Botanic Project "Реанимация"

120516 Agljadacha.mp3

Трэці студыйны альбом гурта Botanic Project "Реанимация", па шчырасці, варта было б назваць дэбютным. Папярэднія дыскі "Батанікаў" былі сэмплавыя з рэдкім далучэннем жывых інструментаў, а гэты альбом стаў першым цалкам "жывым". На дыску 16 песень, якія выканалі 16 музыкаў, плюс гукарэжысёр, якога самі ўдзельнікі калектыву называюць сямнаццатым выканаўцам. І, натуральна, маюць рацыю. Рэдкі рэліз за апошні час, на якім не ўзнікае нараканняў на звядзенне. Не трэба прыслухоўвацца, каб разабраць тэкст, гітары не сціснутыя і не хрыпяць, бубны не навісаюць над іншымі інструментамі.

Можна смела сказаць, што пераход ад трыа да біг-бэнда ў "Батанікаў" цалкам атрымаўся. Натуральна, хлопцы прызнаваліся, што было вельмі складана, але ў выніку такая колькасць сапраўды прафесійных музыкаў дала свой плён. Аранжыроўкі настолькі багатыя, што часам губляешся. Слабая доля ўвесь час разбаўляецца джазавымі закідамі, большасць песень, апроч мелодый прыпеву ды куплета, маюць яшчэ і дадатковыя меладычныя ўстаўкі. А некаторыя інтра нават нагадваюць сінатраўскія хіты (“Почему”).

Думаю, многія заўважаць на альбоме ноткі Бабкіна, Сукачова… Але сапраўды дзіўна ды цікава тое, што голас вакаліста Кешы манерай выканання, носавым спевам у пэўныя моманты вельмі нагадвае Леаніда Агуціна, ды і мелодыа некаторых песень “Реанимации” таксама накіроўвае менавіта да гэтага расійскага выканаўцы.

Рэгі-песні немагчыма ўявіць без вакальных уставак "брламба джага", натуральна, і "Батанікі" іх не абмінаюць. Праўда, робяць яны гэта з творчым падыходам: такой разнастайнасці спалучэння літар, падаецца, яшчэ не было.

Калі раней Botanic Project былі выключна рэгі-гуртом з відавочным уплывам на тэксты ўсходніх філасофій (папярэдні альбом нават названы быў “Ом”), то зараз музыкі пачалі пісаць пра ўсё. Можна нават сказаць, што былая тэматыка песень знікла, хіба толькі трэк “Шесть брахманов” да яе можна неяк аднесці.

Змены адбыліся не толькі ў тэкстах, мелодыка песень набыла рокавасці. З'явіліся такія напалову рок-балады, у якіх нават намёку на рэгі няма (“Воздушный шар”).

Можна смела сказаць, што пакуль яшчэ адна зорка беларускага рэгі “Аддис Абеба” тармазіць з выхадам свайго наступнага альбома, Botanic Project усё больш замацоўваюць за сабой пазіцыю лепшага рэгі-гурта краіны. Безумоўна, гэтыя гурты нельга параўноўваць, бо “Батанікі” заўсёды вылучаліся большай смеласцю ды бадзёрасцю ў гучанні. “Абебаўцы” ж наадварот былі і ёсць больш лірычныя ды тужлівыя. Дарэчы, гэтую розніцу можна пачуць на нумары “Сам не свой”, які запісаны разам з лідарам “АбебыЗмітром Івановым. Зміцер здолеў прыўнесці той самай тужлівасці нават у сумесную кампазіцыю, і ў выніку яна вельмі адрозніваецца ад усіх іншых трэкаў "Реанимации".

Ну і напрыканцы хацелася б адзначыць, што для беларускіх музыкаў, відаць, проста немагчыма не звяртаць увагу ды не выказвацца ў песнях пра нашу рэчаіснасць. “Отдел по какой-то борьбе запретил петь песню мою…” - спяваюць музыкі ў нумары “Снайпер”. З аднаго боку гэта добра, што забароны хвалююць і не забароненых музыкаў. А з іншага – гэта першы крок у тыя самыя чорныя спісы. І гэтых пакрытых вэлюмам радкоў на альбоме безліч. Хоць, цалкам магчыма, што мной кіруе ўласная заангажаванасць.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі