Праваабаронцы: У Беларусi можна праводзiць выбары без выбарцаў

Праваабаронцы: У Беларусi можна праводзiць выбары без выбарцаў

22 верасня на штогадовай нарадзе БДIПЧ АБСЕ незалежныя грамадскiя кампанii "Праваабаронцы за свабодныя выбары" i "Права выбару-2016" падвялi вынiкi парламенцкай выбарчай кампанii ў Беларусі.

Паводле праваабаронцаў, дэмакратычных выбараў у Беларусi зноў не адбылося, бо засталіся старыя праблемы. Выбаркамы фармавалiся без апазiцыi, ва ўчастковых камiсiях у маштабах усёй краiны было не больш за 5,2% прадстаўнікоў апазiцыi. У Беларусі стваралiся партыi-фантомы (кшталту Спартовай партыі), якiя масава вылучалi сваiх прадстаўнiкоў у выбаркамы. Вялiкай праблемай застаецца датэрмiновае галасаванне, падчас якога выкарыстоўваецца адмiністрацыйны рэсурс: на выбары заганяюцца студэнты.

Больш за 73% незалежных назiральнiкау не маглi бачыць сам працэс падлiку галасоў. Траціна кандыдатаў не стваралi выбарчыя фонды, што сведчыць пра тое, што гэта былi або спарынг-партнёры, якiя здымалiся на карысць уладных кандыдатаў, або сярод іх былi праўладныя, якiя ў сваёй перамозе былi перакананыя настолькi, што не патрабавалi агiтацыi.

Падлiк галасоў больш як у 90% выпадкаў праводзiўся непразрыста — гэты паказчык горшы, чым на мiнулых выбарах.

Экс-кiраўнiца БАЖ Жанна Лiтвiна зазначыла, што падчас кампанii журналiсты не сутыкалiся з вiдавочным пераследам: не было затрыманняў журналiстаў цi канфiскацыi друкаванай прадукцыi. Аднак у дзень галасавання было чатыры спробы блакавання сайтаў. Саму перадвыбарчую кампанiю яна ахарактарызавала як "кампанiю без твару i праграм".

Праваабаронца Алесь Бяляцкi падкрэслiў, што сiтуацыя з правамi чалавека не палепшылася: у краiне ёсць палiтвязнi, i няма гарантыi, што колькасць iх не павялiчыцца блiжэйшым часам. Беларуская ўлада так i не iдзе на адмену смяротнага пакарання, хаця не раз гэта пытанне ўздымаецца на перамовах з афiцыйным Мiнскам на Захадзе. Таму, падсумаваў праваабаронца, сiтуацыя з правамi чалавека застаецца хвалюючай.

Палiтолаг, юрыст Асамблеi НДА Юрый Чавусаў, якi мадэраваў сустрэчу, пажартаваў, што ўпершыню у Беларусi цiкава абмяркоўваць не самі выбары, а iх вынiкi, бо ў парламенце з'явіліся два прадстаўнiкі апазiцыi.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі