Арганізатары Дня Волі: Мерапрыемства прайшло годна і ўдала (фота)

130325_lukashuk_dzenvoli.mp3

Яшчэ звяртала ўвагу вялікая колькасць сярод удзельнікаў тых, хто прыйшоў на акцыю працаваць, — журналістаў, міліцыянераў, супрацоўнікаў спецслужб ды “невядомых” відэааператараў з партатыўнымі камерамі. Такім сёлета было святкаванне Дня Волі.

Тым не менш адзін з арганізатараў святкавання, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, упэўнены, што акцыя прайшла… годна!

Аляксей Янукевіч: “Надвор’е, насамрэч, неспрыяльнае было. Ну, і агульная атмасфера, якая ў краіне пануе. Абмежаваныя магчымасці распаўсюду інфармацыі, запрашэння на мерапрыемства… Магло быць і больш, але, калі генеральна, то тая колькасць людзей, якая прысутнічала, адпавядала нашым разлікам. І, зыходзячы з гэтага, мы лічым, што акцыя прайшла ўдала”.

У праваабаронцы Алены Танкачовай іншыя ўражанні.

Алена Танкачова: “Такой мізэрнай колькасці людзей не было ніколі! У самыя горшыя часы. І ў мяне гэта выклікае нават не сум, а боль”.

І робіць выснову: людзі не хочуць прыходзіць на свята, арганізаванае апазіцыяй.



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідар “Маладой Беларусі” Артур Фінкевіч у адказ вінавацяць… атмасферу страху ў краіне. Маўляў, з-за ўдзелу ў акцыі людзі баяцца пазбавіцца працы, вучобы.

Анатоль Лябедзька: “Я асабіста налічыў учора больш за два дзясяткі “аператараў”, якія стаялі і ўсіх “сканавалі”. Не зусім прыемна чалавеку, які працуе прадпрымальнікам, ці студэнту пад такім прыцэлам знаходзіцца — не ўсе знаходзяць у сабе мужнасць”.

З такім тлумачэннем, якое палітыкі-аптымісты даюць малой колькасці ўдзельнікаў святкавання, Алена Танкачова не згодная.

Алена Танкачова: “Не было прычынаў меркаваць, што ў адносінах да тых, хто збярэцца на дазволеную акцыю, будуць прынятыя гвалтоўныя дзеянні. І таму аргументы, што людзі баяцца, у дадзеным выпадку не працуюць. Пытанне не ў тым, што баяцца, а хутчэй у тым, што не вераць. Што б ні было прапанавана гэтымі суб’ектамі, я мяркую, што вынік быў бы такі ж…"




Апазіцыянеры ў адказ абураюцца на тых, хто не хоча адзначаць Дзень Волі толькі таму, што яго арганізоўвае апазіцыя ці што прапануюць традыцыйныя маршрут ды праграму.

Анатоль Лябедзька: “Не падабаецца табе маршрут, які быў прапанаваны? Калі ласка — збірайцеся і ідзіце, куды вы хочаце! Да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Дразды? Калі ласка — гэта будзе крэатыўна, гэта будзе супер! Але трэба нешта рабіць, а не даваць нейкія парады, седзячы на канапе ці ў сацыяльных сетках”.


Лідар Партыі БНФ таксама спасылаецца на формулу “зрабі сам лепш”.

Аляксей Янукевіч: “Трэба зыходзіць з таго, што ёсць такая сітуацыя, ёсць такі фармат, і на такі фармат важна падыходзіць. Бо гэта адзіны фармат — нічога больш не робіцца”.

Маўляў, лепш хоць нешта зрабіць як можаш, чым сядзець нічога не робячы. Тым не менш тое, што апошні год акцыі апазіцыі не прывабліваюць людзей, — неаспрэчны факт.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі