Дыпламат: Верагоднасць вяртання амбасадараў на наступным тыдні невялікая

120404 Eurafokus.mp3

На наступным тыдні, 19 красавіка, з Пасланнем “да парламента і народа” выступіць Аляксандр Лукашэнка. Апроч парламентарыяў, у Авальнай зале кожны раз прысутнічаюць замежныя амбасадары. У тым ліку — краін Еўрасаюза. Запрашэнні на мерапрыемства дыпламатам дасылае беларускі МЗС. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці запросяць паслоў прыйсці да прэзідэнта, а фактычна — вярнуцца?


Паводле слоў кіраўніка прэс-службы знешнепалітычнага ведамства Андрэя Савіных, звычайна з амбасадамі звязваюцца за два тыдні да выступу кіраўніка краіны. Але ці даслалі ў прадстаўніцтвы еўрапейскіх краін інфармацыю пра запланаваны выступ Лукашэнкі гэтым разам, прадстаўнік МЗС не ведае.

Андрэй Савіных: “Раней запрашалі, трэба ўдакладняць у пратаколе, але гэта і не з’яўляецца абавязковым”.

Нават калі рашэнне даслаць інфармацыю ў амбасады краін ЕС будзе прынятае, то адсутнасць амбасадараў гэтых краін у Мінску не будзе мець значэння для напаўняльнасці дыпламатычнай ложы ў Авальнай зале.

Андрэй Савіных: “Калі адсутнічае амбасадар — заўсёды ёсць Часовы павераны. Ён можа ўзяць удзел замест амбасадара. Так што ніякіх праблем у гэтым плане няма”.

А тое, што да выступу ў парламенце кіраўніка краіны застаецца тыдзень, — не страшна, час трывае, сцвярджае Савіных. Што ж тычыцца магчымых тэрмінаў вяртання амбасадараў краін ЕС у Мінск, то прадстаўнік МЗС каментуе гэта наступным чынам.

Андрэй Савіных: “Напішыце проста: “Тэрміны вяртання амбасадараў у Міністэрстве замежных спраў пакуль не каментуюць”.

Між тым, 4 красавіка ізноў з’явілася інфармацыя наконт “скаардынаванага” вяртання ўсіх амбасадараў еўрапейскіх краін у Мінск на наступным тыдні — да выхаду на трыбуну ў Авальнай зале кіраўніка Беларусі.

Першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук скептычна ставіцца да верагоднасці вяртання амбасадара Лешака Шарэпкі ў Мінск да 19 красавіка.

Павел Марчук: “Такая ж верагоднасць (вяртання амбасадараў на наступным тыдні — Еўрарадыё), як і тая, што прыедуць амбасадары ў Мінск ужо сёння, учора ці пазаўчора. Адным словам — невялікая”.

І тлумачыць Еўрарадыё, чаму не чакае хуткага вяртання, прынамсі, Лешака Шарэпкі.

Павел Марчук: “У першую чаргу ўсе чакаюць, калі вярнуцца на свае месцы амбасадары Беларусі, якія працавалі ў Варшаве і ў Брусэлі”.

Як тлумачыць польскі дыпламат, сёння менавіта беларускі бок мусіць зрабіць першы крок на шляху вяртання еўрапейскіх амбасадараў. Хаця б — чыста тэхнічны. Паводле пратаколу, найперш беларускія амбасадары мусяць вярнуцца на сваю працу. Тады амбасадары Польшчы і Прадстаўніцтва ЕС займеюць тэхнічную магчымасць вяртання.


Еўрасаюз жа заяўляе, што калі амбасадары і будуць вяртацца, то толькі разам. Такім чынам, сёння такое сумеснае вяртанне немагчымае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі