Рассельгаснагляд: Беларусь не пускае без спецдазволу расійскі корм для жывёлаў

Рассельгаснагляд: Беларусь не пускае без спецдазволу расійскі корм для жывёлаў

Рассельгаснагляд заяўляе, што Беларусь беспадстаўна патрабуе, каб корм для жывёлаў увозіўся з Расіі толькі паводле спецыяльнага дазволу. Адпаведная заява размешчаная на сайце расійскага ведамства.  

Рассельгаснагляд нагадвае, што заканадаўства ЕАЭС не прадугледжвае спецыяльных дазволаў на ўвоз пры перамяшчэнні прадукцыі паміж краінамі, якія ўваходзяць у гэтае аб'яднанне.

У сувязі з кепскай сітуацыі ў Расіі па яшчуры, грыпе птушак і афрыканскай чуме свіней урад Беларусі са студзеня 2015 года пашырыў пералік расійскай жывёлагадоўчай прадукцыі, якую трэба ўвозіць са спецыяльным дазволам ветслужбы Беларусі.

У красавіку 2015-га пасля працяглых кансультацыяў афіцыйны Мінск пагадзіўся што такія дыскрымінацыйныя меры павінны ўжывацца толькі да тавараў, якія пагражаюць перадаць жывёле ўзбуджальнікі заразных хваробаў.

"Аднак па прычынах, якія не маюць навуковага абгрунтавання, беларускі бок працягвае патрабаваць атрыманне дазволу на ўвоз кармоў для жывёл, у тым ліку для сабак або котак, расфасаваных для рознічнага продажу, арганічных хімічных злучэнняў для прымянення ў ветэрынарыі, і фармацэўтычнай прадукцый для прымянення ў ветэрынарыі — нягледзячы на ​​тое, што гэтыя тавары не могуць несці рызыкі распаўсюджвання захворванняў сельскагаспадарчых жывёл", — заяўляюць спецыялісты расійскага ведамства.

У чэрвені 2016 года пасля неаднаразовых просьбаў Рассельгаснагляду беларускі бок паведаміў, што рыхтуюцца змены ў пастанову Саўміна па гэтым пытанні. Без спецдазволу можна будзе ўвозіць гатовы корм для непрадуктыўных жывёл, які прайшоў тэрмічную апрацоўку пры тэмпературы ніжэй 70ºС (не менш за 20 хвілін), арганічныя хімічныя злучэнні для ўжывання ў ветэрынарыі, фармацэўтычную прадукцыю для ўжывання ў ветэрынарыі.

Пры гэтым беларуская ветслужба паведаміла расійскім калегам, што не ўсе арганічныя хімічныя злучэнні і фармацэўтычныя субстанцыі, а таксама ветэрынарныя прэпараты дазволеныя да ўжывання ў ветэрынарыі на тэрыторыі Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі