Да прадпрымальніка пажарныя прыйдуць толькі па яго просьбе ― праверкі адмененыя

Да прадпрымальніка пажарныя прыйдуць толькі па яго просьбе ― праверкі адмененыя

У прыватных кафэ, клубах, крамах ды атэлье праверак пажарныя больш праводзіць не будуць. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях аб'явіла, што ў краіне цалкам спыняюцца праверкі малога і сярэдняга бізнесу. Такое маланкавае рашэнне было прынятае па выніках “Вялікай размовы з прэзідэнтам”, тлумачыць кіраўнік прэс-службы МНС Віталь Навіцкі.

“За апошнія некалькі гадоў абстаноўка з пажарамі палепшылася і пазітыўныя змены, сумесна з пераабсталяваннем нашых падраздзяленняў ― цяпер у нас у кожным раёне ёсць цыстэрны цяжкога класа з вялікім запасам вады, дазваляюць нам прыняць больш радыкальныя змены па лібералізацыі ў гэтай сферы. І ў межах выканання ўказання кіраўніка дзяржавы МНС цалкам спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу”, ― кажа Навіцкі.

І дадае, што большасць пажараў цяпер здараецца не на прадпрыемствах, а ў жылых дамах прыватнага сектару. Таму “ўсе намаганні інспектараў будуць сканцэнтраваныя менавіта на прыватным сектары”, кажа Навіцкі.

Што да праверак, якія сёння праводзяцца “ў адпаведнасці з каардынацыйным планам”, то яны будуць аператыўна завершаныя, супакойвае прадстаўнік МНС. Затое, кажа Навіцкі, цяпер уся адказнасць у выпадку пажару кладзецца на кіраўніка.

І што, ніякіх “пазапланавых” праверак больш не будзе?

Віталь Навіцкі: “Не, мы самі не можам вырашыць схадзіць некага праверыць. Падставаў для з’яўляення нашага інспектара на аб’екце можа быць толькі дзве: жаданне самога кіраўніка атрымаць кансультацыю ці тлумачэнні, і другая ― мы павінны рэагаваць на неананімныя паведамленні грамадзян пра магчымыя парушэнні”.

Уладальнік сталічнага клуба “Графіці” Аляксей Ажогін рашэнне аб адмене праверак каментуе адным словам: “Клас!” І прыгадвае, чым скончылася планавая праверка ў іх клубе мінулым летам.

Аляксей Ажогін: “Па выніках планавай праверкі нам далі такі “чэк-аркуш” ― што нам трэба зрабіць. Я ўсё гэта зрабіў, прыходжу, а мне кажуць: “Ну, пяць базавых!”. Кажу, маўляў, як жа так, я ж усё зрабіў! Тады мне і кажуць: “Вы такі адказны, усё выканалі ― тры базавыя!”. Карацей, штраф ― справа святая”.

Да ўсяго, сумняваецца ўладальнік “Графіці”, не факт, што сапраўды не будзе нейкіх там пазапланавых праверак ці праверак, што называюцца “маніторынг”.

“Хацелася б верыць, што хаця б ад гэтых праверак нас пазбавяць. Але “вы ж разумееце” ― гэта іх любімая фраза”, ― кажа Аляксей Ажогін.

А вось яго калега, уладальнік клуба “Re:Public” Андрэй Старцаў наадварот кажа, што ў яго ніколі праблем менавіта з пажарнымі інспектарамі не было. З іншымі правяраючымі былі, і неаднаразова, а з гэтымі ― не.

Андрэй Старцаў: “Калі прыходзіць падатковая, ці сангігіена, то там заўжды ведаеш, што яны без штрафу не сыдуць. А з МНС у мяне так склалася, што за тыя пяць гадоў, што мы працуем, яны мне толькі дапамагалі. І калі іх доўга не было, то я сам ім тэлефанаваў і прасіў, каб яны прыйшлі, паглядзелі і накіравалі нас у правільнае рэчышча. Бо народу збіраецца шмат, рознае можа здарыцца…”

Не скардзіцца на мясцовых пажарных з іх праверкамі і уладальнік сеткі харчовых крамаў з Маладзечна Мікалай Апяцёнак. Праўда, удакладняе, што падставы для абурэння зніклі ў яго год таму ― пасля змены кіраўніка ў мясцовых пажарных. “Новы чалавек узначаліў службу і адразу праверак рэгулярных не стала, штрафаў часцяком беспадстаўных”, ― кажа Апяцёнак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі