Брэсцкую апазіцыянерку шукае міліцыя

Пра гэта Еўрарадыё распавёў Уладзімір Вуек, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП. Яму пра актыўнасць міліцыянтаў расказалі суседзі.

Вуек: "У маю кватэру (мяне не было ў горадзе) грукалі, званілі надта настойліва супрацоўнікі міліцыі. Распытваліся ў суседзяў, ці ведаюць такую Аліну Літвінчук, ці жыве яна ў гэтай кватэры і дзе яна працуе. Я звярнуўся ў апорны пункт міліцыі да свайго ўчастковага. Той сказаў, што не ў курсе, адно што чуў, што шукаў Аліну Хоміч Андрэй Леанідавіч".

Па тэлефоне Хоміч паведаміў, што павінен даставіць Аліну Літвінчук да намесніка абласнога пракурора. Там ёй хочуць уручыць афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці дзейнасці ў якасці журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Аліна Літвінчук выконвае абавязкі сакратара Міжнароднай камісіі моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Маладыя дэмакраты”. Як журналістка дзяўчына піша для беларускіх папяровых выданняў.

Са словаў Вуека, Аліна Літвінчук сапраўды жыве ў яго кватэры. Сваё жытло ён прадаставіў пінчанцы з салідарнасці, калі яе выключылі за іншадумства з факультэта замежных моваў Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна. Сам Вуек жыве ў бацькоўскай кватэры.

Фота — mk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі