызначэнне чалавека (“ухожу из этого цирка, буду в парке катать детей”) і сцвярджае, што “важно делать то, что интересно, не ожидая музы и чего-то там небесного”.

У альбоме “Сделать за месяц 10 песен” Ску разам са сваімі паплечнікамі з праекту “Чтобы-чтобы” чаруюць над электронікай і гітарай, раптам забаўляюцца джазком, кідаюцца ў панк, акунаюцца ў біты, начытваючы свой “кухонны хіп-хоп”. Прычым, кожная песня-гісторыя мае сваю ўласную афарбоўку. Пласцінка “Сделать за месяц 10 песен” не гучыць як адна трынаццаціхвілінная песня, што, несумненна, з’яўляецца плюсам дзіўнага альбомчыка, падобнага, на думку яго аўтараў, да “пісталетнай абоймы”.

Дарэчы, па задуме “Сделать за месяц 10 песен” Дзімы Ску падобны на “Рыбы Амура” — паспяховы вК-праект расійскага музыкі Алега Лёгкага. Седзячы перад камп’ютарам, толькі-толькі звольнены з працы Алег за пару гадзін запісаў 10 імправізацыйных трэкаў з прымітыўнымі і смешнымі тэкстамі, і выклаў у сеціва. У Ску, праўда, усё больш разгорнута і недзе драматычна.

Філасофія Дзімы Ску з часоў “Сола на выбивалке” не змянілася: “ствараць — гэта весела і проста, і не трэба гадамі чакаць ідэальнага”. Дзіма дэманструе, як за 13,5 хвілін можна сказаць галоўнае, не нагаварыўшы лішняга і непатрэбнага, і пры гэтым быць у трэндзе. Дзіма, пішы яшчэ!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі