Вы тут

Ребус Нелишних: беларуская музыка — якая напісана ў Беларусі, незалежна ад мовы

Музыкі мінскага фанк-гурта “Ребус Нелишних” завіталі ў студыю Еўрарадыё роўна праз тры гады пасля абяцання ў нашым эфіры выдаць альбом. Тады музыкі прэзентавалі сінгл, якім адзначалі пераход з акустычнага на электрычнае гучанне і вяртанне пасля пяцігадовай паўзы. Вакаліст Вілен Клімкін, басіст Ян Саладуха і бубнач Аляксандр Супрановіч стрымалі абяцанне, няхай і з моцным спазненнем. Удзельнікі “Ребус Нелишних” распавядаюць пра сваё стаўленне да музыкі, працэс стварэння альбома “Скібідубап”, яго прэзентацыю і планы на наступны дыск.

Еўрарадыё: Мы з вамі сустракаліся роўна тры гады таму, калі вы прэзентавалі сінгл і казалі пра падрыхтоўку дэбютнага альбома. Дзе вы былі ўвесь гэты час?

Вілен Клімкін: Увесь час мы спрабавалі размарозіць гэты праект, і вось нарэшце атрымалася. А калі шчыра, то мы пісалі альбом. Ён атрымаўся такой анталогіяй песень за апошнія нават не тры, а гадоў так пяць. У выніку можна сказаць, што дэбютны альбом мы пісалі па макулінках усе пяць гадоў.

Ян Саладуха: Апроч таго, што рабілі гэтую “анталогію”, мы яшчэ і раздзяўбайнічалі дай божа. Хтосьці нараджаў дзяцей, хтосьці заводзіў сабак, хтосьці мяняў працу… А, як вядома, у нашым непрафесійным музычным асяроддзі даволі складана зрабіць нешта хутка, добра і на музычную тэму. Бо ў кожнага ёсць куча сваіх справаў — праца, падпрацоўка… І музыка — гэта хутчэй хобі, няхай і цікавае, але не асноўная справа ў жыцці. Таму пісалі доўга, стараліся зрабіць цікава і добра. Так яно і атрымалася. Да таго ж, у нас былі пэўныя пературбацыі са складам. Хтосьці прыйшоў, хтосьці сышоў, доўга шукалі, потым знайшлі і зноў згубілі… Але ў выніку нарэшце мы прыйшлі да вас у студыю з абяцаным гатовым прадуктам.

Еўрарадыё: То бок усё ж для вас гэта хобі, ёсць час займаемся, няма часу — не! Дык а ці варта было ў такой гаротнай сітуацыі з беларускім шоў-бізам увогуле працягваць?

Вілен Клімкін: Ну, у 30 гадоў ужо пазнавата, напэўна, рваць на сабе кашулю і крычаць: “Кідаем усё, едзем у вялікі тур, звальняемся з працы, будзем зарабляць толькі музыкай”. Калі б мы стрэлілі гадоў сем таму, то можна было перагледзець сваё стаўленне. А другі момант у тым, што гэта вельмі дарагое хобі. Каб у нашых беларускіх рэаліях якасна запісаць альбом, трэба нямала грошай у яго ўкласці. Таму паўза была ў тым ліку звязаная і з гэтым, бо іншых сродкаў, як краўдфаўндынг, мецэнацтва, мы пакуль не асвоілі.

Ян Саладуха: Я для сябе вывеў дакладную формулу. Справа ў тым, што лавіць кайф ад музыкі пры тым, што ты ёй займаешся прафесійна, даволі няпростая задача. Трэба быць літаральна сатканым, пранізаным нотамі, калі табе ўсё роўна, бо ты геній. Калі ў цябе дзірка ў кішэні, але ты шчаслівы, бо ў тваёй галаве ўвесь час гучыць музыка. У маім жа выпадку, я магу сабе дазволіць граць толькі тое і роўна столькі гадзінаў на тыдзень, колькі я жадаю. Астатні час я аддаю на справы, якія мне прыносяць стабільны даход.

Еўрарадыё: А калі раптам ваш дэбютнік выбухне, перавядзяце хобі ў разрад асноўнай працы?

Вілен Клімкін: Мы гэтай тэмы крыху баімся, але, насамрэч, спадзяемся, што ён выбухне. Як мінімум, храновай рэцэнзіяй ад Змітра Безкаравайнага гэтая справа не абмяжуецца, і яна атрымае больш шырокі выхлап у аўдыторыі.

Ян Саладуха: Калі Зміцер Безкаравайны раптам убачыць гэтую размову, то хачу адзначыць, што мы б хацелі атрымаць усё ж больш-менш станоўчы водгук, хоць бы на 4 з мінусам па дзесяцібальнай сістэме (смяюцца).

Аляксандр Супрановіч: Але лепш няхай будзе аб’ектыўным.

“Хацелася б, каб слухачы на дыску пачулі не толькі фанк-рок”

Еўрарадыё: Раней вы казалі пра пераход з акустыкі на электрычнасць, змену стылістыкі, але прайшло тры гады і я мушу ў вас зноў спытаць, ці не змянілася што-небудзь?

Вілен Клімкін: Ад акустычнага гучання дакладна нічога не засталося. Напэўна, цяпер гэта паўнавартасны фанк-рок.

Ян Саладуха: Увогуле, на запісе гэтага альбома гучаць музыкі, якія стала з намі не граюць. Ёсць проста запрошаныя музыкі. Але на момант запісу апошняй песні для гэтага дыска ў нас быў вельмі класны склад. Мы былі вельмі задаволеныя ўсім.

Вілен Клімкін: Ды па вялікім рахунку, адзіная сур’ёзная змена, гэта тое, што пачыналі пісаць альбом мы з саксафонам, а завяршалі ўжо з клавішамі.

Ян Саладуха: Дарэчы, на правах рэкламы дадамо, што цяпер мы актыўна шукаем таленавітага, фанкуючага саксафаніста і клавішніка.

Еўрарадыё: Давайце ўсё ж падрабязней пра альбом! Назва, колькі песень, канцэпт?

Вілен Клімкін: Альбом называецца Скібідубап. На ім будзе дзесяць песень. Але песні з назвай “Скібідубап” на альбоме вы не знойдзеце. Увесь альбом проста прасякнуты гэтым тэрмінам. Ён адлюстроўвае пэўную рытміку, а рытмікі на альбоме хапае. Мне б хацелася, каб слухачы на дыску пачулі не толькі фанк-рок, мне падаецца, месцамі там ёсць і лёгкі намёк на джаз…

Ян Саладуха: Мы паспрабавалі размясціць песні такім чынам, каб альбом гучаў больш-менш цэласна. Але дэбютны дыск, асабліва, калі ён пішацца гадамі, то цэласнасці дасягнуць вельмі складана.

Аляксандр Супрановіч: Ян, мы павінны хваліць альбом. Хачу яшчэ раз адзначыць, што мы не прывязваліся да фанку. То бок, такіх размоваў, што “вось гэты кавалак не па-фанку, давайце выкінем яго”, не было.

“На дыску хапае і пра падумаць, і пра патанчыць, але там дакладна няма моднага цяпер тлену і суму”

Еўрарадыё: Дык колькі ж чалавек узяло ўдзел у запісе?

Вілен Клімкін: Асноўны склад гурта — пяць чалавек: вакал, бубны, бас, гітара і клавішы. Таксама былі стылёвыя жаночыя бэкі ў выкананні былой вакалісткі гурта Bulba Fusion Вікі Анісімавай. Таксама ёсць сумесны трэк з нашым сябрам Zeman, вядомым персанажам у беларускамоўнай хіп-хоп-тусоўцы. Уласна духавая секцыя таго ж Bulba Fusion дапамагла нам у запісе аднаго з трэкаў. Пару песень прапісаў саксафон Ілля Каскілайнен. Таксама ў адной з песень можна пачуць ужо былы голас Радыё АНТ Антона Бяляева, які зачытаў нам адзін вельмі трапны маналог Карцава.

Еўрарадыё: Па настроі які альбом?

Ян Саладуха: Танцавальным яго не назавеш. Але не было такой задачы, зрабіць танцы, мы проста рабілі так, як мы ўяўляем гэты наш дылетанцкі фанк-рок. А атрымалася нешта сярэдняе паміж класічным фанкам 70-80-хх і сучаснай ню-рок-сцэнай. Пад яго не атрымаецца неяк суперсвінгаваць ці твіставаць, але пры гэтым ён актыўны і жывы.

Вілен Клімкін: Ведаеш, там хапае і пра падумаць і пра патанчыць. Але там дакладна няма гэтага нашага моднага цяпер колдвэйва і пост-панка, калі ўсё прасякнутае тленам, сумам і смуткам. Там ёсць парачка сумных і сур’ёзных трэкаў, але нават у іх гэтая самота даволі светлая. Каб сказаць, што гэты альбом канцэптуальны, то не. Але так сталася, што ён атрымаўся вельмі добрым па настроі. На мой погляд, гэтай дабрыні цяпер вельмі не хапае.

“Пад прэзентацыю мы выпісваем з Галандыі клавішніка і з Піцера саксафаніста”

Еўрарадыё: Фізічны носьбіт будзе?

Вілен Клімкін: Планавалі зрабіць невялікі наклад для распаўсюджвання на канцэртах. Хоць цяпер мала хто карыстаецца дыскамі, але ў якасці падарунка, каб у каго-небудзь ляжаў у машыне, у камодзе.

Аляксандр Супрановіч: Ну і каб маме было што суседкам паказаць таксама (усміхаюцца).

Еўрарадыё: Калі, дзе, і што будзе на канцэртнай прэзентацыі?

Вілен Клімкін: Тура па Беларусі не будзе. Нас не запрасілі, а самі мы не абтэлефанавалі ўсе прафсаюзы. Таму вырашылі зрабіць толькі дзве прэзентацыі. 7 кастрычніка ў пятніцу будзем граць у мінскім Doodah King Bar. Дарэчы, мы вырашылі ўкласці яшчэ больш грошай у нашае хобі і зрабіць уваход на гэты канцэрт бясплатным. Таму месца добрае, уваход вольны, яшчэ і пятніца… карацей, раю наведаць! А калі нехта так угарыць, што пятніца перакінецца на суботу, то можна з намі з’здзіць у Гомель. Там прэзентацыя пройдзе на наступны дзень, 8 кастрычніка ў бары Кватэрнік. На гэтым канцэртныя мерапрыемствы, прысвечаныя прэзентацыі альбома, скончацца.

Ян Саладуха: Пад гэтую справу мы выпісваем з Галандыі нашага клавішніка і з Піцера нашага былога, але незабыўнага саксафаніста Іллю Каскілайнена.

“Не будзем сур’ёзна ставіцца да словаў крытыкаў і старацца ім дагадзіць, але…”

Еўрарадыё: Не магу не спытацца пра наступны альбом, тым больш, што вы некалькі разоў пра яго самі ўзгадвалі.

Вілен Клімкін: Каб праз тры гады не сесці ў лужыну, на гэтае пытанне варта адказваць шчыра. Матэрыялу хапае дзесьці на дзве траціны гэтага альбома, але дакладны час, калі мы засядзем у студыі не абмяркоўваўся. То бок пакуль гэта ўсё шліфуецца на рэпетыцыях… Але для нас вельмі важная падзея прэзентацыя першага альбома, таму трэба нейкі час усё ж прысвяціць шумісе вакол яго. І вось пасля можна будзе сядаць пісаць наступны.

Еўрарадыё: Класічнае пытанне ад Еўрарадыё: ці чакаць беларускамоўных трэкаў?

Ян Саладуха: Не! Беларускамоўных песень у нас не будзе, па прычыне таго, што мы спяваем на расійскай мове… і ўсё тут.

Вілен Клімкін: Насамрэч, беларускамоўныя песні ў нас з’явяцца, калі Сяргей Будкін пачне дадаваць на “Тузін.FM” рускамоўны кантэнт (усміхаецца). Адразу ў нас натуральным чынам з’явяцца беларускамоўныя песні. Але я, насамрэч, не падзяляю. Для мяне беларуская музыка — тая, што напісаная ў Беларусі і няма розніцы, на якой мове. Але мне, як аўтару тэкстаў, прасцей пісаць на расійскай мове.

Ян Саладуха: У нас жа быў невялікі досвед песень дзвюх-трох песень на беларускай мове. Яшчэ ў тыя далёкія акустычныя часы, калі мы выступалі на “Бардаўскай восені” і ўзялі прыз глядацкіх сімпатый. І я магу сказаць, што гэты эксперымент застаўся на стадыі эксперымента. Ён не прынёс ніякіх адчувальных вынікаў і мы вырашылі ў гэты бок пакуль нават не думаць.

 

 

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Удзельніка шэсця на Дзень Волі вядуць на суд. Фота: Еўрарадыё