Анушаўскас: Прававая дапамога Беларусі можа і не быць аказаная

anusz.mp3

Еўрарадыё: Сябры Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Сейма Літвы збяруцца 21 жніўня на пазачарговае пасяджэнне, каб абмеркаваць інцыдэнт з перасячэннем шведскімі пілотамі літоўска-беларускай мяжы. Чаму гэта адбудзецца з нагоды правапарушэння, за якое паводле літоўскіх законаў пагражае толькі адміністрацыйная справа?


Арвідас Анушаўскас: Гэта наша праца. Бо падкантрольныя арганізацыі і Міністэрства аховы краю павінны прадставіць нам інфармацыю пра гэты інцыдэнт. Апроч таго, два дні таму была заведзеная і крымінальная справа нашай Генеральнай пракуратурай з нагоды незаконнага перасячэння дзяржмяжы і парушэння правілаў палётаў.


Еўрарадыё: І што можа пагражаць шведскім пілотам па гэтай крымінальнай справе, якое пакаранне?


Арвідас Анушаўскас: Гэта кампетэнцыя Генпракуратуры і яны, я мяркую, зробяць тое, што прадугледжана законам. Ды і рашэнне выносіць не пракуратура. Яны збіраюць матэрыялы, дапытваюць сведкаў, але канчатковае рашэнне прымае суд. Можа быць і штраф, і нейкае адміністрацыйнае пакаранне. Са свайго боку скажу, што такія інцыдэнты над тэрыторыямі розных краін, у якіх удзельнічаюць пілоты трэціх краін, здараліся і раней. Напрыклад, палёт нізкалятучага аб’екта быў зафіксаваны на мяжы Літвы і Латвіі. Тады пілотаў пасадзілі ў аэрапорце Рыгі. Такія інцыдэнты здараюцца, але яны не павінны закранаць адносіны паміж краінамі. Інцыдэнты розныя бываюць, але стасункі з-за гэтага не павінны цярпець.


Еўрарадыё: Якую пагрозу нацыянальнай бяспекі менавіта Літвы нясе гэты інцыдэнт?


Арвідас Анушаўскас: Не абавязкова мы абмяркоўваем пагрозы. Мы, апроч усяго, абмяркоўваем, ці не было, і ці няма цяпер у нашых законах нейкіх дзірак, якія мы павінны закрыць. Бо мы глядзім, як дзейнічалі ўстановы, ці ёсць паміж імі ўстойлівае ўзаемадзеянне, ці была задзейнічана ўся сістэма, якая павінна была дзейнічаць, як яны сябе павялі. Да таго ж, паколькі з беларускага боку на самым высокім узроўні былі зробленыя такія гучныя заявы ў дачыненні да Літвы, то мы, безумоўна, абмяркоўваем сітуацыю не толькі ў кантэксце палёта шведскіх лётчыкаў, але і ў кантэксце такой заявы. Беларусь і Літва звязаныя шматбаковымі эканамічнымі стасункамі, нам не абыякава, у якім кантэксце яны будуць развівацца. На наш погляд, такія інцыдэнты не павінны закранаць двухбаковыя адносіны, не павінны значна ўплываць на двухбаковыя, асабліва эканамічныя, адносіны.


Еўрарадыё: Ці не было прынятае рашэнне аб гэтым пазачарговым пасяджэнні пад знешнім ціскам? Я маю на ўвазе гэтую гучную заяву афіцыйнага Мінска.


Арвідас Анушаўскас: А вось нам было цікава, чаму гэтая заява была зробленая фактычна праз месяц пасля інцыдэнта. Безумоўна, інцыдэнт з палітычным кантэкстам, раскідалі мядзведзянят з адпаведнымі надпісамі, але ўсё ж для такіх заяў мы проста не бачым падставы. А нейкія кадравыя рашэнні, якія былі прынятыя ў Беларусі, — гэта яе ўнутраныя справы. Са свайго боку, мы збіраем камітэт, каб паглядзець: нашы ўстановы спрацавалі дастаткова добра, альбо не. Ці нашы тэхнічныя сродкі не фіксуюць перасячэнне мяжы? А гэта была памежная зона, дзе дзейнічае асаблівы рэжым палётаў, пілоты павінны мець дазвол на перасячэнне памежнай зоны, таму мы і павінны разгледзець, як дзейнічалі нашы ўстановы.

Еўрарадыё: Ці можа быць такое, што і ў вас вайсковыя чыны страцяць свае пагоны?
 

Арвідас Анушаўскас: Трэба пачакаць пасяджэння. Прымаецца калектыўнае рашэнне: камітэт — калектыўны орган. І старшыня ў ім мае толькі адзін голас.


Еўрарадыё: Калі б такі інцыдэнт адбыўся ў Літве, то вы як старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы, даведаліся б пра яго сярод першых. Ці адразу б вы паведамілі аб здарэнні грамадскасці? У нас некалькі тыдняў і Памежны камітэт, і Мінабароны катэгарычна адмаўлялі сам факт гэтага парушэння...


Арвідас Анушаўскас: Звычайная працэдура. У нас нават калі нейкі палёт проста зацягваецца па часе, то пра гэта паведамляецца адразу, дзеянні прымаюцца адразу — ніхто месяц не чакае. А інфармацыя для грамадскасці ідзе калі і не ў той жа дзень, то на наступны. Што, маўляў, быў пэўны інцыдэнт.


Еўрарадыё: У сувязі з дадзеным інцыдэнтам Беларусь звярнулася да Літвы па прававую дапамогу. Пасля выпадку з Алесем Бяляцкім на якім узроўні будзе прымацца рашэнне, ці аказваць гэтую дапамогу?


Арвідас Анушаўскас: Пасля выпадку з Бяляцкім, калі інфармацыя была скарыстаная дзеля таго, каб распачаць крымінальную справу па палітычных матывах, у нас дзейнічае працэдура, у якой задзейнічаны некалькі ўстановаў, што даюць свае высновы наконт канкрэтнай інфармацыі, якая мусіць быць прадстаўленая іншаму боку. У гэтым выпадку, я мяркую, таксама будзе ўлічвацца тое, што ў сувязі з гэтым інцыдэнтам былі затрыманыя некалькі чалавек. Нягледзячы на тое, што шведскія пілоты і тая арганізацыя, якая зладзіла гэты палёт, хоць нейкі ўдзел грамадзян Беларусі ў гэтай акцыі адмаўляюць. Таму, калі нашы ўстановы ўбачаць любыя палітычныя матывы ў распачатых крымінальных справах, то інфармацыя можа і не быць прадастаўленая.


Еўрарадыё: КДБ даслаў шведскім пілотам запрашэнне прыехаць у Мінск для дачы паказанняў. Зразумела, яны адмовіліся. Літва — зацікаўлены бок у гэтым інцыдэнце. Ці магчыма арганізаваць сустрэчу шведаў і беларускіх следчых на яе тэрыторыі?


Арвідас Анушаўскас: Нашы законы і дамовы гэтага не прадугледжваюць. Але я мушу сказаць, што Літва, якая мае адпаведныя пагадненні са Швецыяй, не мае праблем для атрымання інфармацыі ад шведскага боку. І пілоты не абавязкова мусяць прыязджаць у Літву для дачы паказанняў — нам шведскія калегі могуць дапамагчы ў гэтым. Адпаведных дамоў аб прававой дапамозе паміж Швецыяй і Беларуссю няма, а ўдзел у гэтым працэсе трэцяга боку... Я для гэтага не бачу ніякіх замацаваных законам ці дамовамі ўмоў.


Еўрарадыё: Ці чакаеце вы, што пасля гэтага інцыдэнту зменяцца ў горшы бок адносіны паміж нашымі краінамі? Са Швецыяй увогуле даходзіць да разрыву дыпламатычных адносінаў!


Арвідас Анушаўскас: Літва і Беларусь падтрымліваюць даволі шчыльныя эканамічныя адносіны: і тавары беларускія ідуць праз Літву, і самы блізкі порт — Клайпеда, адносіны паміж людзьмі і гэтак далей. Гэта вам не адносіны паміж Швецыяй і Беларуссю — гэта сапраўды розныя рэчы. Таму я спадзяюся, што вялікага ўплыву на нашы адносіны гэты інцыдэнт мець не будзе. І спадзяюся, што беларускі бок разумее: гэта тычыцца іх грамадзян, для якіх вялікага значэння гэты інцыдэнт не мае. Спадзяюся, не будзе значнага пагаршэння адносін.

Фота: www.lrytas.lt, http://kauno.diena.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі