Прэзідэнт расійскай Федэрацыі тэнісу абразіў сёстраў Уільямс (відэа)

Прэзідэнт Федэрацыі тэнісу Расіі (ФТР) Шаміль Тарпішчаў дазволіў сабе некарэктныя выказванні пра амерыканскіх тэнісістак Серэны і Венус Уільямс. У тэлешоў “Вечаровы Ургант” Тарпішчаў пракаментаваў фізічныя дадзеныя сёстраў — шматразовых чэмпіёнак турніраў серыі Вялікага шлему, кожная з якіх рабілася першай ракеткай свету. У прыватнасці, Тарпішчаў назваў спартсменак “братамі” і сказаў, што на іх “страшна” глядзець.

Паводле словаў Тарпішчава, ягоны “жарт” не заслугоўвае той увагі, якую ён прыцягнуў да сябе.
 
“Мне шкада, што гэты жарт, які пры перакладзе на англійскую быў выдраны з кантэксту гумарыстычнай перадачы, сканцэнтраваў на сабе столькі ўвагі. Не лічу, што гэтая гісторыя заслугоўвае падобнага ажыятажу. Бо ўсё ў эфіры было сказана без злой думкі”.

Прэзідэнт ФТР таксама сказаў, што такая сітуацыя негатыўна адбіваецца на ўспрыманні тэнісу.

Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) адхіліла Тарпішчава ад дзейнасці, а таксама аштрафавала яго на 25 тысяч долараў.

Паводле словаў кіраўнічкі асацыяцыі Стэйскі Аластэр, яго выказванні ў адрас “адных з найславуцейшых спартсменак у гісторыі жаночага тэнісу” абразлівыя, прыніжальныя і заслугоўваюць асуджэння, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі