Пяць кніг на 2017 год ад гісторыка Алега Трусава

Пяць кніг на 2017 год ад гісторыка Алега Трусава

Гісторык Алег Трусаў у 2016 годзе неспадзявана стаў тэлезоркай. Яго падручнік "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы" настолькі не спадабаўся расіянам, што яны зладзілі яго абмеркаванне ў топавым ток-шоу "Час пакажа" на Першым канале. Справа ў тым, што ў кнізе гісторыя Еўропы выкладзеная з пазіцый беларусаў. "Я ўзяў літоўскія, латышскія, украінскія, расійскія падручнікі і ўбачыў, што мы спазніліся! Мы не напісалі гісторыю Еўропы менавіта з нашых беларускіх пазіцый", — распавядаў Трусаў у эфіры Еўрарадыё.

Сёння "Гісторыю сярэднявечнай Еўропы" не знайсці ў крамах. Першы наклад у 300 асобнікаў разляцеўся, як гарачыя піражкі. Але Алег Трусаў парэкамендаваў слухачам Еўрарадыё яшчэ некалькі кніг, якія абавязкова трэба прачытаць людзям, неабыякавым да гісторыі сваёй краіны.

Вацлаў Ластоўскі "Кароткая гісторыя Беларусі"

"Пачынаць трэба з першаасновы. Гэтая кніга надрукаваная ў Вільні ў 1910 годзе. Максім Багдановіч прачытаў гэтую кнігу і стаў беларускім патрыётам. Дарэчы, у 1990-я гэтую кніжку перавыдалі вялікім накладам. Пачынаць трэба з Ластоўскага, бо дагэтуль гісторыю Беларусі ніхто не пісаў з беларускага погляду".

Кнігі Уладзіміра Арлова

"Выдатныя кнігі майго сябра Уладзіміра Арлова "Адкуль наш род" (напісаная разам з Сагановічам), потым вялізарны альбом "Краіна Беларусь. Вялікае княства Літоўскае" (разам са Змітром Герасімовічам). Абавязкова трэба прачытаць!"

Кнігі Кастуся Цвіркі

"У Кастуся Цвіркі ёсць некалькі выданняў. Напрыклад, "Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў". А "Паэтычную гісторыю Беларусі" я сваім студэнтам раю прачытаць".

"Перш-наперш трэба чытаць кніжкі, напісаныя беларусамі і па-беларуску", — падсумоўвае Алег Трусаў. А вось фэнтэзійную літаратуру гісторык чытаць не раіць, асабліва дзецям. Бо трэба разумець розніцу паміж прыдуманым жыццём і сапраўдным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі