Алесь Лагвінец: Еўраміністры ўскочылі ў апошні вагон цягніка

Размову з Алесем Лагвінцом можна паслухаць тут 120227 LagvinecS.mp3

Еўрарадыё: Еўрапейскія міністры замежных спраў дадалі да спісу неўязных беларускіх чыноўнікаў 21 прозвішча. Як вы лічыце, чаму дадалі ўсяго 21 чалавека, хоць раней абяцалі 135?

 

Алесь Лагвінец: Гэта была непацверджаная інфармацыя. Еўрасаюз ідзе ў рэчышчы сваёй ранейшай палітыкі асуджэння беларускіх уладаў. І ён дадаў пэўную колькасць беларускіх чыноўнікаў, якія задзейнічаныя ў рэпрэсіўных механізмах улады. То бок мы бачым, што самая шырокая, максімальна магчымая версія дакумента не была прынятая ў сілу ўнутраных супярэчнасцяў у Еўрасаюзе. Але гэта не азначае, што ЕС раптоўна і радыкальна памяняў сваё стаўленне да беларускай сітуацыі. Ён па-ранейшаму асуджае беларускія ўлады, і тыя людзі, што задзейнічаны ў рэпрэсіях, атрымліваюць сваё па заслугах. Гэта відавочна маральнае асуджэнне, але я думаю, што ім асабіста і чальцам іхніх сем’яў не вельмі прыемна бачыць сябе ў гэтым спісе.

Еўрарадыё: Шведскі міністр Карл Більт казаў, што яны хочуць жорсткіх, вострых санкцый. Атрымліваецца, што 21 прозвішча – і ёсць жорсткія санкцыі?

 

Алесь Лагвінец: Хутчэй за ўсё ў Еўрасаюзе два розныя падыходы – ястрабы і галубы. Адны хочуць больш радыкальных дзеянняў, а іншыя ставяцца больш стрымана да сітуацыі ў Беларусі. Больш за тое, Беларусь не з’яўляецца вялікім прыярытэтам для шэрага краінаў. А для некаторых краін Беларусь з’яўляецца прыярытэтам толькі з камерцыйнага, прагматычнага гледзішча. Я думаю, заява шведскага міністра вострая, але даволі адэкватная, паколькі Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, супраць якой прымяняюцца такія санкцыі. Гэта ўвогуле сітуацыя, якая выходзіць па-за рамкі разумення на еўрапейскім кантыненце. Відавочна, што ў нармалёвай сітуацыі і беларускім уладам, і беларускаму народу мусіла быць вельмі сорамна за тое, што краіна, яе кіраўнікі, афіцыйныя асобы непажаданыя ў дэмакратычных цывілізаваных краінах.

Еўрарадыё: Беларускія апазіцыйныя палітыкі, на Вашую думку, будуць далей настойваць на тым, каб спіс неўязных чыноўнікаў пашыраўся?

 

Алесь Лагвінец: У Беларусі шмат розных палітычных груп, якія не заўсёды здольныя дамаўляцца паміж сабой. Я больш скажу пра праваабаронцаў. Праваабаронцы лічаць, што такія спосабы маральнага ўздзеяння на беларускія ўлады мусяць заставацца і мусяць быць вельмі канкрэтныя крытэры, супраць каго прымяняць такія санкцыі як няўезд на тэрыторыю ЕС. Да таго моманту, пакуль беларускія ўлады не пачнуць падаваць пазітыўныя сігналы, такі спіс можа пашырацца і відавочна, што гэта будуць людзі, якія найбольш сябе праявілі у цкаванні свайго ўласнага народу, альбо тых прадстаўнікоў беларускага народу, якія выступаюць за дэмакратычныя змены.

Еўрарадыё: Чаму беларускага пытання не было ў афіцыйным распарадку, але потым яго ўсё адно пачалі абмяркоўваць?

Алесь Лагвінец: Мы ўсе даведваемся пра такія рэчы з неафіцыйных крыніц. Думаю, што дзякуючы вам слухачы Еўрарадыё ведаюць, што на сайце euobserver.com з’явілася інфармацыя пра тое, што адна з краінаў ЕС – Славенія - заблакавала ўключэнне ў спіс неўязных праўладнага алігарха Юрыя Чыжа. А ў Еўрасаюзе, асабліва ў пытаннях замежнай палітыкі, кансэнсусны прынцып прыняцця рашэнняў: калі адна краіна накладае вета, то трэба шукаць такія рашэнні, якія задаволяць усіх. І еўраміністры ўскочылі ў апошні вагон, каб прынамсі выказаць сваё негатыўнае стаўленне да сітуацыі ў Беларусі. 

Еўрарадыё: Які бізнэс спадар Чыж мае ў Славеніі?

 

Алесь Лагвінец:  Паводле агульнавядомай інфармацыі адна славенская фірма вельмі хоча выйграць ці магчыма нават ужо выйграла тэндэр на будаўніцтва гатэля ў Беларусі. І яны супрацоўнічалі са спадаром Чыжом. Відавочна, гэтая справа не абышлася без адпаведнага лабіявання беларускіх уладаў.

Фота belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі