Беларусаў заклікаюць рабіць гэта не часцей за 5 разоў на дзень (ВІДЭА)

111122 Sverdlov Vada.mp3

Апошні эфір праграмы “Открытый формат” на АНТ быў прысвечаны ашчаджанню вады. Пасля таго, як урад увёў норму спажывання вады ў 140 літраў на чалавека за дзень, тэма стала надзвычай актуальнай. Каб зрабіць свой унёсак у карысную справу эканоміі, Еўрарадыё вырашыла найперш пацікавіцца, наколькі ашчадны чалавек вядучы праграмы Вячаслаў Бандарэнка.

Вячаслаў Бандарэнка: “Прызнаюся абсалютна шчыра: я жахліва неэканомны. У тым ліку і ў плане вады. Гаворка ў праграме ішла пра тое, як людзі голяцца. Я пытаўся, пад праточным струменем, ці не. Дык вось, асабіста я галюся толькі пад праточным струменем. І калі я думаю пра тое, што трэба ў нечым сябе абмяжоўваць, мне робіцца некамфортна”.

Адкрыццём праграмы стала інфармацыя пра тое, што 32% ад усёй вады, якую спажываюць беларусы, у літаральным сэнсе зліваецца ва ўнітаз. Слава Бандарэнка напаўжартам заклікаў тэлегледачоў радзей наведваць прыбіральню.

А чаго тут здзіўляцца. “Керамін” – найбуйнейшы айчынны вытворца сантэхнікі – не дае беларусам ніякага выбару, ашчаджаць ваду, ці не:

“Бачкі аднолькавыя. Усе – 9 літраў вады”, – распавядаюць Еўрарадыё ў адной з крамаў прадпрыемства.

А сутачная норма вады на чалавека складае 140 літраў. 32% ад яе – гэта прыкладна 5 разоў на чалавека за дзень. Калі да вас увечары прыйдуць госці – на наступны дзень сапраўды давядзецца абмяжоўваць сябе…

Інтэрнэт імгненна падхапіў словы тэлевядучага, а філосаф Валянцін Акудовіч без аніякіх складанасцяў знайшоў традыцыю ашчаджання вады ў нашай гісторыі.

Валянцін Акудовіч: “Парада, сыходзячы з гістарычнага досведу. Калісьці, нават на шляхетных балях, былі такія гаршчэчкі. Яны стаялі ў асобным пакойчыку, куды людзі сыходзілі, а пасля вярталіся… Дык вось, гэта я да чаго: завядзіце сабе такі гаршчэчак з накрыўкай, а лепш некалькі. Рабіце ўсё ў іх, а пасля, адзін раз на дзень, злівайце ва ўнітаз. І будзе вялікая эканомія!”

Прыгадаў філосаф і іншыя прыклады ашчаджання вады з беларускай гісторыі. І прыйшоў да наступнай высновы:

Валянцін Акудовіч: “Мы надзвычай цярплівыя людзі. І, магчыма, гэтая наша якасць усё ж дазволіць нам укласціся ў славутыя 140 літраў”.

Уга Чавес заклікаў венесуэльцаў уночы хадзіць у прыбіральню з ліхтарыкамі, а ў душы мыцца не даўжэй за 3 хвіліны. Бразільская сацыяльная рэклама ідзе далей і прапануе ўсім сікаць у душы, паралельна з мыццём.

Але славянскі менталітэт лепш за ўсіх выявіў прафесар Прэабражэнскі з “Сабачага сэрца” Булгакава. Есці мы хочам у сталоўцы, працаваць у кабінеце, а сікаць – у прыбіральні. Прычым столькі разоў, колькі патрэбна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі