Расіяне спынілі 90 тон прадукцыі з Беларусі — грыбы, яблыкі, гранаты, малако

Расіяне спынілі 90 тон прадукцыі з Беларусі — грыбы, яблыкі, гранаты, малако

Расіяне спынілі 90 тон прадукцыі з Беларусі — грыбы, яблыкі, малако. Сярод прычын спынення аўтамабіляў — падробленыя дакументы і незадавальняючы санітарны стан грузавіка.

Як інфармуе прэс-служба ўпраўлення "Рассельгаснагляду" па Бранскай і Смаленскай абласцях, на Смаленшчыне 13 снежня былі спынены грузавікі, якія везлі з Беларусі ў Расію "падкаранцінную прадукцыю", мінуючы спецыялізаваныя пункты пропуску. Каля 18 тон свежых грыбоў і 19,5 тон яблык па дакументах мелі беларускае паходжанне. Аднак пасля праверкі высветлілася, што яны падробленыя. Больш таго, на скрынях з грыбамі знайшлі рэшткі маркіровачных этыкетак, якія сведчаць пра польскае паходжанне грузу. Што да яблык, то паводле маркіроўкі яны паходзяць з Украіны.

Таксама ў Смаленскай вобласці затрымалі грузавік з 20 тонамі гранатаў, якія па дакументах паходзяць з Кот-д'Івуара. Былі агледжаныя скрыні, на якіх знайшлі рэшткі этыкетак, якія сведчаць, што груз паходзіць з Турцыі. Па згаданых фактах праводзяцца праверкі.

15 снежня на аўтадарозе Гомель — Бранск расіяне спынілі грузавік з 20 тонамі сухога абястлушчанага малака, прадукцыі Лунінецкага малочнага завода. Груз везлі ў Растоўскую вобласць, на яго былі дакументы, выдадзеныя беларускай дзяржаўнай ветэрынарнай службай. Інспектары "Рассельгаснагляду" заявілі, што і аўтамабіль, і груз знаходзіліся "ў незадавальняючым санітарным стане". Акрамя таго, у грузавіку знайшлі нейкія "пабочныя прадметы". У выніку малако было вернутае ў Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі