Прэзентацыя на Еўрарадыё: EP “Usled za Taboj” гурта Unia (слухаць)

Гурт Unia прэзентуе на Еўрарадыё EP “Usled za Taboj”, на якім музыкі працягваюць эксперыментаваць з аўтарскім матэрыялам.

“Гэты рэліз — такая спроба крыху змяніць фармат, — каментуе адна з вакалістак гурта Дар’я Трубіна. — Бо раней мы бралі беларускую народную песню і неяк музычна яе афармлялі. А тут, пасля нашага рэпа (“З-пад белага камушыка”) ды “Я скакала(песні з аўтарскімі тэкстамі, якія выйшлі на альбоме “Едзем” 2012 года, — Еўрарадыё), мы вырашылі яшчэ раз паспрабаваць міксануць народныя песні са сваім тэкстам. Будзе цікава пачуць меркаванне слухачоў, бо пакуль для гурта гэта такі перавалачны пункт. Можа, далей пойдзе нешта сваё, а можа, сваё не пойдзе… Карацей, пакуль у нас тут стаіць пытальнік”.

Рэліз складаецца з трох трэкаў, два з якіх — “Rana na Jvana” ды “Nikoli Bolṡ” — з’яўляюцца міксамі. Музыкі гурта адзначаюць, што тэкставы эксперымент не адзіны на гэтым ЕР — “стылістычна гурт загучаў больш лёгка, калі не сказаць папсова”.

“Напэўна, гэта ужо мы пасталелі проста, — тлумачыць змены Дар’я. — Сталі слухаць іншую музыку. Мы размаўляем, абменьваемся нейкімі запісамі паміж сабой і, калі параўнаць іх з тымі запісамі ды выканаўцамі, якімі мы абменьваліся гады 3-5 таму, то розніца істотная. Напэўна, ужо хочацца чаго-небудзь менш напружнага і брутальнага”.

Пасля запісу ЕР “Usled za Taboj” з гурта сышоў вакаліст Антон Казельскі і было прынятае рашэнне замену яму не шукаць. Таму і канцэртная прэзентацыя новага міні-альбома пакуль пад пытаннем — без мужчынскіх партый незразумела, як выконваць новыя песні.

“Далей увогуле будзе цікава, — працягвае Даша. — Цяпер мы будзем змагацца удваіх з Шуняй (другая вакалістка гурта Аляксандра Галкоўская, —Еўрарадыё), а таму цалкам верагодна, што з’явяцца ўвогуле лёгенькія-лёгенькія трэкі. Карацей, у нас цяпер вельмі пераломны перыяд”.

Паслухаць EP “Usled za Taboj” гурта Unia на жыва можна будзе на шэрагу летніх байкерскіх і музычных фэстаў.

Трэк-ліст:

  1. 1 – Rana na Jvana
  2. 2 – Kalada
  3. 3 – Nikoli Bolṡ
  4.  
  5. Unia:
  6.  
  7. Антон Казельскі — вакал
  8. Дар’я Трубіна — вакал
  9. Аляксандра Галкоўская — вакал
  10. Васіль Залескі — бас-гітара
  11. Аляксандр Жаваранкаў — гітара
  12. Інэса Шчука — дуда
  13. Сяргей Гінко — бубны

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі