Вы тут

Прэзентацыя: “Стэфка праз 30 год” ад гурта “Крама” (слухаць)

Фота Еўрарадыё

Гурт “Крама” прэзентуе на Еўрарадыё канцэртную версію новай песні “Стэфка праз 30 год”. Упершыню яна прагучала на апошнім выступе гурта ў канцы 2016 года.

Увогуле, “Стэфка” — адна з песень гурта “Бонда”, аўтарамі якой з'яўляюцца бубнач Сяргей Кныш і спявак Ігар Варашкевіч. Пасля таго, як музыкі сышлі з “Бонды”, яны сталі граць у “Краме”, адпаведна, некаторыя песні іх аўтарства — “Мама”, “Стэфка”, “Слуцкая брама” сталі выконвацца новым гуртом. Пазней Сяргей Кныш перастаў пісаць тэксты і цалкам адышоў ад музыкі. “Стэфка” ж стала хітом не толькі гурта “Бонда”, але і “Крама”, а яе прыхільнікі задумаліся пра лёс самой дзяўчыны, ды і музыкі падумалі: чаму б не?

“Сяргей знайшоў вельмі ўдалы вобраз — рамантычнае каханне звычайных беларускіх хлопца і дзяўчыны з невялікага мястэчка ці вёскі, — распавядае цяперашні тэкставік “Крамы” Зміцер Лукашук, які ўзяўся прыдумаць працяг гісторыі пасля таго, як Ігар Варашкевіч напісаў мелодыю ў духу першай “Стэфкі”. — У аснову наступнай "серыі" я паклаў лёс нашай рок-н-рольнай тусоўкі, удзельнікаў гурта “Крама”. Як мы жылі? Зразумела, не зусім у стылі сэкс-драгз-рок-н-рол, але без алкаголю, музыкі і вясёлых прыхільніц не абыходзілася. Не склалася жыццё ў герояў “Стэфкі”, бо хлопец палюбіў алкаголь, больш думаў пра “гулі”, чым пра сур'ёзныя адносіны. Стэфка ж — нармальная беларуская дзяўчына, якая хацела светлага кахання і адказнага мужа, а не раздзяўбая рок-н-рольшчыка. Ён разумее, што ён вінаваты ў тым, што ў іх не атрымалася, ён яе дагэтуль кахае, але не можа змяніць свой лад жыцця”.

 

Фота з сацыяльных сетак

Песня "Стэфка праз 20 гадоў" увайшла ў альбом "Крамы" 2007 года "Усё жыццё — дзіўны сон". Але музыкі вырашылі на гэтым не спыняцца і зрабіць з гісторыі трылогію. Прайшло яшчэ 10 гадоў, героі наблізіліся да перадпенсійнага ўзросту. І вось яны выпадкова сустракаюцца.

“Яна ўжо бабуля, у яе ёсць унукі, у яго жыццё ў плане сямейным не склалася. І што далей? — працягвае Зміцер Лукашук, які ўзяўся і за трэцюю “Стэфку”. — У нас было шмат ваганняў. Бо, з аднаго боку, хацелася напісаць баладу кшталту Стэфка “пайшла ўгару”, зрабіла кар'еру, стала чыноўніцай, жартавалі нават, што гастролькі на канцэрты выдае”.

Але, кажа Лукашук, вырашылі ў выніку спыніцца на простым варыянце песні: маўляў, жыццё прайшло, але ўсё добрае ў ім застаецца. Хаця думаць над лёсам Стэфкі Змітру даводзілася нават па начах:

“Тры разы я перапісваў тэкст, у выніку канчатковыя праўкі я ўносіў на рэпетыцыі непасрэдна перад прэзентацыяй... Ёсць у Ігара песні, якія не “кладуцца” мне, не магу напісаць тэкст, і ўсё. А некаторыя, калі музыка падабаецца, нараджаюцца адразу. Так і тут было, першы баладны тэкст ўначы прыйшоў у галаву, хаця, разумеў, што ён не пойдзе, бо не клаўся на музыку Ігара”.

Што думае пра працяг гісторыі аўтар першай “Стэфкі” Сяргей Кныш?

“Лёс Стэфкі мог скласціся па-рознаму, — кажа былы бубнач “Крамы”. — Але тое, што атрымалася ў Лукашука, мне падабаецца. Што будзе са Стэфкай далей — не ведаю”.

Але, кажа Зміцер Лукашук, “крамчукі” вырашылі на трылогіі скончыць гісторыю Стэфкі, хоць сам Зміцер спадзяецца, што аднойчы гурт перадумае.

Пачуць адразу ўсе тры "Стэфкі" можна будзе 26 сакавіка: у рэстаране "Друзья" гурт грае вялікі сольны канцэрт.

Фота гурта "Бонда" з сайта Радыё "Свабода". Ігар Кныш — крайні з лева. 
Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Мікола Сівіцкі прыцягнуў вялікую ўвагу да сваёй персоны.
На здымку бачны кот Леапольд разам са сваім гаспадаром Змітром Дашкевічам і сябрам сям'і Эдуардам Пальчысам. Фота: Facebook

Выбар рэдакцыі