Алесь Смалянчук: Не думаю, што імя Якава Трашчанка захаваецца надоўга

Еўрарадыё: Адыход спадара Трашчанка паўплывае на выкладанне гісторыі ў школах і ВНУ?
Алесь  Смалянчук: "Па-першае, я хацеў бы выказаць спачуванне блізкім і родным Якава Трашчанка. Памёр чалавек, гэта трагічная падзея для ўсіх людзей з яго акружэння, сумная падзея. Што тычыцца беларускай гістарыяграфіі, то я сам, здаецца, двойчы пісаў крытычныя рэцэнзіі на яго падручнікі, на яго дапаможнікі для ВНУ па гісторыі Беларусі. І сапраўды, там прысутнічае заходнерусізм з порцыяй праваслаўнага фанатызму. Мне падаецца, што нягледзячы на тое, што яго падручнікі выходзілі пры падтрымцы дзяржавы і шырока распаўсюджваліся, сітуацыю ў беларускай гістарычнай навуцы яны прынцыпова не змянілі. Не толькі я, а і большасць маіх калег, якія працуюць на гістфаках, ці проста выкладаюць гісторыю ў беларускіх ВНУ, звычайна не карысталіся яго падручнікамі да нядаўняга часу. Тут, можа, больш наступствы мела тое, што цяпер падручнікі пад яго рэдакцыяй пайшлі ў школы. Я думаю, што смерць Якава Іванавіча Трашчанкі не пакладзе канец пэўнай эпосе заходнерусізму, у беларускай падручнікавай літаратуры, прынамсі. Таму што апошнія кніжкі выходзілі ўжо – там было некалькі аўтараў, ён толькі быў рэдактарам гэтых падручнікаў, гэтых кніжак". 
Еўрарадыё: А як вы лічыце, наколькі жывучая яго канцэпцыя? 
Алесь Смалянчук: "Яна аказалася, нечакана для мяне, прынамсі, вельмі жывучай. Калі казаць пра мае погляды пачатку дзевяностых гадоў, то цяпер я разумею, што быў тады трохі рамантычна наіўным у сваіх спадзяваннях, што зараз нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі будзе непадзельна дамінаваць - усё ж такі ўзнікла беларуская дзяржава.  І жывучай канцэпцыя Трашчанка аказалася таму, што, як сто гадоў таму, так і сёння дастаткова шмат сіл, якія не жадаюць, каб Беларусь сапраўды стала свабоднай, сапраўды стала незалежнай. Прынамсі Беларусь нацыянальная, Беларусь, дзе шануюць беларускую мову, беларускую гісторыю, беларускую культуру. Але мне ўсё роўна падаецца, што час паступова расстаўляе ўсё на свае месцы. І калі казаць - так, канцэпцыя, якую адстойваў Трашчанок, яна ўсё яшчэ дамінуе ў падручнікавай літаратуры, але ў навуковай літаратуры цяжка назваць сур’ёзныя даследаванні ў беларускай гістарыяграфіі, якія стаялі б на гэтых пазіцыях. Вельмі дзіўная рэч атрымліваецца ў Беларусі: падручнікі кажуць адно, навукоўцы кажуць іншае".
Еўрарадыё: Ці пакінуў Якаў Трашчанок нейкую школу пасля сябе? 
Алесь Смалянчук: "Безумоўна, мне самому даводзілася сустракацца, ёсць маладыя яго паслядоўнікі, маладзейшага пакалення. Мне здаецца, што гэта не столькі школа Якава Трашчанка, колькі пануючая дзяржаўная ідэалогія выхоўвае гэтых людзей. Я не ведаў Якава Іванавіча так блізка, але тое, што я чытаў – у мяне не склалася ўражання, што гэта вельмі пасіянарная асоба, якая пакінула па сабе цэлую школу. Тут, хутчэй, дзяржаўная ідэалогія сучаснай Рэспублікі Беларусь выхоўвае людзей, якія ператвараюцца ў такіх дырэктыўных прыдворных гісторыкаў, якія чыста прагматычна глядзяць на сітуацыю". 
Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што ў момант, калі Расія пачне пагражаць дзейнай уладзе, незалежніцкі трэнд увойдзе і ў гісторыю?
Алесь Смалянчук: "Ён прысутнічае ў пэўным сэнсе ў беларускай гістарыяграфіі і сёння, можна нейкія рэчы ўбачыць, але, мне падаецца, што тыя людзі, якія сёння кіруюць Беларуссю, якія выдаюць тоны дзяржаўнай ідэалогіі, яны на гэта ніколі не пойдуць, будуць шукаць нейкія іншыя варыянты, адраджаць яшчэ больш актыўна гэту канцэпцыю заходнерусізму. Усё ж, гэта не расійская імперская канцэпцыя. Гэта канцэпцыя, якая давала нейкае месца, бачыла адметнасць Беларусі, але толькі як паўночна-заходняга краю Расіі. Мне цяжка сёння паверыць у тое, што гэтыя людзі, якія столькі гадоў фактычна сцвярджалі адно, што яны могуць прыняць нешта іншае. Я таксама заўважаю нейкія змены – стаўленне да Грунвальда і іншае – я не думаю, што гэта нейкія перамены ў дзяржаўнай палітыцы у галіне ідэалогіі".
Еўрарадыё: Каяловіча, заснавальніка заходнерусізму памятаюць і зараз, а ці надоўга застанецца памяць пра яго паслядоўніка, Якава Трашчанка?
Алесь Смалянчук: "Параўноўваць Трашчанка і Каяловіча, вядома, можна, але гэта абсалютна розныя велічыні, мне падаецца, у плане і культуры Беларусі і гісторыі Беларусі. Каяловіч – і гэта добра паказалі працы Алега Латышонка і Валера Булгакава – гэта чалавек, які хацеў ён таго ці не хацеў, але спрычыніўся да фармавання новай Беларусі, у пэўным сэнсе, да выпрацоўкі такой нацыянальнай канцэпцыі. На маю думку, яна выпрацоўвалася ў двух накірунках, той заходнерусізм дзевятнаццатага стагоддзя ў ліберальна-дэмакратычнай форме і краёвасць, ліцвінства дзевятнаццатага стагоддзя. Працы Каяловіча ў той час шмат у чым адкрывалі Беларусь, няхай у выглядзе паўночна-заходняга краю, для расійскай публікі. Усё ж такі трэба памятаць, што Каяловіч і яго канцэпцыя – гэта другая палова дзевятнаццатага стагоддзя, гэта час, калі не было яшчэ канцэпцыі адраджэння, вельмі далёка было да Нашай Нівы, да працы Ластоўскага. А вяртанне, тое што рабіў Якаў Трашчанок, вяртанне гэтай канцэпцыі – у наш час цяжка ўбачыць нейкую навуковасць ва ўсім гэтым. Гэта проста імкненне захаваць велізарную праваслаўную імперыю, праваслаўную дзяржаву з панаваннем Расіі. Фактычна, гэта так і было – адмаўленне беларускай дзяржаўнасці ў яе нацыянальнай форме. Думаю, што захаваецца ненадоўга гэтае імя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі