Рабочы з Баранавічаў частаваў прыяцеля псіхатропам

Рабочы з Баранавічаў частаваў прыяцеля псіхатропам

Крымінальную справу за незаконны абарот псіхатропных рэчываў пачаў Следчы камітэт на аднаго рабочага з Баранавічаў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.

Здарэнне на вытворчасці адбылося 20 лютага. Паводзіны двух рабочых выклікалі падазрэнне ў майстра. Мужчын даставілі ў лякарню, дзе іх шпіталізавалі з прыкметамі атручвання невядомым псіхаактыўным рэчывам.

Праверкай здарэння занялася следча-аператыўная група, якая выехала на прадпрыемства. У гардэробнай шафцы 24-гадовага станочніка праваахоўнікі знайшлі скручаную грашовую купюру з рэчывам расліннага паходжання. Як выявілі эксперты, яно змяшчала асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

Пасля выпіскі падследнага з лякарні на яго пачалі крымінальную справу і ўзялі яго пад варту. Хлопца вінавацяць у незаконным абароце псіхатропных рэчываў. Максімальнае пакаранне, якое яму пагражае, — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі